Кацярына Дзясьніцкая
Кацярына Дзясьніцкая | |
Катерина Десницька | |
Імя пры нараджэньні | Катерина Іванівна Десницька |
---|---|
Род дзейнасьці | Прынцэса Сіяму, сястра міласэрнасьці |
Дата нараджэньня | 27 красавіка (9 траўня) 1886[1] |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 3 студзеня 1960 (73 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | мэдыцынская сястра |
Псэўданім | На Пхітсанулок |
Сужэнец | спадчынны прынцы Сіяму Чакрабонгсэ Буванаф |
Дзеці | Чула Чакрабон[d] |
Кацярына Дзясьніцкая (па-ўкраінску: Катерина Десницька), сіямскае (тайскае) імя На Пхітсанулок (27 красавіка 1886, Луцак, Валынская губэрня, Расейская імпэрыя — 3 студзеня 1960, Парыж, Францыя) — прынцэса Сіяму (цяпер Тайлянд), жонка сіямскага прынца Чакрабонгсэ Буванаф (Чакрабона).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў сям’і старшыні суда Луцкага раёну Івана Сьцяпанавіча Дзясьніцкага.
Ейны бацька памёр у 1888 годзе. Ва ўдавы Марыі Міхайлаўны засталося 9 дзяцей (2 ад першага шлюбу, 5 ад першага шлюбу нябожчыка мужа і яшчэ 2 ад сумеснага шлюбу). Жанчына прадала маёнтак і зь сям’ёй пераехала ў Кіеў. Старэйшых пасынкаў аддала ў Кіеўскі ўнівэрсытэт, а малодшых — у гімназіі.
1898—1904 — Кацярына навучалася ў Фундуклееўскай жаночай гімназіі (найлепшай у месьце, каля Хрэшчаціку)[2].
1904 — пасьля заканчэньня гімназіі Кацярына паехала ў Пецярбург, дзе вучыўся ейны брат Іван. Пасялілася ў жонкі генерала Надзеі Дзьмітравай, сваёй хроснай маці. Прайшла курсы мэдычных сясцёр у шпіталі імпэратрыцы Марыі Фёдараўны ў Фантанцы[3].
Ейны кіеўскі кавалер Ігар напісаў ёй у пачатку расейска-японскай вайны, што ён ідзе на фронт. Дзясьніцкая таксама запісалася на фронт у якасьці сястры міласэрнасьці. У канцы красавіка 1905 г. выехала з перасоўным шпіталем на Далёкі Ўсход. У Пецярбург яна вярнулася з трыма баявымі ўзнагародамі, у тым ліку Георгіеўскім крыжам за адвагу[4].
У сакавіку 1905 г. на балі для Георгіеўскіх рыцараў Дзясьніцкая сустрэлася з гвардзейскім гусарам. Ім аказаўся прынц Сіяму Чакрабонгсэ (Чакрабон, 1883—1920), сын караля Рамы V[5].
Чакрабонгсэ прыбыў у сталіцу Расеі ў 1898 годзе і быў залічаны ў Імпэратарскі Пажаскі корпус, дзе навучаліся толькі дзеці расейскай арыстакратычнай эліты.
Паміж маладымі ўспыхнула каханьне. Але былі вялікія перашкоды да шлюбу: прынц вызнаваў будызм — Кацярына была праваслаўнай[6]. Маладыя таемна вянчаліся ў грэцкай царкве Сьвятой Тройцы ў Канстантынопалі (цяпер Стамбул). Сіямская каралеўская сям’я ўспрыняла гэты шлюб як мэзальянс, і Дзясьніцкую пры двары не прынялі. Сытуацыя не зьмянілася нават з нараджэньнем каралеўскага ўнука Кацярыны Чулы (28 сакавіка 1908 г.)[7].
У 1910 годзе кароль Рама V (Чулалангкорн) памёр, а яго старэйшы сын Вахправуд узышоў на сталец пад імем Рама VI. Ён афіцыйна прызнаў шлюб свайго брата, і Дзясьніцкая атрымала тытул прынцэсы Сіяму вышэйшага рангу пад імем На Пхітсанулок (названая ў гонар правінцыі, якую ўзначальваў ейны муж). Праблемы ў сямейным жыцьці ўзьніклі, калі ў 1918 годзе Чакрабонгсэ закахаўся ў прынцэсу Чаваліт, дачку прынца Родзі, свайго далёкага сваяка. Кацярыне прыйшлося цяжка, таму што ў каралеўскай сям’і Сіяму практыкавалася шматжонства, і муж прасіў яе зьмірыцца з супэрніцай. Але яна запатрабавала разводу. Адмовілася ад вялікіх алімэнтаў, пагадзіўшыся толькі на суму ў 1200 фунтаў на год[8].
Пара разьвялася. Іх сын Чула Чакрабонс застаўся ў Сіяме, бо быў сынам спадчыньніка стальцу, а ўлетку 1919 году Кацярына Дзясьніцкая паехала жыць да брата, дыплямата, у Шанхай. У Кітаі яна ўступіла ў Чырвоны Крыж. Кароль забараніў Чакрабону брацца шлюбам з Чаваліт, бо яна была ягонай пляменьніцай. Пара жыла ў грамадзянскім шлюбе. Неўзабаве прынц прастудзіўся, катаючыся на яхце. 11 чэрвеня 1920 г. Чакрабонгсэ памёр ад пнэўманіі[9].
Жыла ў Шанхаі. У сувязі з кітайска-японскай вайной 1930-х гадоў Кацярына з новым амэрыканскім мужам Гары пераехалі ў Портленд, ЗША. Неўзабаве яны разьвяліся. Пасьля Другой сусьветнай вайны Кацярына пераехала ў Францыю. Яна пасялілася пад Парыжам, дзе ў 1960 годзе памерла ад сардэчнага прыступу[10].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Енциклопедія сучасної України (укр.) — Інститут енциклопедичних досліджень НАН України, 2001. — ISBN 966-02-2075-8
- ^ Інна Майко. Сіамська українка // Україна молода, № 46, 23.03.2011.
- ^ Ніна Романюк. Знайти принцесу // Україна молода, 18.05.2010, с. 10.
- ^ Станіслав Цалик. Катерина Десницька покинула сіамського принца // Газета по-українськи, № 351, 18.04.2007.
- ^ Станислав Цалик. Вальс киевской Золушки. Невероятная история принцессы Сиама — киевлянки Екатерины Десницкой // Фокус, октябрь 2016, https://focus.ua/archivist/355407
- ^ Інна Майко. Сіамська українка // Україна молода, № 46, 23.03.2011.
- ^ Ajay Kamalakaran, «From nurse to duchess», sur nationthailand, 26 septembre 2016, https://www.nationthailand.com/life/30296248
- ^ Gazeta.ua (2007-04-17). «Екатерина Десницкая оставила сиамского принца». Gazeta.ua
- ^ Інна Майко. Сіамська українка // Україна молода, № 46, 23.03.2011.
- ^ Christine Chraibi, The incredible story of a beautiful Ukrainian girl from Lutsk who became the Princess of Siam, Euromaidanpress.com, 2021/01/02, https://euromaidanpress.com/2021/01/02/the-incredible-story-of-a-beautiful-ukrainian-girl-from-lutsk-who-became-the-princess-of-siam/