Мікола Шчаглоў
Мікола Шчаглоў-Куліковіч | |
Дата нараджэньня | 4 красавіка 1893 |
---|---|
Месца нараджэньня | Смаленшчына |
Дата сьмерці | 31 сакавіка 1969 |
Месца сьмерці | Чыкага |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Прафэсія | кампазытар, музыколяг |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларускае культурнае згуртаваньне |
Дзеці | Натальля Кушаль[d] |
Міко́ла Шчагло́ў-Куліко́віч (4 красавіка 1893, Смаленшчына — 31 сакавіка 1969, Чыкага, ЗША) — беларускі кампазытар, музыколяг.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся на беларускай Смаленшчыне. Рана застаўся сіратой, часта гасьцяваў у цёткі, што была ігуменьняй жаночага манастыра ў Цьвяры. Там хлопчык пачаў сьпяваць у хоры і хутка зьвярнуў на сябе ўвагу выкладчыкаў Маскоўскай сынадальнай музычнай вучэльні, што шукалі на правінцыі здольных музыкаў.
Скончыў Маскоўскую кансэрваторыю.
Зьявіўшыся ў 1936-м у Менску, стаў адным з арганізатараў Опэрнага тэатру і дырыгентам яго сымфанічнага аркестру. Працаваў рэдактарам на беларускім радыё. У 1940 да дэкады беларускага мастацва ў Маскве напісаў кантату «Сталін».
Да пачатку Другой сусьветнай вайны ён быў ужо вядомым кампазытарам. Застаўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1944 узначаліў музычны аддзел Беларускага культурнага згуртаваньня. На лібрэта Натальлі Арсеньневай напісаў дзьве опэры: лірычна-рамантычную «Лясное возера» і гістарычную «Ўсяслаў Чарадзей», а таксама апэрэту «Ў вырай». З музыкаю Шчаглова ў Менскім драматычным тэатры быў пастаўлены спэктакль «Затонуты звон» паводле п’есы Г. Гаўптмана і рыхтаваўся «Кастусь Каліноўскі» А. Міровіча, які забараніла нямецкая цэнзура.
Зьяжджае на захад пад час наступу Савецкага войска. На эміграцыі працягвае натхнёна служыць сваёй музе. У 1946-м арганізуе вандроўны беларускі тэатар эстрады, які аб’ехаў з канцэртамі ўсю Заходнюю Нямеччыну. У гэты час стварае музыку да Сьвятой літургіі. Жывучы ад 1950 году ў ЗША, ён выдаў пяць зборнікаў з апрацоўкамі народнага мэлясу і ўласнымі песьнямі, у ліку якіх «Беларусь, наша маці-Краіна» і «Ў гушчарах» на вершы Натальлі Арсеньневай, «Пагоня» Максіма Багдановіча.
Асабісты архіў захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане.