Конга (рака)
Конга | |
Конга каля гораду Кісангані | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | горы Кундэлунгу, правінцыя Горная Катанга, Дэмакратычная Рэспубліка Конга |
Вышыня вытоку | 1460 |
Вусьце | Атлянтычны акіян, на мяжы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Анголы |
Краіны басэйну | Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Рэспубліка Конга, Ангола |
Вобласьці | Цэнтральнае Конга |
Даўжыня | 4700 км |
Плошча басэйну | 3 680 000 км² |
Месцазнаходжаньне | |
Ко́нга – рака ў Цэнтральнай Афрыке, упадае ў Атлянтычны акіян. Рака цячэ праз тэрыторыю Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Рэспубліку Конга і Анголу. Конга зьяўляецца другой, пасьля Нілу, ракой Афрыкі. Басэйн Конга ўключае каля 12% плошчы кантынэнта. Штогадовы вадазьліў складае каля 1260 км³ вады[1].
Апісаньне ракі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Конга цячэ празь нізіну Конга, якая практычна поўнасьцю пакрытая вільготнымі трапічнымі лясамі. У пачатку свайго цячэньня рака мае назву Луалаба і цячэ з узгор’я Кундэлунгу ў правінцыі Горная Катанга на поўдні Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (каля мяжы з Замбіяй). У гэтых мясьцінах воды Луалабы кіруюцца на поўнач і працякаюць праз узгор’е Мітумба, зь якога сьцякае праз шматлікія вадаспады і быстрыні якія робяць раку несудаходнай.
Рака становіцца судаходнай пасьля горада Букама. Тут Конга ня хутка цячэ праз забалочаную мясцовасьць вакол азёраў Кісале і Упэмба да горада Кангола. Ніжэй па цячэньню знаходзяцца шэраг вадаспадаў, якія называюцца Варотамі Пекла. У гэтых мясьцінах рака, зажатая з двух бакоў высокімі скаламі, цячэ вельмі хутка. Гэты складаны несудаходны адрэзак ракі канчаецца каля горада Кінду, пасьля якога Конга зноў цячэ павольна да горада Ўбунду. Далей, на шляху да буйной агламэрацыі Кісангані, рака цячэ праз скальныя парогі, якія ўтвараюць некалькі вадаспадаў, маючых агульную назву Вадаспады Стэнлі[2]. Пасьля іх рака афіцыйна зьмяняе назву на Конга[3].
Пасьля Кісангані пачынаецца чарговы судаходны адрэзак ракі. Русла ракі паступова паварочвае на захад, а потым на поўдзень шырокім паўкругам радыюсам 1600 км. На гэтым адрэзку Конга цячэ павольна і адзінымі перашкодамі для судаходзтва зьяўляюцца невялікія пяшчаныя выспачкі. На гэтым самым вялікім судаходным адрэзку, Конга цячэ праз вялікі горад Мбандака, а потым у яе ўпадае рака Убангі, якая зьяўляецца самым буйным прытокам Конга. Русла ракі тут вызначае мяжу паміж Рэспублікай Конга і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга да канца судаходнага адрэзка паміж Бразавілем і Кіншасай. Гэтыя гарады ляжаць на розных берагах ракі адзін супраць аднаго і зьяўляюцца сталіцамі двух узгаданых афрыканскіх краінаў.
За Кіншасай і Бразавілем пачынаецца чарговы несудаходны адрэзак ракі. Тут знаходзяцца вадаспады Лівінгстана. У мінулым гэтыя вадаспады доўга былі значнай перашкодай на шляху эўрапейскіх дасьледчых экспэдыцыяў. Пры ўпадзеньні Конга ў Атлянтычны акіян знаходзіцца самы буйны марскі порт Дэмакратычнай рэспублікі Конга — Матадзі. Рака ўпадае ў акіян праз шырокую дэльту, якая дасягае шырыні 20 км. Тут уздоўж аднаго зь берагоў знаходзіцца мяжа Анголы. Акрамя Матадзі тут знаходзяцца іншыя буйныя парты — Бома, Банана (ДРК) і Сова (Ангола).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://bse.sci-lib.com/article063715.html Большая Советская энциклопедия
- ^ http://rainforests.mongabay.com/congo/congo_river.html Rainforests
- ^ https://web.archive.org/web/20110427172956/http://nature.worldstreasure.com/miracle.asp?id=27 Чудеса природы