Марыянскі жолаб
Назва арыгінальнай мовай | Mariana Trench |
---|---|
Названа ў гонар | Марыянскія астравы |
Краіна | без значэньня, Злучаныя Штаты Амэрыкі |
Адміністрацыйная адзінка | Паўночныя Марыянскія астравы |
Знаходзіцца на беразе | Паўночны Ціхі акіян |
Геаграфічныя каардынаты | 11°21′0″N 142°12′0″E |
Найніжэйшы пункт | Challenger Deep |
Марыя́нскі жо́лаб або Марыя́нская запа́дзіна — найглыбейшы акіянічны жолаб на Зямлі. Знаходзіцца ў заходнім Ціхім акіяне за 200 км на ўсход ад Марыянскіх астравоў. Адкрыты ў 1875 року брытанскай экспэдыцыяй караблю «Чэленджэр».
Найглыбейшы пункт Марыянскага жолабу — «Прорва Чэленджэра» глыбінёй 10 984 м. Яна знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы западзіны, за 340 км на паўднёвы захад ад вострава Гуаму (каардынаты: 11°22.4′ пн. ш. 142°35.5′ у. д. / 11.3733° пн. ш. 142.5917° у. д.). На дне жолабу ціск воднага слупу дасягае 1086 бараў, што больш як у 1071 раз за нармальны атмасфэрны ціск на ўзроўні мора.
У 2009 року Марыянскі жолаб стаў Нацыянальным помнікам ЗША[1].
Этымалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Марыянскі жолаб атрымаў назву паводле суседніх Марыянскіх астравоў, якія ў сваю чаргу названыя ў гонар гішпанскай каралевы Марыяны Аўстрыйскай, удавы Філіп IV).
Геалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Марыянскі жолаб зьяўляецца часткай субдукцыйнай Ідзу-Бонін-Марыянскай сыстэмы(en), якая ўтварае мяжу між дзьвюмя тэктанічнымі плітамі. Адна зь іх, Ціхаакіянская пліта, з заходняга краю апускаецца пад меншую Марыянскую пліту, разьмешчаную на захадзе. Найглыбейшае месца на сутыку плітаў і ёсьць Марыянскім жолабам.
Даўжыня жолабу ўздоўж Марыянскіх астравоў — 2550 км, шырыня — 69 км. Жолаб мае V-падобны профіль, крутыя схілы (7—9°), плоскае дно шырынёю 1—5 км. На дне жолабу ціск воднага слупу дасягае 1086 бараў, што больш як у 1071 раз за нармальны атмасфэрны ціск на ўзроўні мора. Пры такім ціску шчыльнасьць вады большая на 4,96%. Тэмпэратура вады на дне складае 1—4 °C.
Вывучэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Западзіна ўпершыню была рэхазандаваная экспэдыцыяй «Чэленджэра» ў 1875 року; з дапамогай вяроўкі глыбіня была вымераная ў 4475 марскіх сажняў (8184 мэтры)[2]. У 1877 року была надрукаваная «Глыбінная мапа Вялікіх акіянаў» (ням. Tiefenkarte des Grossen Ozeans), дзе выяўленая западзіна была названай «Прорвай Чэленджэра» (ням. Challenger Tief).
У 1899 року карабель ВМФ ЗША «Nero» ўдакладніў глыбіню западзіны ў 5269 марскіх сажняў (9636 м)[3]. У 1951 року «Чэленджэр II» дасьледаваў западзіну з дапамогай дакладнейшага гукасканаваньня і вылічыў максымальную глыбіню Прорвы Чэленджэра ў 5960 марскіх сажняў (10 900 м)[4]. У 1957 року савецкі карабель «Віцязь» вымераў глыбіню Марыянскай западзіны роўнай 11 034 м[5].
У 1962 року карабель «Спэнсэр Ф. Бэйрд» вылічыў максымальную глыбіню ў 10 915 м.
У 1984 року японская навуковая судзіна «Такуё» з дапамогай вузканакіраванага шматпрамянёвага рэхазонду вызначыла максымальную глыбіню западзіны ў 10 924 м. 24 сакавіка 1995 року дыстанцыйна кіраваны падводны апарат «Кайко» апусьціўся ў Марыянскі жолаб на 10 911 м[6].
У 1997—2001 былі праведзеныя дасьледаваньні, якія выявілі ў Марыянскай западзіне яшчэ адну прорву блізкай да Прорвы Чэленджэра глыбіні[7]. Першапачаткова яна атрымала назву ў гонар групы дасьледчыкаў з унівэрсытэту Гаваяў, што адкрылі яе; цяпер яна мае назву Прорвы Сырэны.
1 чэрвеня 2009 року рэхалякацыйнае абсталяваньне на караблі «Кіла Маана» вызначыла глыбіню Марыянскага жолабу ў 10 971 м.
Спускі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы спуск у Марыянскі жолаб быў зьдзейсьнены батыскафам «Трыест» ВМФ ЗША з 2 людзьмі на борце, якія 23 студзеня 1960 року дасягнулі дна на глыбіні 10 916 м[4]. Наступныя спускі былі зьдзейсьненыя бесьпілётнымі апаратамі — японскім «Кайко» ў 1996 року і амэрыканскім «Нэрэўсам» у 2009. Усе яны падалі прыкладна аднолькавыя паказьнікі глыбіні — паміж 10 902 і 10 916 м. Чацьвертым спусьціўся ў Марыянскі жолаб канадзкі кінарэжысэр Джэймз Кэмэран, які 26 сакавіка 2012 року дасягнуў глыбіні 10 908 м.
