Кома (горад)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кома
італ. Como
Герб Кома


Краіна: Італія
Рэгіён: Лямбардыя
Правінцыя: Кома
Кіраўнік: Алясандра Рапінэзэ[d]
Плошча:
Насельніцтва:
Тэлефонны код: 031
Паштовы індэкс: 22100
Нумарны знак: CO
Геаграфічныя каардынаты: 45°48′36.9″ пн. ш. 9°5′10.1″ у. д. / 45.81025° пн. ш. 9.086139° у. д. / 45.81025; 9.086139Каардынаты: 45°48′36.9″ пн. ш. 9°5′10.1″ у. д. / 45.81025° пн. ш. 9.086139° у. д. / 45.81025; 9.086139
Кома на мапе Італіі
Кома
Кома
Кома
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.comune.como.it

Ко́ма (па-італьянску: Como, па-лямбардзку: Comm, па-лацінску: Novum Comum, Novocomum, па-старажытнагрэцку: Κώμον) — горад у італьянскім рэгіёне Лямбардыя, адміністрацыйны цэнтар аднайменнай правінцыі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажытнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узгоркі, якія атачаюць цяперашняе Кома, былі заселены, прынамсі, з жалезнага веку, кельцкім племенем, вядомым як аробіі. На думку як Плініюса Старэйшага, гэтак і сучасных навукоўцаў, гэтае племя мела стасункі зь лігурамі[3][4]. Рэшткі паселішчаў дагэтуль захаваліся на лясістых пагорках на паўднёвым захадзе ад гораду, вакол сучаснага гарадзкога раёну Рэбіё.

Прыкладна ў I стагодзьдзі да нашай эры тэрыторыя сучаснага места трапіла пад уладу рымлянаў. Цэнтар гораду спачатку месьціўся ў іншым месцы, але затым быў перанесены на сваё цяперашняе месца на загад Юліюса Цэзара. Ён загадаў асушыць балоты каля паўднёвага ўскрайку возера і заклаў плян места, аточанага сьцяной, з тыповай рымскай сеткай пэрпэндыкулярных вуліцаў. Новае паселішча атрымала назву Новум-Комум і займела статус муніцыпіюма. Пасьля згасаньня Заходняй Рымскай імпэрыі паселішча было пад уладай готаў, бізантыйцаў і пазьней лянгабардаў. Пад уладай лянгабардаў Кома працягваў расьці, асабліва дзякуючы рэканструкцыі дарогі каралевы Тэўдэлінды, якая злучала Нямеччыну і італьянскі паўвостраў, даючы гораду лёгкі і стратэгічны доступ да гандлю[5]. У 774 годзе горад здаўся франкам, ачоленым Карлам Вялікім, і стаў цэнтрам гандлёвага абмену.

Час камуны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Горад і возера Кома на карціне Жана Батыста Каміля Каро 1834 году.

Камуна, верагодна, мела свае вытокі яшчэ ў XI стагодзьдзі як аб’яднаньне заможных сем’яў на дагаворнай аснове. Уступ у камуну рабіўся на падставе кляцьбы аб далучэньні. Гэтая прысяга пэрыядычна аднаўлялася да 1200-х гадоў. Не зважаючы на супраціў фэадальнай знаці, камунальны дагавор хутка распаўсюдзіўся на ўсё вольнае мужчынскае насельніцтва мястэчка. Гэта было зроблена таксама з мэтай умацаваньня палітычнай незалежнасьці Кома і ягонай дыяцэзіі, асабліва ад суседняга Міляну. Фактычным кіраўнікоў гораду стаў мясцовы біскуп, аднак у ратушы засядаў сход, які складаўся з прадстаўнікоў мясцовай шляхты, а пазьней таксама з прадстаўнікоў цэхаў. Пачынаючы з другой паловы XIII стагодзьдзя гэты сход падзяляўся на вялікую і малую рады. З 1109 году да камунальнай арганізацыі дадаўся таксама выканаўчы орган, які называўся калегіяльнай магістратурай консулаў, якая з арганізацыйных прычынах да 1172 году была падзеленая на дзьве інстытутыі, то бок консулят юстыцыі і консулят муніцыпалітэту. Тэрыторыя камуны не абмяжоўвалася толькі самім горадам Кома, але мела ўладу над тэрыторыяй усёй дыяцэзіі. Гэтыя землі ўключалі большую частку цяперашняй правінцыі Кома, а таксама сучасны швайцарскі кантон Тычына, даліны Вальтэліна, Вальк’явэна і горад Коліка.

