Перайсьці да зьместу

Кіт Грын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Грын (неадназначнасьць).
Кіт Грын
па-ангельску: Keith Green
Дата нараджэньня 21 кастрычніка 1953
Месца нараджэньня Сьцяг ЗША Шыпсгэд Бэй, Нью-Ёрк
Дата сьмерці 28 ліпеня 1982 (28 гадоў)
Месца сьмерці Сьцяг ЗША Гардэн Вэлі, Тэхас
Прафэсія сьпявак, аўтар песьняў, музыка, пастар
Гады дзейнасьці 1965—1982
Жанры сучасная хрысьціянская музыка, рок-н-рол
Вакал тэнар[d]
Інструмэнты вакал, фартэпіяна
Лэйблы
  • Decca
  • Sparrow
  • Pretty Good
Узнагароды
Сайт lastdaysministries.org

Кіт Го́рдан Грын (па-ангельску: Keith Gordon Green; 21 кастрычніка 1953, Шыпсгэд Бэй, Нью-Ёрк — 28 ліпеня 1982, Гардэн Вэлі, Тэхас) — амэрыканскі хрысьціянскі музыка, аўтар-сьпявак. Некаторыя ягоныя творы, такія як „Oh Lord, You're Beautiful“, „Asleep in the Light“, „Your Love Broke Through“, „You Put This Love in My Heart“, „The Prodigal Son Suite“, сталі стандартамі сучаснай хрысьціянскай музыкі.

Меў жыдоўскія карані[1]. Зь дзяцінства займаўся музыкай, умеў граць на ўкулеле, гітары, фартэпіяна. У васьмігадовым веку ўпершыню паўдзельнічаў у спэктаклі паводле п’есы Артура Лорэнца(en).

У лютым 1965 року Кіт з сваім бацькам Гарві падпісалі пяцігадовы кантракт з „Decca Records“, і ў траўні ўжо выдалі праз кампанію першую песьню. Такім чынам Кіт у 11-гадовым веку стаў наймалодшай асобай, уключанай у Амэрыканскае таварыства кампазытараў, аўтараў і выдаўцоў(en) (АТКАВ)[2]. Да 12-гадовага веку ён запісаў яшчэ 10 песьняў, выступаў у тэлешоў і быў згаданы ў часопісе „Times“.

Аднак пасьля таго, як папулярнасьць згасла, Кіт Грын уцёк з дому, пачаў курыць марыхуану і ўжываць псыхатропныя сродкі. Зацікавіўся ўсходнім містыцызмам і культурай „свабоднага каханьня“. Пазбавіўшыся ўжываньня наркотыкаў, перайшоў да вывучэньня філязофіі і тэалёгіі. У 19-гадовым веку пазнаёміўся з музы́кай Мэладзі Стэйнэр, праз год пабраўшыся зь ёй шлюбам.

У 1975 Кіт з жонкай адмовіліся ад вучэньня „Хрысьціянскай навукі(en)“ і сталі мэсіянскімі жыдамі(en). У сваім доме ў прадмесьці Лос Анджэлесу яны сталі прымаць усіх, хто прасіў дапамогі. Каб зьмясьціць усіх ахвотных, яны набылі суседні дом і ўзялі яшчэ пяць у арэнду. Тут сужэнцы займаліся выкладаньнем Бібліі і катэхізацыяй. Большасьць з 75 вучняў былі падлеткамі і маладзёнамі; у „Цяпліцы“ (анг. Greenhouse — літаральна „Дом Грынаў“), як назвалі жытло Грынаў, сабраліся наркаманы, прасталыткі, байкеры, бяздомнікі, цяжарныя дзяўчаты і накіраваныя зь іншых цэнтраў асобы. У 1977 року Грыны назвалі сваю дабрачынную місію „Служэньнем апошніх дзён“ (анг. Last Days Ministries)[3].

У 1978 року „Служэньне апошніх дзён“ пачало выдаваць газэту на некалькіх старонках, якая з 1985 року стала паўнавартасным каляровым часопісам, дзе акрамя Грынаў публікаваліся казані іншых сучасьнікаў: Дэйвіда Ўілкерсана, Леанарда Рэйвэнгіла, Ўінклі Прэтні — а таксама перадрукоўваліся творы такіх клясыкаў, як Чарлз Грэндысан Фіні, Джон Ўэсьлі, Ўільям і Кэтрын Буты.

У 1979 року місія пераехала з даліны Сан Фэрнанда ў вёску Гардэн Вэлі(en) ў Тэхасе, дзе плошча Служэньня склала 140 га.

28 ліпеня 1982 року Кіт Грын і яшчэ адзінаццаць чалавек разам зь пілётам селі ў самалёт Cessna 414, каб пакатацца ў ваколіцах „Служэньня апошніх дзён“. Неўзабаве пасьля ўзьлёту самалёт ад перагрузкі разьбіўся аб дрэвы[4]. Акрамя Кіта, у катастрофе загінулі двое ягоных дзяцей двух і трох гадоў і сям’я плянтатараў з шасьцю дзецьмі. Цяжарная жонка Мэладзі засталася дома з аднагадовай Рэбэкай.

Кіт Гордан зь дзецьмі Джосыям Дэйвідам і Бэтані Грэйс пахаваны ў адной труне на могілках за баптысцкай царквой Гардэн-Вэлі[5]. Засталіся дачкі Рэбэка Джой і Рэйчэл Гоўп, якая нарадзілася праз восем месяцаў.

У 1976 року Кіт Грын заключыў кантракт з гукапіснай кампаніяй сучаснай хрысьціянскай музыкі „Sparrow Records“. У 1977 року выдаў свой першы альбом „For Him Who Has Ears to Hear“, які ўзначаліў гіт-парады. У 1978 року выйшаў другі альбом „No Compromise“.

У 1979 року Кіт Грын вырашыў ня браць грошы за канцэрты і музычныя альбомы. Каб выдаць трэці альбом, „So You Wanna Go Back to Egypt“, сям’я заклала ўласную хату. Альбом, у запісе якога ўзяў удзел Боб Дылан, распаўсюджваўся поштай і на канцэртах, а цану вызначаў сам пакупнік. Да траўня 1982 року Кіт Грын выслаў больш за 200 000 асобнікаў альбому, 61 000 зь якіх — бясплатна.

Гэтым часам выйшлі яшчэ два альбомы: „The Keith Green Collection“ (1981) і „Songs for the Shepherd“ (1982)[1].

Два альбомы, „The Prodigal Son“ (1983) і „Jesus Commands Us to Go!“ (1984), выдадзеныя пасьля ягонай сьмерці. У 1983 року выйшаў яшчэ адзін альбом, „I Only Want to See You There“, які ўключаў пераважна выдадзены раней матэрыял. У 1987 і 1988 роках выйшла складанка ягоных твораў у двух альбомах „The Ministry Years“, куды ўключаныя і пяць раней невыдаваных песьняў.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 лістапада 2001 року Кіт Грын быў уведзены ў Залю славы госпэлу.

  • For Him Who Has Ears to Hear (1977)
  • No Compromise (1978)
  • So You Wanna Go Back to Egypt (1980)
  • The Keith Green Collection (1981)
  • Songs for the Shepherd (1982)
  • I Only Want to See You There (1983)
  • The Prodigal Son (1983)
  • Jesus Commands Us to Go! (1984)
  • The Ministry Years, Volume One (1987)
  • The Ministry Years, Volume Two (1988)
  • Keith Green Live (His Incredible Youth) (халдзейскі, 1995)
  • The Early Years (1996)
  • Best of Keith Green: Asleep in the Light (1996)
  • Because of You: Songs of Testimony (1998)
  • Here Am I, Send Me: Songs of Evangelism (1998)
  • Make My Life a Prayer to You: Songs of Devotion (1998)
  • Oh Lord, You're Beautiful: Songs of Worship (1998)
  • The Ultimate Collection (DVD/CD) (2002)
  • Live Experience (CD) (2008)
  • Greatest Hits (2008)
  • The Early Word (халдзейскі, 2009)
  • Happy Birthday to You Jesus (2009)
  • Icon (2013)
  • 20th Century Masters: The Millennium Collection: The Best of Keith Green (2015)

Пасьвячэньні памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

(Усе выданьні пасьмяротныя)

  • No Compromise: The Life Story of Keith Green (1989)
  • A Cry in the Wilderness: Twelve Bold Messages About Uncompromising Faith (1993)
  • If You Love the Lord (2000)
  • Make My Life a Prayer (2001)
  1. ^ а б About Keith Green (анг.) Keith Green > Bio. Last Day Ministries. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  2. ^ Los Angeles Times, February 18, 1965, pg. SF1
  3. ^ A History of LDM (анг.). Last Day Ministries. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ US Court of Appeals for the Fifth Circuit - 783 F.2d 1234 (5th Cir. 1986). (3 сакавіка 1986) Ideal Mutual Insurance Co., Plaintiff-appellee, Cross-appellant, v. Last Days Evangelical Association, Inc. and Junk Air, Inc.and William David Jenkins D/b/a Junk Air Co.,defendants-appellants, Cross-appellee, 783 F.2d 1234 (5th Cir. 1986) (анг.) Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ Prayer Update: Keith Green Film (анг.). Last Day Ministries (20 лютага 2012). Праверана 9 чэрвеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]