Лабуры
Лабуры, таксама Лабары — прафэсійныя зборшчыкі ахвяраваньняў для цэркваў. Лабурамі называлі мужчын, жыхароў мястэчка Янава (сучаснае Янаў Берасьцейскае вобласьці), якія збіралі грошы на пабудову й рэстаўрацыю цэркваў. Многія сьвятары карысталіся іх паслугамі.
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З даўніх часоў мястэчка Янава належыла каралям Рэчы Паспалітае, і гэта давала яго жыхарам некаторыя ільготы. Сяляне, што адбывалі так званую «мілевую павіннасьць» (гэта значыць, пастаўлялі па патрабаваньню каралеўскай адміністрацыі некаторую колькасьць падводаў), былі свабодныя ад іншых павіннасьцяў. так здарылася, што вольнага часу янаўцы мелі шмат, а вось зямлі — не так ужо многа. І яны знайшлі шлях ператварыць лішку часу ў грошы. Пасьля далучэньня беларускіх земляў да Расейскае імпэрыі дзейнасьць лабураў не спынілася. Болей таго, яны адчулі заступніцтва з боку новых уладаў, якія таксама прытрымліваліся праваслаўя.
Вопратка й звычаі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ад жыхароў суседніх вёскаў лабуры адрозьніваліся нават вопраткай. Традыцыйныя беларускія «магеркі» саступілі месца шапкам з казырком. Лапцёў лабуры не насілі прынцыпова, абувалі боты з высокаю халявай. У халоднае надвор’е насілі расшытыя паўшубкі. Шмат лабуроў і іх жонак былі пісьменныя.
Месца і час дзейнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арэал дзейнасьці лабураў быў вельмі шырокім: ад Украіны да Прыбалтыкі, ад Малдовы да Цэнтральнае Расеі. Не грэбавалі лабары ніякай ахвярай: грошы, палатно, пяньку, лён, воўну, — усё прымалі. І значная частка сабраных сродкаў сапраўды ішла на будаўніцтва і рэстаўрацыю цэркваў.
Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што з дапамогаю лабураў захаваліся да нашых дзён дзьве драўляныя царквы 18 стагоддзя: Мікалаеўская царква ў в. Дружылавічы і Петрапаўлаўская ў в. Махро. Лабурскі занятак існаваў у Янава да пачатку 1940-ых гадоў, калі мястэчка, як і ўся Заходняя Беларусь, увайшло ў склад СССР. Сёньня янаўская інтэлігенцыя мае на мэце паставіць у горадзе помнік лабару.
Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За гады вандроўніцтваў для пазбаўленьня ў дарозе ад чужых вушэй у лабураў сфарміраваўся свой асаблівы дыялект, многія словы з якога беззваротна страчаныя. Але супрацоўнікі янаўскае раённае бібліятэкі стварылі «Дыялектычны слоўнік лабарскай гаворкі», які ўключае ў сябе 299 словаў. Самі лабуры называлі сваю гаворку «ліберская гаврідня».
Этноляг Таццяна Луцэвіч, якая прысьвяціла свае навуковыя працы лабурам, лічыць, што штучная мова — гэта збор слоў з самых розных моў і дыялектаў. Многія словы былі запазычаны з грэцкае, лацінскае, нямецкае і іншых замежных моў, другія зьяўляліся вузкалакальнымі і сустракаліся толькі ў якой-небудзь адной мясцовасьці. Былі і проста скажоныя словы і новаўтварэньні. Жанчыны гэтай гаворкі не ведалі, бо не мелі патрэбы ў таямнічых гаворках, а вось усіх хлопчыкаў абавязкова вучылі мясцоваму дыялекту зь сямі гадоў.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- С. В. Максімаў «Бродячая Русь Христа-ради», канец 1890-ых, Санкт-Пецярбург.
- Т. Луцэвіч (Мікуліч). Янаўскія лабары: гісторыка-этнаграфічны нарыс // Беларуская мінуўшчына. −1994. — № 4 — С. 58 — 60.