Кома і ягоныя навакольлі.

Дзякуючы свайму стратэгічнаму становішчу на возеры Кома і важнай дарозе каралевы Тэўдэлінды, якая зьвязвала італьянскі паўвостраў з Нямеччынай, Кома хутка стаў багатым і моцным горадам. Кома і Мілян хутка сталі супернікамі. Першыя спрэчкі паміж імі пачаліся праз графства Сэпрыё, бо абедзьве камуны прагнулі авалодаць гэтымі тэрыторыямі. Гэтая напружанасьць прывяла да цікавага эпізоду, калі імпэратар Генрых IV прызначыў Ляндольфа да Каркана, які сымпатызаваў Міляну, біскупам Кома. Гэта выклікала моцную рэакцыю з боку жыхароў Кома, якія абралі сваім біскупам Гвіда Грымольдзі і выслалі Ляндольфа. Апошні ж, аднак, працягваў умешвацца ў справы Кома, і адказам гораду на гэта стала аблога ягонага замка. Ляндольфа быў схоплены і кінуты ў турму. Гэтая акцыя выклікала крызіс паміж Кома і Мілянам, бо Ляндольфавы замак абаранялі мілянскія жаўнеры. Гэты эпізод быў пачаткам Дзесяцігадовай вайны паміж Кома і Мілянам у 1118 годзе. Напачатку, дзякуючы разумнай тактыцы, здавалася, што Кома мае перавагу ў канфлікце, але пасьля сьмерці Гвіда Грымольдзі сытуацыя зьмянілася, і Кома зьведала паразу ў вайне ў 1127 годзе. Мілянскія жаўнеры зруйнавалі ўсе будынкі ў Кома, пашкадаваўшы толькі цэрквы. Комаўская камуна была вымушаная таксама сплачваць даніну Міляну[6]. Новы імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Фрыдрых Барбароса скасаваў залежнасьць гораду ад Міляну. Калі гвэльфскія камуны аб’ядналі свае сілы, каб зарганізаваць Лямбардзкую лігу дзеля барацьбы супраць імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі, Кома захаваў свой гібэлінскі кірунак. Барбароса аформіў прызнаньне камуны Кома афіцыйным імпэратарскім наказам 1175 году, паводле якога імпэратар дазволіў гораду самастойна абіраць мэраў. Ужо ў другой палове XII стагодзьдзя род Русконі пачаў набываць значнасьць у Кома. Гэта быў шляхетны род, які ўзьнік у Кома яшчэ ў X стагодзьдзі. Русконі былі лідэрамі фракцыі гібэлінаў у месьце.

Залежнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1335 годзе пачалася новая вайна паміж Кома і Мілянам. Апошні з памянёных зь іх перамог у вайне, і Кома быў далучаны да Мілянскага герцагства. Пазьней горад як і прылеглыя тэрыторыі зьведалі францускае ўварваньне і гішпанскае панаваньне. У 1714 годзе места было захопленае аўстрыйцамі. У 1796 годзе ў Лямбардыю ўварваўся Напалеон. Ён кіраваў тут да 1815 году, калі паводле вынікаў Венскага кангрэсу было адноўленае аўстрыйскае валадарства. Да 1848 году насельніцтва места дасягнула 16 тысяч чалавек[7]. У 1859 годзе, з прыбыцьцём Джузэпэ Гарыбальдзі, горад стаў часткай новастворанага каралеўства Італіі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Superficie di Comuni Province e Regioni italiane al 9 ottobre 2011ISTAT.
  2. ^ https://demo.istat.it/?l=it
  3. ^ Peron, Ettore Maria (2017). «Storia di Como». Pordenone: Edizioni Biblioteca dell’immagine. — С. 4. — ISBN 9788863912685.
  4. ^ Luraschi, Giorgio (1999). «Storia di Como Antica» (Second ed.). Como: Edizioni New Press. — С. 5. — ISBN 8895383834.
  5. ^ Zanella, Antonio (16.10.1991). «Paolo Diacono, La storia dei longobardi». Rizzoli. — ISBN 978-8817168243.
  6. ^ Bergamaschi, Mario (2013). «Il Cumano. Cronaca della guerra decennale tra Como e Milano 1118—1127». Como: Alessandro Dominioni Editore. — ISBN 9788887867459.
  7. ^ «The National Cyclopaedia of Useful Knowledge» Vol IV. London: Charles Knight. 1848. — С. 811.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]