Нацыянальная галерэя (Парма)
Нацыянальная галерэя Пармы | |
Galleria nazionale di Parma | |
Парадныя сходы Галерэі | |
Месцазнаходжаньне | Парма, Італія |
---|---|
Адрас | П’яца дэль Пілёта, 6 |
Тэматыка калекцыі | жывапіс, скульптура, археалёгія |
Наведнікаў | |
Створаны | 1760 г. |
Адкрыты | 1760 |
Заснавальнік | Філіп I, герцаг Пармскі[d] |
Геаграфічныя каардынаты | 44°48′18″ пн. ш. 10°19′35″ у. д. / 44.805° пн. ш. 10.32639° у. д.Каардынаты: 44°48′18″ пн. ш. 10°19′35″ у. д. / 44.805° пн. ш. 10.32639° у. д. |
Нацыянальная галерэя Пармы | |
Афіцыйная бачына |
Нацыяна́льная галерэ́я Па́рмы (па-італьянску: Galleria nazionale di Parma) — невялікая карцінная галерэя ў месьце Парма (Італія) са статусам нацыянальнай. Месьціцца ў палацы дэля Пілёта па адрасе П’яца дэль Пілёта, 6.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Значэньне невялічкага мястэчка Парма значна падвысілася ў XVI стагодзьдзі. Уладу над местам спачатку перахапілі Сфорцы, а потым воі Францыі. Але ў 1521 аб’яднаныя аддзелы армій папы рымскага і гішпанцаў пасьля трохдзённае блякады перамаглі францускае войска і вызвалілі места ад іншаземцаў. У 1545 папа Павал III (Алясандра Фарнэзэ) стварае герцагства Парма і перадае ўладу ў ім незаконна народжанаму сыну П’еру Люіджы Фарнэзэ. Род Фарнэзэ панавацьме ў краі да 1731 року, ператварыўшы Парму на маленькую італійскую сталіцу. Заможная сям’я Фарнэзэ клапацілася пра ўласны прэстыж і вітала мастацтва як найкарацейшы шлях да гэтага.
У сярэдзіне XVI стагодзьдзя Парма стала важным асяродкам італійскага маньерызму разам з такімі значнымі яго цэнтрамі, як Рым і Флярэнцыя. Яшчэ ў пераходны пэрыяд ад Высокага Адраджэньня да маньерызму ў Парме працаваў «геніяльны правінцыял» Антоніё Алегры, больш вядомы як Карэджа (1489—1534). Ён працаваў над фрэскамі ў манастыры Сан Паоля(it), у царкве Сан Джаваньні Эванджэліста і над аздобаю катэдральнага сабору места. Сьценапісы ў купале сабору стануць школаю для шматлікіх майстроў будучага стылю барока. Маладзейшым сучасьнікам Карэджа быў і таленавіты Парміджаніна (1503—1540). Справу рана памерлага мастака працягнуў пармскі маньерыст Джыраляма Мацола Бэдолі, што ўжо працаваў на замовы Фарнэзэ.
Выкарыстоўваючы ўласную ўладу, род Фарнэзэ даваў замовы і праслаўленаму Тыцыяну, створаныя якім партрэты прадстаўнікоў сям’і стануць зьяваю ў італьянскім мастацтве XVI стагодзьдзя. Усё гэта спрыяла назапашваньню твораў мастацтва ў Парме і рымскіх палацах Фарнэзэ. Выгадныя шлюбы зьвяжуць Фарнэзэ з каралеўскім родам Бурбонаў.
У 1734 року, аднак, кароль Гішпаніі Карляс III вывез большасьць твораў у Нэапаль; частку збораў удалося пакінуць дзякуючы заступніцтву герцага Пармскага Філіпа. Папоўніць калекцыю дапамог герцаг Фэрдынанд, які ў 1758 року перадаў частку ўласных збораў.
Значнаю старонкаю культурнага і музэйнага жыцьця Італіі стаў вываз у 1786—1788 рр. у Нэапаль з Рыму маёмасьці Елізаветы Фарнэзэ, роднае бабкі караля Фэрдынанда IV, не зважаючы на пратэсты і супраціў папы рымскага Піюса VI. Сярод перавезенага былі значныя мастацкія скарбы ў выглядзе карцін работы вядомых мастакоў Італіі XVI—XVIII стагодзьдзяў і мармуровая скульптура эпохі антычнасьці. Найлепшая частка мастацкіх скарбаў Фарнэзэ была перавезеная ў Нэапаль, меншая — у Парму.
За часам францускай акупацыі места войскамі Напалеона (1803—1814) герцагства было ліквідаванае, правінцыя ператвораная на францускі дэпартамэнт, а творы мастацтва вывезеныя ў Парыж. Пасьля ліквідацыі францускай імпэрыі яны былі вернутыя ў Парму ў 1816. У XIX стагодзьдзі да музэйных збораў дадаліся артэфакты з раскопак і дарункі мэцэнатаў. Галерэя таксама дэманструе фрэскі XVI стагодзьдзя, якія зь меркаваньняў бясьпекі зьнялі са сьценаў цэркваў і сабору места. Значнае месца ў зборы займаюць партрэты прадстаўнікоў роду Фарнэзэ.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Фра Бэата Анджэліка. «Мадонна зь немаўлём»
-
Карэджа. Рэшткі фрэскі «Мадонна зь немаўлём»
-
Карэджа. «Мадонна зь немаўлём, сьвятым Ераміем і Марыяй Магдаленай»
-
Чыма да Канэльяна. «Багародзіца на стальцы, арханёл Міхаіл ды Андрэй Першазванны»
-
Барталямэо Скядоні. «Пакладаньне Хрыста ў труну»
-
Карэджа. «Аплакваньне Хрыста»
-
Паолё Вэнэцыяна. Алтар Партабле, 1324 рок
-
Ян Сёнс. «Стварэньне Адама»
-
Карэджа. «Мучаніцтва чатырох сьвятых»
-
Люіджы Маркезі. «П’яца ды Парма»
-
Бэрнарда Бялёта. «Фантазыйны краявід з Калізэем»
-
Б’яджа Мартыні. «П’яца дэль Дуома ў Парме»
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Тэатар Фарнэзэ, Парма
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальная галерэя (Парма) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйная бачына (італ.)