У ліпені 2015 року дасьледчыкі з Унівэрсытэту штату Арэгону апусьцілі ў Прорву Чэленджэра гідрафон, здольны вытрымліваць ціск на глыбіні 7 міляў. Ён знаходзіўся пад вадой некалькі месяцаў і запісаў гукі землятрусаў, тайфунаў, вусатых кітоў, а таксама чалавечых судзінаў ды інш[8].
У красавіку і траўні 2019 року дна Прорвы Чэленджэра дасягнуў амэрыканец Віктар Вэскова, які ня толькі ўсталяваў рэкорд глыбіні (10 927 м)[9][10], але і стаў першай асобай, што спускалася ў Марыянскі жолаб двойчы.
7 чэрвеня 2020 року на дно Прорвы Чэленджэра (10 915 м) апусьцілася колішняя астранаўтка НАСА Кэтрын Саліван(en), якая стала першай жанчынай у Марыянскім жолабе[11].
Жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Экспэдыцыя 1960 року выявіла на дне Марыянскага жолабу даволі вялікія віды жывёлаў, напрыклад камбалу памерамі да 30 см і крыветкі. Цяпер навукоўцы ставяць пад сумнеў гэтыя вынікі, лічачы, што хутчэй за ўсё навігатары пераблыталі камбалу з марскім агурком. Ва ўзорах грунту, сабранага японскім зондам «Кайко» на дне жолабу, былі знойдзеныя маленькія арганізмы.
У 2011 року ў жолаб былі спушчаныя відэакамэры, якія запісалі прысутнасьць у глыбінях, апроч іншага, гіганцкіх аднавузавых амёбаў памерам больш за 4 см з клясу Monothalamea[12]. У 2014 року на глыбіні 8145 м былі выяўленыя новыя віды ліпарысавых — рэкорд глыбіні для рыбаў. Таксама былі зьнятыя гіганцкія ракападобныя[13].
Засьмечваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2016 року навуковая экспэдыцыя дасьледавала хімічны склад драпежных ракападобных, сабраных на глыбінях ад 7841 да 10 250 м. У арганізмах былі выяўленыя экстрэмальна высокія канцэнтрацыі поліхлёраванага біфэнілу — таксычнага рэчыва, забароненага ў 1970-х роках з прычыны шкоднасьці да вакольнага асяродзьдзя. Далейшыя дасьледаваньні паказалі, што бакаплавы таксама паглынаюць мікраплястыкі — у 100 % экзэмпляраў у арганізмах прысутнічаў прынамсі адзін кавалак сынтэтычнага матэрыялу.
У 2019 року Віктар Вэскова выявіў на дне западзіны плястыкавы пакунак і абгорткі ад цукерак[10]. У тым жа годзе часопіс «Scientific American» паведаміў пра тое, што ў целах жывёлаў, якія жывуць у Марыянскім жолабе, знойдзены вуглярод-14, утвораны ў выніку ядзерных выпрабаваньняў[14].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ About the Monument (анг.) Mariana Trench. U.S. Fish and Wildlife Service. Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ The Mariana Trench (анг.) Deep Sea Challenge. National Geographic. Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Theberge, Albert E. (24 сакавіка 2009) Thirty Years of Discovering the Mariana Trench (анг.) Hydro International Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б The Mariana Trench — Exploration — Part 1 (анг.) Mariana Trench Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Mariana Trench (анг.) Encyclopædia Britannica Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Nobuhiko Watanabe, Hiroaki Noda, Kenji Takahashi, Shinji Ishiguro, Kiyoshi Hirokawa. Development and Construction of Launcher System of 10000m‐Class Remotely Operated Vehicle "KAIKO" (яп.). Mitsubishi Heavy Industries Group. Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Whitehouse, David (16 ліпеня 2003) Sea floor survey reveals deep hole (анг.) BBC News Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Chappell, Bill (4 сакавіка 2016) Deep-Sea Audio Recordings Reveal A Noisy Mariana Trench, Surprising Scientists (анг.). National Public Radio. Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Thomson Reuters. (14 траўня 2019) A man took a submarine to the deepest place on Earth — and found trash (анг.) World. CBC/Radio-Canada. Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б Street, Francesca (14 траўня 2019) Deepest ever dive finds 'plastic bag' at bottom of Mariana Trench (анг.) CNN Travel. Cable News Network. Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Astronaut Kathy Sullivan is first woman to dive to Challenger Deep (анг.) collectSPACE Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Live Science Staff. (21 кастрычніка 2011) Giant Amoebas Discovered in Deepest Ocean Trench (анг.) Live Science Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Morelle, Rebecca (19 сьнежня 2014) New record for deepest fish (анг.) Science & Environment. BBC News. Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Levy, Adam (15 траўня 2019) “Bomb Carbon” Has Been Found in Deep-Ocean Creatures (анг.). Scientific American. Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Фільм Джэймза Кэмэрана(недаступная спасылка)
- Фільм пра спуск батыскафу «Трыест»
- Як выглядае падарожжа ў Марыянскі жолаб? на YouTube