Перайсьці да зьместу

Леанід Тараненка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леанід Тараненка
Леанід Тараненка на Алімпіядзе ў Маскве (1980)
Род дзейнасьці цяжкаатлет
Дата нараджэньня 13 чэрвеня 1956 (68 гадоў)
Месца нараджэньня Маларыта, БССР
Месца вучобы
Занятак цяжкаатлет
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР ордэн Дружбы народаў
Заслужаны майстар спорту СССР

Леані́д Арка́дзевіч Таране́нка (13 чэрвеня 1956, Маларыта, БССР) — беларускі і савецкі спартовец, цяжкаатлет. Уладальнік 19 сусьветных рэкордаў, прычым два зь іх — 266 кг у штуршку і 475 кг у дваябор’і — застаюцца неперасягненымі й да сёньня.

Скончыў Беларускі інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі па спэцыяльнасьці інжынэр.

Выступаў за ДСТ «Ураджай» (Менск). Першы трэнэр — Пётра Сацюк.

Спартовая кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы вялікі посьпех прыйшоў да Леаніда Тараненкі на Алімпійскіх гульнях 1980 году, дзе ён здабыў залаты мэдаль у клясе 110 кіляграмаў з вынікам 422,5 кг у дваябор’і. Не прымаў удзелу ў Алімпіядзе ў Лос-Анджэлесе праз байкатаваньне яе Савецкім Саюзам, аднак завочна пераўзышоў вынік алімпійскага чэмпіёна Нарбэрта Абэрбургера на альтэрнатыўных Гульнях дружбы, усталяваўшы сусьветны рэкорд 442,5 кг.

Пасьля гэтага Тараненка выступаў у супэрцяжкай клясе. 26 лістапада 1988 у аўстралійскай Канбэры ён усталяваў сусьветны рэкорд 266 кг у штуршку і 475 кг у суме. Пасьля рэструктурызацыяў вагавых клясаў у 1993 і 1998 гэтыя паказьнікі болей ня лічацца за афіцыйныя сусьветныя рэкорды. Тым ня меней, да гэтага часу яны не пераўзыдзеныя.

У 1992, выступаючы за Аб’яднаную каманду СНД у Барсэлёне, Тараненка здабыў срэбны мэдаль у супэрцяжкай вазе з вынікам 425 кг.

Заслужаны майстар спорту СССР (1980). Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў і Працоўнага Чырвонага Сьцяга.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Леанід Тараненкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў