Нойшванштайн
Каардынаты: 47°33′27.28″ пн. ш. 10°44′58.93″ у. д. / 47.5575778° пн. ш. 10.7497028° у. д.
Замак Нойшванштайн (па-нямецку: Schloß Neuschwanstein [nɔy’ʃvanʃtain], літаральна: «Новы лебядзіны камень») — замак 19 стагодзьдзя каля невялікага гораду Фюсэн і Замка Хоэншвангаў у паўднёва-заходняй частцы Баварыі, непадалёк ад аўстрыйскай мяжы. Замак зьяўляецца збудаваньнем у Баварыі, якое наведваецца і фатаграфуецца часьцей за ўсё.
Будаўніцтва замка пачалося ў 1869 годзе каралём Людвігам II, таксама вядомым пад мянушкай Людвіг Утрапёны. Замак быў спраектаваны Крыстыянам Джанкам, прыдворным архітэктарам Людвіга II. Нойшванштайн разьмешчаны непадалёк ад Замка Хоэншвангаў, які пабудаваў бацька Людвіга II Максыміліян II, і возера Альп-Зэе. За растрачаньне казны на будоўлю Людвіг II быў адхілены ад улады яшчэ да сканчэньня будаўніцтва. Пасьля таямнічай сьмерці Людвіга II у 1886 годзе замак зь выдатным інтэр’ерам быў адкрыты для наведваньня. На вялікай колькасьці карцінаў былі паказаныя сцэны з розных опэраў Рыхарда Вагнэра. Аднак пэўныя пакоі не былі ўпрыгожаныя, толькі аздабленьне 14 пакояў было скончанае да сьмерці Людвіга. Тым ня менш, цалкам адкрыты для турыстаў ён быў толькі 3,5—4 гады пазьней, калі былі дабудаваныя пэўныя вонкавыя часткі.
У інтэр’ерах замка галоўную ролю выконваюць выявы да опэраў Вагнэра і старых нямецкіх легендаў. Лебядзіны матыў — тое, чым пранізаная ўся архітэктура замка і мастацкія ўпрыгожаньні. Лебедзь — геральдычная птушка старога роду графаў Швангаў — пераемнікам гэтага роду лічыў сябе бацька Людвіга, Максыміліян II Баварскі.
Напрыканцы Другой сусьветнай вайны частка золата Рэйхсбанка захоўвалася ў замку. У апошнія дні вайны золата было вывезенае ў невядомым кірунку. Паводле чутак, яно было затопленае ў бліжэйшым возеры Алат. У замку таксама захоўваліся скрадзеныя каштоўнасьці, карціны, мэбля, якія прызначаліся для асабістай калекцыі Гітлера.
На Нойшванштайн адкрываецца цудоўны від з бліжэйшага мосту Marienbrücke.
Культурныя алюзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Замак зрабіўся крыніцай натхненьня пры будаўніцтве замка Сьпячай Прыгажуні ў парыскім Дыснэйлэндзе. Аднак не зусім правільна лічыць, што ён быў узяты за аснову замка Золушкі ў іншых Дыснэйлэндах. Для іх выкарыстоўваўся францускі замак Шато Дзюсэ(па-француску: Château d'Ussé).[1][2]
- Нойшванштайн таксама паказаны ў фільме 1968 году Chitty Chitty Bang Bang як замак прыдуманай зямлі Вулгарыі.
- Відам Нойшванштайна быў захоплены Чайкоўскі — і менавіта тут па меркаваньнях гісторыкаў у яго зьявілася задума балета «Лебядзінае возера».
Зноскі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Le Chateau d'Usse (анг.)
- ^ Le Chateau de la Belle au Bois Dormant (анг.) (ням.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нойшванштайн — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйны сайт (анг.) (ням.) (фр.) (італ.) (гішп.)
- Фатаздымкі замка (анг.)
- Фатаздымкі замка Нойшванштайн на http://www.flickr.com