Перайсьці да зьместу

Міхаіл Стакун

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхаіл Стакун
Старшыня ЦВК Беларускай ССР
7 ліпеня 1937 — 12 лістапада 1937
Папярэднік Аляксандар Чарвякоў
Наступнік Нічыпар Наталевіч
1-ы сакратар Гомельскага гарадзкога камітэту КП(б)Б
чэрвень 1936 — 1937
Папярэднік пасада заснаваная
Наступнік Емяльян Барыкін
1-ы сакратар Усходне-Казахстанскага абласнога камітэту ВКП(б)
1932 — верасень 1934
Папярэднік пасада заснаваная
Наступнік Саул Сьвярдлоў
Адказны сакратар Стаўрапольскага акруговага камітэту ВКП(б)
1927 — 1929
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся1893
в. Нідзяны, Віленскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр27 красавіка 1943
Тамбоў, РСФСР
Партыя

Міхаі́л Во́сіпавіч Стаку́н (1893, Нідзяны, Віленскі павет, Віленская губэрня, цяпер Астравецкі раён, Гарадзенская вобласьць — 27 красавіка 1943, Тамбоў, РСФСР) — савецкі партыйны й дзяржаўны дзеяч.

З 1909 працаваў рабочым на заводах Санкт-Пецярбургу, Рыгі, Рэвеля. У 1912 уступіў у РСДРП(б). За ўдзел у рэвалюцыйным руху неаднаразова арыштаваны. Са студзеня 1917 у імпэрскай арміі. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі адзін з арганізатараў Чырвонай гвардыі, чалец выканкаму Выбарскага райсавету ў Петраградзе. З 1918 на гаспадарчай, з 1924 на партыйнай рабоце. У 1931 скончыў курсы марксізму-ленінізму пры ЦК ВКП(б). Са студзеня 1935 упаўнаважаны Наркамату харчовай прамысловасьці СССР пры СНК БССР, з чэрвеня 1935 1-ы сакратар Гомельскага гаркому КП(б)Б і чалец ЦК КП(б)Б. На гэтай пасадзе актыўна ўдзельнічаў у барацьбе з «ворагамі народу». Выступаючы на XVI зьезьдзе КП(б)Б падчас абвінавачваньняў супраць Старшыні ЦВК БССР А. Чарвякова, ён сказаў:

« Лічу, што зьезд партыі ня можа прайсьці так спакойна міма фігуры тав. Чарвякова… Калі тав. Чарвякоў будзе паводзіць сябе такім чынам, калі ён будзе ў барацьбе за справу нашай партыі, за чысьціню яе шэрагаў, за выкрыцьцё ворагаў стаяць у баку, мы ня можам цярпець таварыша Чарвякова »

З 7 ліпеня па 13 лістапада 1937 дэ-юрэ Старшыня ЦВК БССР. Фактычна быў абраны на XVI зьезьдзе КП(б)Б чальцом Бюро ЦК КПБ(б)Б як старшыня ЦВК БССР. 25 кастрычніка Пленум ЦК КП(б)Б вывеў М. Стакуна з чальцоў Бюро ЦК і чальцоў ЦК КП(б)Б і зьняў з пасады Старшыні ЦВК БССР у сувязі зь яго арыштам (да 25 кастрычніка).

Прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці за «антысавецкую дзейнасьць». Некалькі гадоў ён знаходзіўся ў турме, дзе падвяргаўся катаваньням. На судзе Вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР

« усе падсудныя мелі страшны выгляд: абарваныя, няголеныя, змардаваныя. Цяжка было нават пазнаць сваіх ранейшых таварышаў па працы.

Побач са мной апынуліся Стакун і Ананьеў. Міхаіл Восіпавіч Стакун ня мог казаць: у грудзях у яго булькатала, дыхаў ён часта і цяжка, хапаючы ротам паветра. Ён сказаў мне, што ўнутры ўсё ў яго пашкоджана зьбіцьцём. Але вінаватым сябе ён не прызнаў, катаваньні й зьдзекі сьледчых вытрымаў…

У канцы дня быў ​​абвешчаны прысуд. Пяць ці шэсьць чалавек суд апраўдаў. У тым ліку быў цалкам апраўданы Міхаіл Восіпавіч Стакун…

»

[1]

27—29 траўня 1940 Вайсковая калегія Вярхоўнага суду СССР вынесла М. Стакуну апраўдальны прыгавор, аднак пленум Вярхоўнага суду СССР 29 ліпеня 1940 яго скасаваў. Справа была спыненая ў сувязі са сьмерцю Стакуна ў турме г. Тамбова. У 1954 годзе быў рэабілітаваны.

Крыніцы й заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Ковалев, А. Ф. Колокол мой — правда А. Ф. Ковалев. Забыть не дано А. Майсеня. — Мн.: Беларусь, 1989. — 240 с.
  • Иоффе, Э. Г. От Мясникова до Малофеева: кто руководил БССР / Э. Г. Иоффе. — Мн.: Беларусь, 2008. — 287 с. — С. 179—181. — ISBN 978-985-01-0803-6
  • Фалей, Я. Стакун Міхаіл Восіпавіч / Яўгенія Фалей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6: У 2 кн. Кн. 1: Пузыны — Усая / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. – С. 395. — ISBN 985-11-0214-8.