Ліга вэтэранаў Вызваленчай вайны
Ліга вэтэранаў Вызваленчай вайны | |
па-эстонску: vapsid, Vabadussojalaste liikumine, Eesti Vabadussojalaste Liit | |
Сымбаль Саюзу вапсаў | |
Дата заснаваньня | 1929 |
---|---|
Распушчаная | 1935 |
Штаб-кватэра | |
Ідэалёгія | эстонскі нацыяналізм |
Ліга вэтэранаў Вызваленчай вайны (па-эстонску: vapsid, Vabadussojalaste liikumine, Eesti Vabadussojalaste Liit; Рух удзельнікаў Вызваленчай вайны, да 1933 году Эстонскі саюз удзельнікаў Вызвольнай вайны, скар. «вапсы» (па-эстонску: vapsid)) — нацыяналістычны рух у Эстоніі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заснавана ў 1929 годзе дэмабілізаванымі вайскоўцамі, якія ва ўмовах распачатага эканамічнага крызісу былі незадаволены ўладамі. Спачатку шмат прыхільнікаў руху было і сярод афіцэраў сапраўднай службы (генэралы Эрнст Пыдэр і Ёханэс Арасмаа (Раска), якія па законе павінны былі сысьці з руху, калі ў 1930 годзе ён ператварыўся ў палітычную арганізацыю, што патрабавала радыкальных зьменаў у дзяржаўным ладзе Эстоніі.
У 1930—1934 гадах кіраўніком руху быў генэрал-маёр у адстаўцы Андрас Лорка, а яго намесьнікам і сапраўдным правадыром — малады адвакат, малодшы лейтэнант запасу Артур Сірк, які ўдзельнічаў у Вызваленчай вайне школьнікам-добраахвотнікам. Многія лёзунгі і мэтады былі запазычаны ў падобных рухаў Фінляндыі і Нямеччыны; хутка ў рух сталі прымаць і так званых падтрымліваючых чальцоў, якія не бралі ўдзел у Вызваленчай вайне. У 1933 годзе саюз быў распушчаны, але неўзабаве была сфармавана арганізацыя-наступнік (Рух удзельнікаў Вызваленчай вайны), якая захавала і ўзмацняла палітычны ўплыў. Ва ўмовах эканамічнага і ўнутрыпалітычнага крызісаў рух вырас, узмацніўся і змог паўплываць на народныя масы так, што двойчы (у жніўні 1932 і ў чэрвені 1933 году) народам на рэфэрэндумах быў адхілены праект новай канстытуцыі, які прапаноўваў Дзяржсход, што губляў свой аўтарытэт.
Замест гэтых умераных праектаў вапсы прапанавалі свой радыкальны і аўтарытарны праект, які ў кастрычніку 1933 году быў прыняты пераважнай большасьцю ўдзельнікаў рэфэрэндуму. Пасьля перамогі, рух плянаваў атрымаць пост кіраўніка дзяржавы і большасьць у парлямэнце, усталяваўшы такім чынам сваю дыктатуру. Кандыдатамі на заплянаваныя на весну 1934 году выбары былі высунуты ад вапсаў генэрал Лорка, ад партыяў цэнтру генэрал Ёхан Лайдонэр, ад аграрнікаў Канстанцін Пятс і ад сацыялістаў Аўгуст Рэй. Баючыся разьвязаньня грамадзянскай вайны і ўмела скарыстаўшы свае новыя паўнамоцтвы, Пятс дамовіўся з Лайдонэрам, які зноў узначаліў эстонскае войска, увёў 12 сакавіка 1934 году вайсковы стан, зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот, пасьля якога забараніў Рух вапсаў і арыштаваў яго актыўных дзеячоў.
Канчатковы ўдар па руху быў нанесены выкрыцьцём так званай змовы Кадака тэе (ад назьвы вуліцы ў Таліне); магчыма, што гэта была правакацыя з боку адміністрацыі Пятса. Пасьля выкрыцьця змовы кіраўнікі руху былі пакараныя вайсковым судом да катаргі. Сірк уцёк ў лістападзе 1934 году з Талінскай вязьніцы за граніцу і загінуў пры загадкавых акалічнасьцях у Люксэмбургу. Асуджаныя вапсы былі вызвалены па амністыі ў траўні 1938 году.
Ідэалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рух вапсаў — ваенізаваная антысацыялістычная арганізацыя, чальцамі якой зьяўляліся, збольшага, ніжэйшы і сярэдні клясы. Яны ня мелі складанай ідэалёгіі ды сувязяў з замежнымі фашысцкімі рухамі, іх мэтай быў аўтарытарны і нацыяналістычны ўрад у Эстоніі. Ліга адхіліла расавую ідэаёгію і адкрыта крытыкавала перасьлед жыдоў нацыстамі Нямеччыны, была супраць выкарыстаньня гвалту ў мэтах тэрытарыяльнай экспансіі. Тым ня менш, яны былі падобныя да фашыстаў (насілі чорныя бэрэты і выкарыстоўвалі рымскае прывітаньне (рымскі салют)). Умераныя вапсы, такія як Ёхан Пітка паступова пакінулі арганізацыю. Рух выдаваў сваю ўласную газэту «Võitlus» («Барацьба»).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Andres Kasekamp. 2000. The Radical Right in Interwar Estonia. London: Palgrave Macmillan, ISBN 0-312-22598-9
- A History of Fascism, 1914-1945 By Stanley George Payne ISBN 1-85728-595-6
- T. Parming, The Collapse of Liberal Democracy and the Rise of Authoritarianism in Estonia, London, 1975.
- Marandi, Rein "Must-valge lipu all : Vabadussõjalaste liikumine Eestis 1929-1937. 1. Legaalne periood (1929-1934)" Stockholm : Centre for Baltic Studies at the University of Stockholm, 1991.