Канстантын Сьвятліцкі
Канстантын Сьвятліцкі | |
Губэрнатар Якуцкай вобласьці Расейскай імпэрыі | |
---|---|
10 кастрычніка 1885 г. — 12 траўня 1889 г. | |
Папярэднік: | Георгі Чарняеў |
Наступнік: | Уладзімер Каленка |
Губэрнатар Іркуцкай вобласьці Расейскай імпэрыі | |
12 траўня 1889 г. — 24 студзеня 1897 г. | |
Папярэднік: | Уладзімер Каленка |
Наступнік: | Іван Малерыюс |
Губэрнатар Енісейскай губэрні Расейскай імпэрыі | |
24 студзеня 1897 г. — 9 студзеня 1989 г. | |
Папярэднік: | Леанід Целякоўскі |
Наступнік: | Міхаіл Плец |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
23 верасьня 1842 |
Памёр: | пасьля 1898 |
Адукацыя: | Акадэмія Генэральнага штабу |
Узнагароды: |
Канстантын Мікалаевіч Сьвятліцкі (па-расейску: Константин Николаевич Светлицкий; 23 верасьня 1842 — ?) — дзяржаўны дзяяч Расейскай імпэрыі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў са шляхты Гарадзенскай губэрні.[1] Выхоўваўся ў 2-м кадэцкім корпусе. Службу пачаў прапаршчыкам у 18-й артылерыйскай брыгадзе, адтуль у студні 1866 году ў званьні падпаручніка быў пераведзены ў Маскоўскі полк. Праз тры месяцы яго накіроўваюць у Мікалаеўскую Акадэмію Генэральнага штабу дзе ён скончыў поўны курс навук па 2-му разраду і ў лістападзе 1868 г. адпраўлены ў штаб войскаў гвардыі Пецярбурскай ваеннай акругі. 10 чэрвеня 1871 г. высачэйшым загадам прызначаны старшым ад’ютантам у штаб 14-й пяхотнай дывізіі. З 31 студзеня 1872 г. ён старшы ад’ютант штабу Казанскай ваеннай акругі, з 24 верасьня 1874 г. афіцэр асобых даручэньняў пры камандуючым войскамі Ўсходне-Сыбірскай ваеннай акругі ў Іркуцку, загадваў дыпляматычнаю перапіскаю пры Галоўным упраўленьні Ўсходняй Сыбіры. За выдатную службу 10 красавіка 1878 г. нададзены чын палкоўніка. У гэтым званьні высачэйшым загадам ад 10 жніўня 1878 году ён прызначаны выконваючым абавязкі начальніка штабу войскаў Забайкальскай вобласьці з пакіданьнем у Генэральным штабе. 26 ліпеня 1884 г. ён залічаны ў запас Генэральнага штабу. 10 кастрычніка 1885 г. прызначаны выконваючым абавязкі губэрнатара Якуцкай вобласьці з залічэньнем у Генэральны штаб.
У пачатку 1886 г. па хадайніцтву эпіскапа Іякава ды клопатамі Сьвятліцкага ў Якуцку ў грамадзкай залі якуцкай гарадзкой управы была адчыненая першая гарадзкая публічная бібліятэка-чытальня.
7 ліпеня 1886 г. Сьвятліцкі зьвярнуўся да генэрал-губэрнатара Ўсходняй Сыбіры, генэрал-лейтэнанта, графа А. П. Ігнацьева, які прыбыў у Якуцк з рэвізіяй, з дакладной пісулькай, у якой ён прапаноўваў узнавіць Якуцка-Аянскі тракт, як яшчэ адзін выхад да Ціхаакіянскага ўзьбярэжжа, ў першапачатковым стане.
Дзеля пакрыцьця выдаткаў на пракладку колавага шляху на ўчастку Нэлькан-Аян Сьвятліцкі прапанаваў абкласьці 20-капеечным папудным зборам увазныя тавары. Ігнацьеў ухваліў захады Сьвятліцкага і даручыў яму асабіста агледзіць стан тракту ды прыбыць з дакладам у Іркуцк.
У жніўні — верасьні 1886 г. гэтае даручэньне Сьвятліцкі пасьпяхова выканаў, аб чым паведаміў ў дакладзе ад 6 лістапада 1886 г. на імя генэрал-губэрнатара, з дадаткам 45-старонкавай «Запіскі аб Аянскім тракце».
А. Ігнацьеў даў наступную характарыстыку службовай дзейнасьці якуцкага губэрнатара: «...я меў магчымасьць непасрэдна пераканацца ў карыснай дзейнасьці і ўзмоцненых службовых працах палкоўніка Сьвятліцкага, які зьдзейсьніў, між іншым, для карысьці даверанай яму вобласьці асабістыя пошукі шляху ад горада Якуцка да порту Аян».
30 жніўня 1887 г. за выдатную службу Сьвятліцкі атрымаў званьне генэрал-маёра са старшынствам і быў зацьверджаны на пасадзе якуцкага губэрнатара з залічэньнем па Генэральным штабе.
