Зянон Якуць
Зянон Якуць | |
Род дзейнасьці | каталіцкі сьвятар |
---|---|
Дата нараджэньня | 22 студзеня 1894 |
Месца нараджэньня | Скурцішкі, Новааляксандраўскі павет, Ковенская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 3 студзеня 1924 (29 гадоў) |
Месца сьмерці | Шаркоўшчына, Польская Рэспубліка |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы |
Якуць Зянон (1894—1924) — каталіцкі сьвятар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху 20 ст., душапастыр.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 22 студзеня 1894 у засьценку Скурцішкі Новааляксандраўскага павету Ковенскай губэрні. Паходзіў зь сялянскай сям’і: бацькі — Ян і Юзэфа (з дому Гасянцоў) Якуці. У 1909—1912 гг. вучыўся ў Відзаўскай гарадзкой 4-кляснай навучальні, дзе скончыў поўны курс навучаньня. Пасьпяхова здаў экзамэн на званьне аптэкарскага вучня ў сьнежні 1912 г. і атрымаў пасьведчаньне зь Пецярбурскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Прымаў удзел у дзейнасьці беларускага культурна-асьветнага гуртка студэнтаў-сэмінарыстаў. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1919 г. Зь беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам зьвязаны з часоў вучобы ў Вільні. У 1920—1924 гг. выконваў сьвятарскія абавязкі ў парафіі Шаркоўшчына Дзісенскага дэканата. Ад пачатку душапастырскай дзейнасьці сьвядома і пасьлядоўна праводзіў беларусізацыю рымска-каталіцкай царквы ў парафіях зь беларускім насельніцтвам. Зьвяртаўся да вернікаў з казаньнямі і праводзіў катэхізацыю дзяцей на беларускай мове. Памёр 03.01.1924 у Шаркоўшчыне. Пахаваны на мясцовых парафіяльных могілках.
Напрыканцы 1920-х гадоў, акрэсьліваючы месца і ролю З.Якуця ў беларускім хрысьціянскім руху 20 ст., адзін зь яго лідэраў, Адам Станкевіч, напісаў: «Калі ўспамінаць далей аб кс. З.Якуцю як аб беларусу, дык трэба сказаць, што быў ён ідэальным прыкладам сваім калегам ксяндзам, як незвычайна прыгожа зыходзяцца з сабой між беларускага народу духоўная пастырскасьць і беларускасьць. Кс. З.Якуць быў тыповы ксёндз-беларус. Ён глыбока разумеў важнасьць беларускага адраджэньня, цаніў яго і прыкладаў да роднай справы ўсе свае сілы».
Успамін
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На сьмерць калегі Казімер Сваяк напісаў верш[1]:
- О, Браце мой у долі і нядолі!
- Паверыў я, што лёг ты ў магілу,
- Бо-ж сумна так стагнаў твой дух ад болі,
- Што твой народ згубіў айчыну мілу…
- Так верыў ты, што час свабодны прыйдзе,
- Дух божы ўвыш народ з працьмы падойме,
- Нячыстага аддасьць навек агідзе,
- Нас зорам дабраты адвечнае абойме —
- Любіў народ ты, Браце, сэрцам цэлым
- І зразумеў яго бяду духову;
- Вучыў яго, ад горачы збалелы,
- Каб уміраць і жыць заўсёды быў гатовы.
- Ты адышоў, згарэўшы як афяра,
- За наш народ, — за вечную ідэю
- Яго душы: пражыці не як мара
- На сьвеце бед, а мець надзею
- Здабыць той зьніч з грудзей самога Бога,
- Што шчасьце дасьць жывому чалавеку…
- Ах, цяжкая туды, Браток, дарога, —
- Хоць значана нам Божанькай спрадвеку.
- Агонь ты нёс і сьветачам быў зорным,
- Гарэў пламенна цэлаю істотай, —
- Прад Богам быў і кволы і пакорны,
- Людзям служыў з анельскаю ахвотай.
- О, будзь шчасьліў!.. бо ты жывеш — я веру,
- Хоць пад дзярном галоўка супачыла…
- І я сабе магілу ўжо адмеру,
- Ах, бо мяне зьнямога асіліла.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Казімір Сваяк Выбраныя творы. — Мн.: 2010. — С. 115-116. — 472 с. — (Беларускі кнігазбор).