Перайсьці да зьместу

Нэвада-тан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Нэвада-тан (Nevada-tan) — імя, якое звычайна выкарыстоўваюць для азначэньня 11-гадовай японскай школьніцы, якая забіла сваю аднаклясьніцу Сатомі Мітараі (Satomi Mitarai). Забойства адбылося 1 чэрвеня 2004 году ў пачатковай школе Сасэба (Нагасакі), калі зламысьніца перарэзала сваёй ахвяры горла і рукі пры дапамозе высоўнага нажа для паперы. Здарэньне атрымала назву «Рэзь у Сасэба», а забойца, сапраўднае імя якой не раскрываецца, стала неўзабаве аб’ектам сеціўнага арту (малюнкі, каляжы і г. д).

Арт-хваля пранеслася ў Сеціве пасьля таго, як была апублікавана фатаграфія дзяўчынкі-забойцы, на якой яна была адлюстравана ў трыкатажным швэдры з надпісам «NEVADA» на грудзёх. Яе сапраўднае імя не называлася, бо паводле японскіх законаў забаронена разгалошаньне імёнаў непаўналетніх злачынцаў, ва ўсіх афіцыйных дакумэнтах яна фігуравала як «Дзяўчынка А».

Забойства адбылося ў пустой клясе, калі ў школе Акуба (Okubo) быў час абеду. «Дзяўчынка А» кінула цела забітай на месцы злачынства і, перапэцканая крывёю, вярнулася ў сваю клясу. Адсутнасьць абедзьвюх дзяўчынак на той час ужо была заўважана. Настаўніца знайшла цела Сатомі Мітараі і выклікала паліцыю.

Пасьля затрыманьня «Дзяўчынка А» прызналася ў зьдзясьненьні забойства і паўтарала паліцыянтам: «Я зрабіла дрэннае», «Прабачце мяне, прабачце». Нагоды для злачынства яна спачатку не тлумачыла. Аднак неўзабаве «Дзяўчынка А» паведаміла, што падставай для ейнай зь Мітараі сваркай сталася камунікаваньне ў Сеціве.

15 верасьня 2004 году «Дзяўчынка А» была асуджана і адпраўлена ў папраўчую калёнію ў прэфэктуры Таксігі (Toxigi).

Псыхалягічны партрэт «Дзяўчынкі А»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зачапіўшыся за інфармацыю пра тое, што Сатомі Мітараі пакідала на сайце «Дзяўчынка А» адмоўныя камэнтары, сьледзтва стала высьвятляць імаверную псыхалягічную падаплёку ўчыненага забойства. Паліцэйскі псыхоляг заявіў, што «Дзяўчынка А» не была душэўнахворай, аднак была ўдзельніцай колькіх жорсткіх інцыдэнтаў: бойкі з аднаклясьніцамі, а за месяц да злачынства — нейкае здарэньне з нажом, характар якога не тлумачыцца (гэта дае падставы сумнявацца ў праўдзівасьці інфармацыі).

Насуперак пагалосцы, што «Дзяўчынка А» мела сындром гікіморы, мэдычныя экспэрты такога дыягназу не паставілі. Яна некалькі аддалілася ад грамадзкага жыцьця (кінула клюбы па інтарэсах), але працягвала займацца спортам, асабліва баскетболам.

Зусім верагодна, што сур’ёзны ўплыў на «Дзяўчынку А» зрабілі пэўныя праявы сеціўнай культуры. Аналітыкі сьцьвярджаюць, што яна захаплялася гарадзкімі легендамі, інтэрнэт-субкультурамі, у тым ліку гуро, а на сваім сайце вывешвала спасылкі на фільмы сумнеўнага зьместу. Сайт утрымліваў і пералік зацікаўленасьцяў «Дзяўчынкі А» ўлучна з «фанфікамі» да яе ўлюбёнага фільма «Каралеўская бітва» (Battle Royale) і дзіўнымі «рэцэптамі», накшталт «Заклёну фіялетавага чэрапа» ці «Дэманічнага мастацтва». Асабліва вялікае ўзьдзеяньне на яе меў старахаморнік «Чырвоны пакой» (Red Room), вакол якога быў збудаваны дызайн сайту.

Наступствы «Рэзі ў Сасэбе»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Забойства спарадзіла ў японскім грамадзтве вострыя дэбаты аб ніжэйшай узроставай плянцы крымінальнай адказнасьці (у 2000 годзе яна ўжо была зьніжана з 16 да 14 гадоў). Таксама былі ўзьнятыя пытаньні аб прысутнасьці дзяцей у Сеціве, інтэрнэт-залежнасьці і сындрома гікіморы ў асяродзьдзі японскіх падлеткаў і моладзі.

Сеціўная папулярнасьць «Дзяўчынкі А»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь не зусім зразумелых прычынаў японскія сеціўныя супольнасьці засяродзіліся на гэтай гісторыі і «ўпадабалі» дзяўчынку. Яе сайт займеў шалёную папулярнасьць. Копіі яе арт-працаў сталі пашырацца ў сеціве, на іх аснове ствараліся новыя. Зьяўляліся песьні прыхільнікаў, напр.: «Ясачка НэВаДа». Трыкатажны швэдар з надпісам «Nevada» стаў найбольш прадаваным таварам інтэрнэт-крамы Нэвадзкага ўнівэрсытэту (улетку 2005 году быў часова выдалены з каталёгу). Дызайнэры, мастакі, фатографы дапаўнялі вобраз «Дзяўчынкі А» рознымі элемэнтамі.

Нэваду-тан зазвычай адлюстроўваюць як дзяўчынку з рудымі кароткімі валасамі, апранутаю ў адпаведны швэдар, з вар’яцкай сьмертаноснай усьмешкай. Яе рэдка ўяўляюць без нажа для паперы ці нейкай падобнай рэчы.

Паступова яе вобраз патрапіў на англамоўныя вэб-рэсурсы, значна пашырыўшы тым самым папулярнасьць Нэвады-тан.

Іншыя ўплывы на масавую культуру

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўстралійскі гурт Love Outside Andromeda, напісаў песьню «Рэзані, дзетка» (Boxcutter, Baby), прысьвечаную сасэбскаму інцыдэнту. У Нямеччыне ёсьць рэп-кор-гурт з назвай Nevada Tan.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]