Кабукі
Кабу́кі (па-японску: 歌舞伎 — літар. «песьня, танец, майстэрства», «майстэрства музыкі й танцу») — від японскага тэатральнага мастацтва. Узьнік у XVI стагодзьдзі на аснове народнага тэатру й народнага танцу. Для гэтага віду тэатру ўласьцівыя наступныя адметныя рысы: складаныя дэкарацыі (уключаючы сюды спэцыяльны памост, які злучае сцэну з глядацкай заляй); насычанасьць тэатральных прадстаўленьняў дынамічным дзеяньнем і эфэктнымі сцэнамі; арганічнае спалучэньне музыкі, танцу, драмы, пантамімы.
Этымалёгія слова «кабукі»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Слова «кабукі» паходзіць ад дзеяслова «кабукі», які літаральна азначае «адхіляцца». Пазьней слова «кабукі» пачало пазначацца кітайскімі герогліфамі, а «кабукі» паступова выйшла з ужытку.
Слова «кабукі» ў яго арыгінальным напісаньні на японскай мове складаецца з трох герогліфаў — 歌舞 伎, дзе сымбалі 歌舞 (кабу) азначаюць словазлучэньне «песьня й танец», а знак 伎 (кі) — «майстэрства». У пачатку XVII стагодзьдзя ў якасьці амонімаў для кі выкарыстоўваліся герогліфы «кваліфікаваная жанчына» й «гульня». Такая камбінацыя знакаў дае апісаньне драмы, якая ў той час уяўляла сабой прадстаўленьні, якія складаліся з танцаў, песень і скетчаў з драматычным складнікам.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узьнік у XVI стагодзьдзі на аснове народнага тэатру й народнага танцу.
Першапачаткова трупы складаліся пераважна з жанчынаў (она-кабукі), пасьля іх забароны ў 1629 годзе — з хлопчыкаў-падлеткаў (вакасю-кабукі), з 1651 году — выключна з мужчынаў (яра-кабукі), якія выконвалі й жаночыя ролі (анагата).
Гісторыя драматургіі кабукі зьвязаная з разьвіцьцём гутарковай драмы (нёгэн), якой папярэднічаў народны вулічны фарс XIV—XV стагодзьдзяў. Гульня актораў будавалася на аснове перайманьня рэчаіснасьці (манамантэ) і перадачы ўнутранага сьвету, стану чалавека.
Галоўныя жанры кабукі — пачуцьцёвая мэлядрама й бытавая драма.
Росквіт кабукі пачынаецца з канца XVII стагодзьдзя. Завершаную форму набыў у другой палове XVIII стагодзьдзя, калі ў рэпэртуар увайшлі п’есы тэатра марыянэтак, пантаміма, склаліся дакладна вызначаныя тэхніка ігры актораў (ката), амплюа (герой, нягоднік, дзяўчына, хлопец і інш.), сыстэма дэкарацыяў і абсталяваньня сцэны, акторскія дынастыі.
З 1870-х гадоў кабукі рэфармаваўся, часткова набыў эўрапейскія рысы.
У 1980-я гады пачалося абнаўленьне тэатру й яго новы ўздым.
У сучасным кабукі захаваліся асаблівая ўмоўная манера выкананьня, кананічныя позы, грым, дэкарацыі й інш.
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сучаснай Японіі кабукі застаецца даволі папулярным жанрам — ён самы папулярны від тэатральнага мастацтва сярод усіх традыцыйных японскіх драматычных жанраў. Многія вядучыя акторы кабукі часта здымаюцца ў кіно й на тэлебачаньні (Банда Тамасабура V сыграў некалькі роляў (у тым ліку і жаночых) у кінафільмах).
У некаторых тэатральных трупах жаночыя ролі зноў пачалі выконваць жанчыны, а пасьля Другой сусьветнай вайны быў сфармаваны цалкам жаночы калектыў кабукі Іцікава Кабукі-дза.
24 лістапада 2005 году кабукі ўвайшоў у «Трэцюю Дэклярацыю шэдэўраў вуснай спадчыны чалавецтва» ЮНЭСКО.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
- Brandon, James R. (2009). Kabuki's Forgotten War: 1931–1945. University of Hawaii Press. ISBN 0-8248-3200-0.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кабукі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў