Перайсьці да зьместу

Касэтны скандал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Касэтны скандал стаў адною з перадумоваў акцыі «Украіна бяз Кучмы». Кіеў, 6 лютага 2001 року.

Касэ́тны сканда́л (па-ўкраінску: Касетний скандал, «Кучмагэйт») — палітычны скандал ва Ўкраіне, што выбухнуў пасьля апублікаваньня касэтных запісаў з кабінэту Прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы ўвосені 2000 року, што сьведчаць пра дачыненьне тагачаснага Прэзыдэнта Ўкраіны Л. Кучмы ды шэрагу іншых высокапасадоўцаў ды палітыкаў да забойства журналіста Георгія Ґанґадзэ.

Храналёґія падзеяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 верасьня 2000 року зьнік апазыцыйна настроены журналіст Георгі Ґанґадзэ. Менавіта ў гэты час прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма выбудоўваў моцную вэртыкаль прэзыдэнцкае ўлады, а ў грамадзтве назапашваліся апазыцыйныя настроі, выкліканыя аўтарытарнымі мэтадамі дзяржаўнага кіраваньня[1].

28 лістапада 2000 року, праз два месяцы пасьля зьнікненьня Ґанґадзэ, Аляксандар Мароз праінфармаваў парлямэнт і журналістаў пра тое, што ён валодае таемнымі запісамі размоваў Прэзыдэнта Леаніда Кучмы ды высокапастаўленых урадоўцаў, якія асьвятляюць забойства Ґанґадзэ. Паводле Мароза, у размовах, запісаных супрацоўнікам Службы Бясьпекі Прэзыдэнта Міколам Мельнічэнкам, удзельнічаюць Кучма ды ягоныя найбліжэйшыя памочнікі — кіраўнік Адміністрацыі Прэзыдэнта Уладзімер Літвін, Міністар унутраных справаў Юры Краўчанка ды кіраўнік СБУ Леанід Дэркач, што абмяркоўваюць дзейнасьць Ґанґадзэ і вырашаюць, як зь ім быць. На думку А. Мароза ды некаторых іншых чальцоў парлямэнту, гэтыя размовы даюць падставу лічыць, што Прэзыдэнт пэўным чынам датычны да зьнікненьня Георгія Ґанґадзе[1].

Дзеючая ўлада рашуча адпрэчыла хоць-якія абвінавачваньні ў датычнасьці да гібелі Г. Ґанґадзе ды намагалася замяць канфлікт, аднак празь месяц больш за палову насельніцтва Ўкраіны аказваецца азнаёмленай з зьместам «стужкі Мельнічэнкі».

З 15 сьнежня 2000 року[2] ў Кіеве распачынаюцца акцыі пратэсту з нагоды 3 месяцаў з часу зьнікненьня Ґанґадзэ[3], якія 19 сьнежня перарастаюць у акцыю «Украіна без Кучмы». Сярод лідэраў акцыі — Юры Луцэнка, Уладзімер Чамярыс, Міхайла Сьвістовіч[4]. Да акцыі далучылася таксама партыя «Бацькаўшчына» на чале з Юляю Цімашэнка, на бок апазыцыі становіцца ўкраінская дыяспара[2]

2 верасьня 2002 року Часовая сьледчая камісія Вярхоўнай Рады Ўкраіны на чале з Рыгорам Амэльчанкам, разглядзеўшы заявы Міраславы Ґанґадзэ і Міколы Мельнічэнкі, дасьледаваўшы выкладзеныя ў іх фактычныя зьвесткі, а таксама зробленыя Мікалаем Мельнічэнкам у службовым кабінэце Прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы аўдыёзапісы размоваў Прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы зь ягоным бліжэйшым асяродзьдзем, прыняўшы да ўвагі высновы экспэртызы, праведзенай кампаніяю «Бэк Тэк» (ЗША, экспэрт Брус Э. Кэніґ) і іншыя сабраныя доказы, прыйшла да высновы: наяўных доказаў дастаткова для таго, каб лічыць Прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучму і шэраг асобаў зь ягонага бліжэйшага асяродзьдзя (Уладзімера Літвіна, Юрыя Краўчанкі, Леаніда Дэркача) саўдзельнікамі злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.27, ч.3 арт.146 КК Украіны, то бок арґанізатарамі выкраданьня журналіста Георгія Ґанґадзэ, «зьдзейсьненага арґанізаванаю ґрупаю асобаў па папярэдняй змове, што пацягнула цяжкія наступствы».

На падставе сабраных доказаў Часовая сьледчая камісія вырашыла патрабаваць ад Ґенэральнага пракурора Ўкраіны Сьвятаслава Піскуна адпаведна да арт. 94, 95, 97, 98 КПК Украіны распачаць крымінальную справу супраць Прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, іншых названых асобаў па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных ч.3 арт.27, ч.3 арт.146 КК Украіны[3].

Расьсьледаваньне крымінальнае справы пра абставіны запісаў Мельнічэнка і сьмерць Георгія Ґанґадзэ застаюцца недастаткова высьветленымі, насуперак масе інфармацыі, пра што сьведчаць шматлікія журналісцкія расьсьледаваньні.

Запісы Мельнічэнкі, які заявіў пра наяўнасьць доказаў, што былы прэзыдэнт Кучма мае быць абвінавачаным ў злоўжываньні службовым становішчам і пазапраўных дзеях, распараджэньня службовым асобам МУС, фіґуравалі ў крымінальнай справе па факце забойства Ґанґадзэ, адкрытай супраць Кучмы 21 сакавіка 2011. Украінскі раённы суд абавязаў пракурора пра спыненьне крымінальнага абвінавачваньня супраць Кучмы 14 сьнежня 2011 на падставе таго, што доказы пра яго дачыненьне да забойства Ґанґадзэ недастатковыя. Суд адхіліў запісы Мельнічэнкі як доказы.

«Касэтны скандал» пацягнуў за сабою звальненьне кіраўнікоў СБУ ды МУС — Дэркача ды Краўчанка[5].

  1. ^ «Касетний скандал»: геополітичний і національний виміри (укр.). День (4 вересня 2011). Праверана 4 червня 2015 г. Архіўная копія ад 2015-06-04 г.
  2. ^ Міліція і особи в штатському склали компанію акції "Три місяці без Правди" Праверана 2017-03-24 г. Архіўная копія ад 2008-09-05 г.
  3. ^ Хроніка мітингу Праверана 2017-03-24 г. Архіўная копія ад 2008-08-21 г.
  4. ^ Всі на акцію Праверана 2017-03-24 г. Архіўная копія ад 2008-09-07 г.
  5. ^ Три Майдани (укр.)  Праверана 2017-03-24 г.
  • Ю. Шаповал. Справа Ґонґадзе // Політична енциклопедія. Редкол.: Ю. Левенець (голова), Ю. Шаповал (заст. голови) та ін. — К.: Парламентське видавництво, 2011. — с.685 ISBN 978-966-611-818-2

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]