Перайсьці да зьместу

Лідзія Язерская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лідзія Язерская
Дата нараджэньня 27 траўня 1866(1866-05-27)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 30 верасьня 1915(1915-09-30) (49 гадоў)
Месца сьмерці
Занятак stomatologist

Лідзія Паўлаўна Язерская, у дзявоцтве Казановіч (1866, Магілёў, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя — 30 верасьня 1915, Якуцк, Якуцкая вобласьць, Расейская імпэрыя) — рэвалюцыянэрка.

Нарадзілася ў сям’і заможнага землеўласьніка. Яе маці, баранэса Меендорф, рана памерла і дзяўчынку выхоўвала родная цётка. Спачатку вучылася ў Магілёўскай жаночай гімназіі, а затым бацька перавёз яе ў Менск на Падгорную вуліцу (цяпер вул. Карла Маркса, 29) і ўладкаваў вучыцца ў жаночую Марыінскую гімназію. Там Ліда далучылася да кружка «польскай групы» Народнай волі. Як успамінаў Адам Ягоравіч Багдановіч «польская яна, у сапраўднасьці, была па хатняй мове. Паміж іншым, шматлікія сябры гэтай групы лепш гаварылі па-расейску, чым па-польску, бо атрымалі адукацыю ў расейскіх школах. Гэтая група ў большасьці складалася са студэнтаў. Да іх жа прымыкалі „клясная дама“ гімназіі Жазэфіна Грапава, па мужы Сіцінская, гімназістка Казановіч…»

З часам Лідзія выходзіць замуж за заможнага магілёўскага шляхціца Сьцяпана Венядзіктавіча Язерскага. Як паведамляў 12 траўня 1879 г. Міністру ўнутраных справаў Магілёўскі губэрнатар Дэмбавецкі «Гэтая асоба, яшчэ выхаванцам вучэльні правазнаўства, была выключаная з Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту за студэнцкія беспарадкі 1868 г. і ў красавіку 1868 г. высланая ў Магілёў пад нагляд паліцыі…» На кватэры Язерскага вісела таблічка «Брат Сьцяпан». У гэтую кватэру мог зайсьці кожны, ня просячы дазволу гаспадара, і пераначаваць. Язерскі ўтрымоўваў малочную і садовую фэрму, якую вёў на навуковай аснове. Усе прыбыткі ад фэрмы сыходзілі на дапамогу беднякам і рэвалюцыйным арганізацыям. Сьцяпан меў вялікі ўплыў на магілёўскую моладзь. Ён зьбіраў вечарынкі, арганізоўваў калектыўныя паездкі па Дняпры, дзе гучалі песьні: «Дубинушка», «Есть на Волге утес», «Замучен тяжелой неволей». Актыўным памагатым яму стала ягоная маладая жонка.

Неўзабаве пакінуўшы маленькага сына ў Магілёве, Лідзія Язерская зьяжджае ў Пецярбург і паступае на зубалячэбныя курсы пры Ваенна-мэдыцынскай акадэміі. Пасьля заканчэньня курсаў яна адчыняе свой зубалячэбны кабінэт.

У 1904 г. пераехала зь Пецярбургу ў Маскву, дзе таксама адчыніла зубалячэбны кабінэт і стала займацца літаратурнай творчасьцю. Уступіла ў Сялянскі Саюз партыі сацыял-рэвалюцыянэраў.

29 студзеня 1904 г. была арыштаваная па справе Серафімы Клітчаглу, якая рыхтавала замах на Міністра ўнутраных справаў Плеве. Разам зь ёй на яе кватэры быў арыштаваны ўраджэнец Віцебшчыны Г. Р. Рыўкін, аўтар песьні «Расстрел коммунаров» і студэнт Крульбюгель. Яна праседзела ў Таганскай турме больш за год, а затым 30 сакавіка 1905 г. была Судовай палатай прысуджаная да 1 году і 3 месяцаў турмы з залікам папярэдняга зьняволеньня.

Па вызваленьні з турмы яна зьехала ў Магілёў, дзе пачала жыць замкнёна, прымаючы ўдзел у дзейнасьці эсэраў. У гэты час губэрнатарам Магілёўскай губэрні быў прызначаны, як пісала газэта «Искра», «кат Вяткі і Вяцкай губэрні», барон Клінгенберг. Чакаліся габрэйскія пагромы. Для арганізацыі тэрарыстычнага акту на «Крывавага Кліна» ў Магілёў прыехала некалькіх чальцоў баявой дружыны сацыял-рэвалюцыянэраў.

17 жніўня 1905 г. Ізраіль Брыльён кінуў бомбу ў Клінгенберга, але няўдала. 29 кастрычніка 1905 г. Лідзія Язерская, пад прозьвішчам баранэсы Меендорф, прыйшла да Клінгенберга на прыём і тройчы стрэліла па ім з браўнінгу, параніўшы ў жывот ды руку. 7 сакавіка 1906 г. па прысудзе Кіеўскай судовай палаты яе прысудзілі «за наўмысны замах на забойства» да 13 гадаў і 6 месяцаў катаргі.

Неўзабаве яе адправілі ў Бутырку, а адтуль на Нерчынскую катаргу ў Акатуй, праз 10 месяцаў ў 1907 г. была пераведзеная ў Мальцаўскую жаночую катаржную турму.

У 1908 г. прайшла праз «багадульскую» (інвалідную) камісію, якая скараціла ёй тэрмін катаргі ды 25 верасьня 1909 г. яна была прызначаная на лячэньне ў Кударынскую воласьць Селенгінскага павету, дзе яе пасялілі ў Кударынскай слабадзе Верхнеудзінскай акругі.

У 1910 г. выйшла на пасяленьне ў Верхнеудзінск Забайкальскай вобласьці, адкуль неўзабаве яе выслалі ў Пятроўскі завод той жа акругі і вобласьці. Але за ўдзел у дапамозе ўцёкам са ссылкі Іркуцкі генэрал-губэрнатар у лютым 1912 г. адправіў яе на пасяленьне ў Якуцкую вобласьць.

У Якуцк прыбыла 4 чэрвеня 1912 г. і была прызначаная на пасяленьне ў Кільдземскую сельскую грамаду Якуцкай акругі, з дазволам пражываць ёй у г. Якуцку, дзе ў яе утварыўся своеасаблівы «эсэраўскі салён». Яна давала платныя ўрокі дзецям мясцовага насельніцтва, узімку шмат часу надавала заняткам замежнымі мовамі для ссыльных.

У 1913 г. яе спасьцігла вялікае гора — памёр сын Грыня, спатканьні зь якім яна чакала зь нецярпеньнем на наступнае лета. Грыня, вучачыся ў Пецярбурскім кадэцкім корпусе, не вытрымаўшы насьмешак сакурсьнікаў, страляўся. Куля прабіла чэрап, што моцна адбілася на яго псыхіцы. Лекары знайшлі, што яму неабходная апэрацыя, інакш ён страціць розум, але апэрацыю ён ня вытрываў.

Яе здароўе пайшло на пагаршэньне. Заняткі ўрокамі, якімі яна зарабляла сабе на жыцьцё, пачалі стамляць яе і яна вырашыла замест іх узяцца гуляць на піяніна ў кіно.

У справе «О ссыльно-поселенке за гос. преступление Лидии Езерской. Начато 5 июня 1912. Окончено 30 марта 1916». запісана: «Што ссыльна-паселенка Лідзія Язерская, якая пражывае ў горадзе Якуцку, памерла 30 верасьня 1915 году. Сакавіка 30 дня 1916 г. І. д. Паліцмайстар»[1].

У першыя гады савецкай улады Жандарская вуліца Магілёва была названая імем Л. П. Язерскай.

  1. ^ [НА РС(Я), ф. 15, воп. 21, спр. 497, арк. 5.]
  • Похороны. // Ленский край. Якутск. 3октября 1915. С. 1.
  • Х. Памяти Л. П. Езерской. // Ленский край. Якутск. 4 октября 1915. С. 2.
  • На могилу Л. П. Езерской. // Ленский край. Якутск. 4 октября 1915. С. 3.
  • Орестова Л. П. Лидия Павловна Езерская. // На женской каторге. Сборник воспоминаний. 1930. С. 191—198.
  • Мельнікаў М. Лідзія Язерская. // Магілёўская праўда. Магілёў. 26 жніўня 1964. С. 4.
  • Мельнікаў М. Вуліца яе імя. // Работніца і сялянка. № 3. Мінск. 1964. С. 11.
  • Карніловіч Э. А. Высакароднасць не уратавала. // Карніловіч Э. А. Імёны з небыцця. Мінск. 2003. С. 41-51.
  • Барковский А. Террористка Лидия Езерская. Эхо столицы. Якутск. 8 декабря 2004. С. 4.