Мальмбанан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мапа Мальмбанан (Руднай чыгункі)

Мальмба́нан (па-швэдзку: Malmbanan — даслоўна: Рудная чыгунка) — самая паўночная заходнеэўрапейская чыгуначная лінія. Праходзіць ад гораду Люлеа (Швэцыя) на ўзьбярэжжы Батнічнага заліву праз Мальмбэргет і Кіруну, якія спэцыялізуюцца на здабычы жалезнай руды, да нарвэскага порту Нарвік. Нарвэскі ўчастак дарогі таксама называюць Уфутбанэн (па-нарвэску: Ofotbanen).

Распрацоўка буйнейшага ў сьвеце радовішча жалезнай руды паблізу Кіруны патрабавала добрай транспартнай сувязі з марскім портам. Будаўніцтва чыгункі пачалося ў XIX стагодзьдзі, вялося брытанскімі кампаніямі і было спалучана з сур’ёзнымі тэхнічнымі і эканамічнымі цяжкасьцямі, у т.л. банкруцтвам падрадчыкаў і кіруючых кампаніяў. Да 1888 году пабудавалі толькі ўчастак ад Кіруны да Еліварэ, а да канца XIX ст. — да Люлеа. З прычыны вялікай адлегласьці Люлеа ад партоў краінаў буйнейшых спажыўцоў жалезнай руды, а таксама замярзаньня гэтага порту ўзімку, гэтага было недастаткова для пасьпяховага разьвіцьця. Таму да пачатку XX стагодзьдзя за будаўніцтва ўчастку, які злучаў Кіруну і Нарвік, узяўся швэдзкі ўрад. Да 14 ліпеня 1903 году ўчастак Кіруна-Нарвік быў афіцыйна адкрыты швэдзкім каралём Оскарам II. У 1915—1923 гадах Мальмбанан была электрыфікавана.