Перайсьці да зьместу

Мікалай Казакоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Пятровіч Казакоў
Николай Петрович Казаков
13 жніўня 1953(1953-08-13)11 красавіка 1991(1991-04-11) (37 гадоў)
Помнік з хваста самалёта на месцы гібелі Мікалая Казакова
Месца нараджэньня
Месца сьмерці
Прыналежнасьць СССР
Род войскаў авіяцыя
Гады службы да 1991
Званьне падпалкоўнік
Частка 206-ы ашап 26-й паветранай арміі (БВА)
Узнагароды
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі

Мікала́й Пятро́віч Казако́ў (13 жніўня 1953, бухта Мелкаводная(d), цяпер у Прыморскім краі Расеі — 11 красавіка 1991, Ружанская пушча, Пружанскі раён Берасьцейскай вобласьці) — савецкі вайсковы лётчык першае клясы, падпалкоўнік, удзельнік вайны ў Аўганістане.

У 1956 року пасьля закрыцьця саўгасу «Зорачка» ў Лазоўскім раёне бацькі пераехалі ў пасёлак Праабражэньне(d). Тут Мікалай Казакоў скончыў сярэднюю школу, пасьля працаваў вучнем электрасьлесара на суднарамонтным заводзе Праабражэнскай базы тралавага флёту[2].

Паступіў у Качынскую вышэйшую вайсковую авіяцыйную вучэльню лётчыкаў (скончыў у 1975), вайсковую службу праходзіў у авіяцыі.

Пасьпяхова прайшоў усе неабходныя выпрабаваньні і паступіў у атрад касманаўтаў, аднак даведаўшыся, што ягоны авіяцыйны полк накіраваны ў Аўганістан, падаў рапарт на адлічэньне дзеля службы ў родным палку. За час знаходжаньня ў Аўганістане Мікалай Казакоў зьдзейсьніў 157 баявых вылетаў, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонае Зоркі.

За 20-гадовы тэрмін службы засвоіў пілятаваньне шасьці тыпаў самалётаў: Ан-2, Л-29, Л-39, МіГ-15, МіГ-21 і Су-25. Зьдзейсьніў 3873 палёты агульнай працягласьцю 2150 гадзін, дасканала выконваў фігуры вышэйшага пілятажу: гарызантальную бочку, пераварот, пятлю Несьцерава.

11 красавіка 1991 року камандзір 1-й эскадрыльлі 206-га асобнага штурмавога авіяпалку 26-й паветранай арміі БВА[3] падпалкоўнік Мікалай Казакоў на сваім летаку Су-25 (бартавы нумар 401) выконваў трэніровачны палёт. Пасьля пуску ракет па наземных мэтах на Ружанскім палігоне не спрацавалі супрацьпампажныя сыстэмы рухавікоў самалёту. Пілёт не катапультаваўся, да апошняга намагаючыся ўратаваць машыну, а пасьля цывільнае насельніцтва. Пераляцеўшы празь вёску Клепачы, аб 11:42 самалёт рухнуў у Ружанскай пушчы за 300 м ад населенага пункту.

Пахаваны на могілках у мястэчку Праабражэньне Прыморскага краю (Расея).

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

На месцы гібелі пілёта ў Ружанскай пушчы ўсталяваны помнік з хваста самалёта[4].

У Праабражэньні імя Мікалая Казакова носіць сярэдняя школа №10[2][5]. Шторок 11 красавіка ў Музэі гісторыі Праабражэнскай базы тралавага флёту ладзіцца Дзень памяці Мікалая Казакова.

Маці Марыя Фёдараўна і брат Леанід жывуць у пасёлку Праабражэньне. Дачка Яўгенія скончыла вайсковую акадэмію і працуе вайсковай юрысткай.

  1. Полёт в вечность, Палёт у вечнасьць — 2021.
  2. 1 2 Пресс-служба ПАО „Преображенская база тралового флота“. (11 красавіка 2019) Преображенцы чтут память героя-земляка Казакова Н. П. (рас.). Преображенская база тралового флота. Праверана 10 красавіка 2024 г.
  3. 201-й авиационный полигон „Ружанский“ (рас.) Всё о Ружанах Праверана 10 красавіка 2024 г.
  4. Памятный знак Казакову Николаю Петровичу (рас.) Белорусский авиадневник Праверана 10 красавіка 2024 г.
  5. Нашей школе исполнилось 50 лет (рас.). Преображенская средняя общеобразовательная школа № 10. Праверана 10 красавіка 2024 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]