Калыханка
Калыха́нка — адзін з найстарэйшых жанраў дзіцячай літаратуры; простая паводле зьместу і выяўленчых сродкаў пяшчотная песенька, пад якую маці закалыхваюць сваіх дзяцей. Дзякуючы калыханцы дзіця хутчэй і лягчэй авалодвае роднай мовай, атрымлівае першыя ўяўленьні пра навакольны сьвет, разьвівае пачуцьцё моўнага і музычнага рытму, знаёміцца з асновамі паэтычнай творчасьці (рытм, рыфма, гукапіс). Калыханкі зьяўляюцца адной з найстарэйшых формаў фальклёру.
Калыханкі разлічаныя на незвычайнага слухача — дзіця, якое нават не разумее словаў. Гэтая акалічнасьць абумовіла форму песьні (мэлёдыю і рытм), а таксама даступнасьць зьместу, прастату кампазыцыі, займальнасьць.
У калыханках мы часта знаходзім успаміны пра сон, дрымоту, якія часам зьяўляюцца адухоўленымі істотамі, якія прыходзяць да чалавека:
Ходзіць каток па сяле,
Носіць сон у кашале.
Ходзіць каток па капусьце,
Носіць сон у белай хусьце,
Бабы катка злапалі,
Сон для дзетак забралі.
Калыханкі знаёмяць дзіця з навакольным сьветам, расказваюць пра свойскіх жывёлаў, птушак, розных зьвяроў, іхнія прыгоды і ўчынкі. Галоўным пэрсанажам большасьці калыханак зьяўляецца кот:
Пайдзі, коця, на вулку,
А дзіця ў люльку.
На ката варкота,
А на дзіця дрымота.
На ката безгалоўе,
А на дзіця здароўе,
На ката ўсё ліха,
А ты, дзіця, сьпі ціха.
У калыханках кот — жаданы госьць у хаце, яго клічуць закалыхаць, дапамагчы прыспаць дзіця:
Прыйдзі, прыйдзі, коця,
Маня спаці хоча.
Хоча, хоча да ня сьпіць,
Трэба яе прысыпіць.
Побач з катом у калыханках любімымі пэрсанажамі зьяўляюцца птушкі — куры, зь якімі даводзіцца дзіцяці знаёміцца вельмі рана, і галубы, або гулі, вулі:
Ааа, ааа, люлі,
Прыляцелі куры,
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі куркі сакатаць —
Трэба куркам есьці даць.
Пасыпем ім грэчкі,
Каб нясьлі яечкі.
Куры грэчкі не ядуць
І яечак не нясуць.
Сталі куркі сакатаць —
А што куркам есьці даць?
Пасыпем гароху,
Хай ядуць патроху.
І гароху не ядуць,
І яечак не нясуць.
Злазьце, куркі, вы з варот
Ды ідзіце ў агарод,
Бо дзіцяці трэба спаць,
А мне яго калыхаць.
А вы, куркі, — гультаі,
Дык хадзіце па ральлі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |