Красоўкі
Красо́ўкі (адз. л. красоўка; ад анг. cross — «бег па перасечанай мясцовасьці») — лёгкі спартовы абутак на гумавай падэшце.
Віды: атлетычныя (кеды), баскетбольныя, бегавыя, тэнісныя, футбольныя (буцы). У выпадку прызначэньня для пазаспартовага штодзённага нашэньня могуць называцца паўчаравікамі. Упершыню зьявіліся пры канцы 18 стагодзьдзя ў Ангельшчыне ў выглядзе парусінавых туфляў на гумавай падэшве.
Падэшва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У падэшве красовак выкарыстоўваюць 3 віды разьмеркавальных (амартызацыйных) ўставак для зьніжэньня ўдарнай нагрузкі на апорна-рухальны апарат: 1) спружыны з палімераў і ўрэтанавай пены; 2) поласьці з адмысловым газам; 3) сыліконавы гель. Наяўнасьць разьмеркавальных уставак у пятачнай вобласьці падэшвы зьмяншае пагрозу пашкоджаньня каленяў і ахілавых сухажыльляў. Іх разьмяшчэньне ў пальчыкавай вобласьці павышае каэфіцыент карыснага дзеяньня бегу. Вытворцы пазначаюць надпісамі на красоўках месцазнаходжаньне разьмеркавальных уставак[1].
Бегавыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сярэднім бегавыя красоўкі захоўваюць устойлівасьць да сьціраньня і служаць 500—1200 км у залежнасьці ад частасьці і працягласьці заняткаў. Маюць цьвёрды заднік вышынёй ніжэй за шчыкалатку для аховы ад пашкоджаньня ахілавага сухажыльля і пазьбяганьня ператамленьня ног. Найбольш зносаўстойлівымі зьяўляюцца красоўкі з натуральнай скуры. Пагатоў у цёплую пару пасуе абутак з праветрывальнасьцю для вылучэньня вільгаці. Таму ўлетку і ўвесну аддаюць перавагу красоўкам зь верхам, які выкананы зь сеткавых уставак з сынтэтыкі і тэкстылю. Скураныя ўстаўкі могуць тады пакідаць у мыску і пятцы, якія маюць найбольшую схільнасьць да зносу. Вусьцілку ў летніх бегавых красоўках робяць порыстай для адводу вільгаці. Для дадатковага зьмякчэньня нагрузкі на ступню пры бегу вусьцілка можа зьмяшчаць дробную поласьць. Таксама вусьцілкі дастаюць з красовак для прасушкі між заняткамі. Для абароны ступні ад празьмернага прагіну пад ці ў вусьцілку ўстаўляюць супінатар[1].
Падэшва бегавых красовак нягладкая і мае глюбіню пратэктара да 1,5 мілімэтру. Для паляпшэньня хуткасьці бегу і пазьбяганьня спатыканьня аб сучкі і камяні падэшву красоўкі робяць скошанай бліжэй да пальцаў. Мысок (насок) узьнімаюць угару прыблізна на 5 мм. Вышыня падэшвы ў пятачнай вобласьці складае прынамсі 2 сантымэтры, у пальчыкавай — 1 см. Каб зьменшыць стамляльнасьць ад павышанай нагрузкі на ногі, падэшву робяць згінальнай на 45 градусаў у месцы прыроднага згіну ступні. Шматслойнасьць падэшвы служыць для выкананьня адразу некалькіх задачаў. Для зьмякчэньня ўдару аб паверхню пры бегу зьнешні слой падэшвы робяць мяккім і порыстым. Сярэдні слой, наадварот, цьвёрдым. У бегавых красоўках на лета выкарыстоўваюць падэшву, пасаджаную толькі на клей[1].
Вылучаюць 4 віды бегавых красовак:
- Трэніровачныя. Прызначаюцца для бегу на роўнай сухой паверхні. Маюць разьмеркавальныя (амартызацыйныя) ўстаўкі ў падэшве, радзей — у вусьцілцы для зьмякчэньня ўдарнай нагрузкі. У сярэдзіне падэшвы зьмяшчаюць устаўкі для выраўноўваньня паставы ступняў.
- Маратонкі. Важаць да 250 грамаў. Маюць тонкую падэшву. Прызначаюцца для хуткага бегу на спаборніцтве пры вазе да 70—80 кіляграмаў.
- Мінімусы. Параўнальныя з пакаёвым абуткам. Ствараюць адчуваньне бегу басанож. Пасуюць для ўмацаваньня ступняў.
- Пазадарожныя (трэйлавыя). Маюць цьвёрдую, рыфлёную падэшву з разьмеркавальнымі ўстаўкамі. Прызначаюцца для бегу па перасечанай мясцовасьці, рыхлым грунце, бездарожжы, у лесе і на сьлізкай паверхні[1].
-
Трэніровачныя бегавыя красоўкі (2014 г.)
-
Маратонкі (2014 г.)
-
Мінімусы (2017 г.)
-
Пазадарожныя бегавыя красоўкі (2016 г.)
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Беларусі красоўкі зьявіліся на пачатку 1980-х гадоў[2]. На 2017 год красоўкі ў Беларусі выраблялі ТАА «Белвэст» (Віцебск), ТАА «Марко» (Віцебск) і ЗАТ «Белкельме» (Белаазёрск, Бярозаўскі раён, Берасьцейская вобласьць), ААТ «Прамень» (Менск) і ААТ «Праца» (Гомель).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Валянціна Мохар. Рыхтуемся да старту: выбіраем ідэальную пару бегавых красовак да сэзону вясна-лета // Партал «Здаровыя людзі» Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, 18 траўня 2017 г. Праверана 1 сьнежня 2017 г.
- ^ Сяржук Сокалаў-Воюш. Красоўкі // Радыё «Свабода», 15 студзеня 2013 г. Праверана 1 сьнежня 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Красоўкі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Марко спорт (рас.) // ТАА «Марко» (Віцебск), 2017 г. Праверана 2 сьнежня 2017 г.
- Красоўкі (рас.) // ЗАТ «Белкельме» (Белаазёрск), 2017 г. Праверана 2 сьнежня 2017 г.