Надзвычай шкодны ўплыў ссылкі на карэннае насельніцтва вобласьці адзначаецца ў справаздачы губэрнатара Сьвятліцкага за 1887 г., дзе ён адзначаў што па-ранейшаму ў ёй застаецца задужа значнае зборышча «злачынцаў, якіх ссылаюць сюды без разьліку дачыненьня іх да карэннага яе насельніцтва, што асабліва мела месца ў 1882 і 1883 гадах, калі было прыслана ў вобласьць 2317 чалавек злачынцаў». У справаздачах скіравана ўвага галоўнага начальніка Ўсходняй Сыбіры на зьмяненьне сыстэмы ссылкі і на абмежаваньне высылкі ў Якуцкую вобласьць ссыльных.
Губэрнатар К. М. Сьвятліцкі адшукаў грашовыя сродкі на заснаваньне ў Якуцку ў 1888 г. начлежнага дому для бедных і беспрытульных, які даў прытулак большай палове гарадзкога беспрытульнага насельніцтва і на палову скараціў памер жабрацтва, ды таксама дзіцячага прытулку для арыштанцкіх дзяцей. Пазьней, як заснавальніка прытулку, Сьвятліцкага папрасілі прыняць на сябе званьне ганаровага папячыцеля і даслаць свой партрэт, што ім было і зроблена.
Горад Якуцк быў абавязаны К. М. Сьвятліцкаму ўзьнікненьнем бібліятэкі Якуцкага дзіцячага прытулку а гарадзкая публічная бібліятэка ўзбагацілася яго каштоўнымі ахвяраваньнямі кніг па геаграфіі і статыстыцы Расейскай імпэрыі і Сыбіры. Сьвятліцкім былі заснаваныя абласны музэй і ўзорная земляробчая фэрма; ім не былі пакінуты без увагі разьвіцьцё гандлю і прамысловасьці.
Высачэйшым Загадам ад 12 траўня 1889 г. якуцкі губэрнатар, генэрал-маёр К. М. Сьвятліцкі быў прызначаны іркуцкім губэрнатарам.
Якуцкая гарадзкая дума пад прадстаўніцтвам гарадзкога галовы М. Т. Самылоўскага ў прысутнасьці 16 галосных 3 жніўня 1889 г. адзінагалосна абрала былога якуцкага губэрнатара генэрал-маёра К. Н. Сьвятліцкага ганаровым грамадзянінам гораду Якуцка. Прычым было выказана, што ў бытнасьць якуцкім губэрнатарам ім былі заснаваныя і распачатыя такія меры, за якія горад застанецца заўсёды яму ўдзячным. Імпэратар Аляксандар III па ўсепаддадзеньнейшаму дакладу міністра ўнутраных справаў 25 кастрычніка 1890 г. высачэйша зацьвердзіў прысваеньне званьня ганаровага грамадзяніна г. Якуцка былому якуцкаму губэрнатару К. Н. Сьвятліцкаму, аб чым іркуцкі генэрал-губэрнатар апавясьціў яго лістом ад 10 сьнежня таго ж году.
30 чэрвеня 1890 г. браты Шафігуліны, сяляне Казанскай губэрні, падаюць прашэньне іркуцкаму губэрнатару аб дазволе пабудовы ў Іркуцку мячэці, і ўжо 11 сьнежня 1896 г. Шайхуле Шафігуліну было выдадзена падпісанае губэрнатарам Сьвятліцкім пасьведчаньне на дазвол прыстасаваньня драўлянага дому да разьмяшчэньня ў ім мячэці, пакуль ня будзе пабудаваная новая саборная.
Увечары 28 студзеня 1892 г. ў доме генэрал-губэрнатара адбылося першае паседжаньне Іркуцкага тэатральна-будаўнічага камітэта. Старшынем быў абраны генэрал-губэрнатар Усходняй Сыбіры, а таварышам старшыні К. М. Сьвятліцкі.
У Канстанціна Сьвятліцкага было два родныя браты: генэрал-маёр Мікалай (нар. у 1854) і палкоўнік Аляксандар (нар. у 1855).
24 студзеня 1897 г. Сьвятліцкага прызначаюць енісейскім губэрнатарам і ён пераяжджае ў Краснаярск, але ўжо ў 1898 г. яго пераводзяць у іншае месца. Быў старшынём Мінусінскага павету[2]. Пахаваны на могілках Манастыра Смутку ў Маскве.
Намесьнік міністра энэргетыкі Расеі Станіслаў Сьвятліцкі ўлетку 2009 г. сьцьвярджаў:[3]
«Іркуцк — сямейна не чужы горад для мяне. Мой прапрадзед Канстанцін Мікалаевіч Сьвятліцкі быў губэрнатарам Іркуцкай губэрні. Тут ён знайшоў сабе жонку з купецкага роду. Пры ім быў куплены губэрнатарскі дом, у якім ён жыў. Я яго бачыў пад час візыту ў горад».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Светлицкий К. Н. Записка об Аянском тракте. [Публикация П. Казаряна] // Полярная звезда. Якутск. № 4. 2002. С. 78-96
- Калашников А. А. Якутский губернатор К. Н. Светлицкий. // Якутский архив. № 2. Якутск. 2007. С. 59-61
- Баркоўскі А. Ганаровы грамадзянін горада Якуцка. // Краязнаўчая газета. Мінск. № 34. 2009. С 7
- Иркутск близок Станиславу Светлицкому ещё и потому, что его прапрадед был губернатором Иркутской губернии. // Сибирский энергетик. Иркутск. 22 декабря 2009
- Губернатор Константин Светлицкий. На государевой службе. 2010. (А. В. Гимельштейн, Дмитрий Люстрицкий и Александр Ануфриев)
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |