Перайсьці да зьместу

Зброя несьмяротнага дзеяньня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Экспэрымэнтальная лазэрная зброя (PHaSR), якая часова асьляпляе праціўніка

Зброя несьмяротнага дзеяньня (ЗНД) — зброя, якая пры звычайным ужываньні не павінна прыводзіць да згубы ці сур’ёзных траўмаў у тых, супраць каго яна накіравана. Асноўная мэта выкарыстаньня такой зброі — нэўтралізацыя, а не параза праціўніка; шкода здароўю і фізычнаму стану людзей пры гэтым павінна быць зьведзеная да мінімуму.

Асноўныя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зброя несьмяротнага дзеяньня, умоўна празваная ў сродках масавае інфармацыі «гуманнай», прызначана для часовага вывядзеньня з ладу жывой сілы праціўніка, без прычыненьня пэрманэнтнай шкоды для здароўя людзей.

Да дадзенай катэгорыі адносяць шырокі комплекс мэханічных, хімічных, электрычных і сьвятлогукавых прыладаў, выкарыстоўваных праваахоўнымі органамі і спэцслужбамі для аказаньня псыхафізычнага, траўматычнага і стрымальнага ўзьдзеяньня на правапарушальніка, часовага вывядзеньня яго з ладу, а таксама армэйскім спэцназам — для захопу праціўніка жывым.

Як правіла, спэцсродкі выкарыстоўваюцца праваахоўнымі органамі для затрыманьня правапарушальнікаў, спыненьня зь іх боку актыўнага супраціву, вызваленьня закладнікаў, спыненьня і ліквідацыі групавых хуліганскіх праяваў і масавых беспарадкаў.

Праблемы бясьпекі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкарыстаньне несьмяротнай зброі заклікана зьвесьці да мінімуму магчымасьць ненаўмысных ахвяраў. Цалкам гэта выключыць немагчыма, але такія выпадкі рэдкія. Найболей характэрнымі чыньнікамі, якія могуць прывесьці да згубы чалавека пры ўжываньні несьмяротнай зброі, зьяўляюцца выпадковыя стрэлы, рыкашэты, няўмелае карыстаньне зброяй і супрацьпраўнае ўжываньне яе, а таксама наяўнасьць у ахвяры ўтоеных мэдыцынскіх праблемаў.

Паколькі розныя часткі цела чалавека адрозьніваюцца ступенямі ўразьлівасьці, а самі людзі адрозьніваюцца фізычным станам, то любая зброя, здольная выводзіць з ладу, верагодна, будзе здольна пры пэўных акалічнасьцях стаць прыладаю забойства. Ужываньне плястыкавых, гумовых куляў і іншых «несьмяротных» боепрыпасаў можа стаць чыньнікам кантузіяў, пераломаў рэбраў, страсеньняў мозгу, страты вачэй, павярхоўных пашкоджаньняў розных органаў і скуры, пашкоджаньняў чэрапа, разрываў сэрца, нырак, печані, унутраных кровазьліцьцяў і нават сьмерці. Людзі, якія падвергліся дзеяньню несьмяротнай зброі, павінны неадкладна зьвяртацца да лекара, нават пры адсутнасьці бачных цялесных пашкоджаньняў.

  • Траўматычная зброя самаабароны, у прыватнасьці, пісталеты «АСА» і «Макарыч».
Вадамёт нямецкіх правахоўных органаў падчас разгону дэманстрацыі, 2001 год
  • Вадамёты — прылады, якія аказваюць фізычнае ўзьдзеяньне бруямі вады пад вялікім ціскам. Як правіла, не наносяць цяжкіх траўмаў, але здольныя выклікаць пераахаладжэньне, а пры адмоўнай тэмпэратуры — і абмаражэньне, у тым ліку са сьмяротным зыходам. Могуць быць збудаваны на аснове падручных сродкаў (у прыватнасьці, пажарных брандспойтаў). Зьяўляюцца аднымі з найболей распаўсюджаных і папулярных сродкаў барацьбы зь беспарадкамі.
  • Слязысты ґаз, «смьярдзючы» зарад, перачны ґаз, псыхатропныя атрутныя рэчывы — хімічныя рэчывы, якія выклікаюць раздражненьне органаў успрыманьня (сьлёзацёк, рэзь, «звон у вушах»), органаў дыханьня (кашаль, удушша), скуры (паленьне, запаленьне), нэрвовае сыстэмы і псыхікі (галюцынацыі, страта сьвядомасьці, пачуцьцё жаху і страху, паніка) што робяць немагчымым працяг усьвядомленае дзейнасьці ў зоне ўзьдзеяньня. У залежнасьці ад уласьцівасьцяў сумесі можа быць аднесена да хімічнай зброі, забароненай ААН[1]. Падобныя сродкі могуць выкарыстоўвацца дыстанцыйна: як адмысловыя патроны для стрэльбаў, так і як асобная зброя, накшталт FN 303.
  • Гукавая зброя — прынцып дзеяньня заснаваны на выпраменьваньні гукавых і інфрагукавых хваляў вызначаных частасьцяў. Прадстаўніком такога віду зброі можна лічыць LRAD (Дальнадзейная акустычная прылада). Распрацавана амэрыканскаю кампаніяй American Technology Corporation для ўжываньня вайскоўцамі і паліцыяй. Гэтая гукавая гармата здольная перадаваць выразныя папярэджаньні на шматлікія сотні мэтраў, павялічваючы гучнасьць перадаваных камандаў да непераноснае, і ўплываць такім чынам на паводзіны натоўпу, на каманды караблёў праціўніка, групы тэрарыстаў у будынках і т. п[2]. Гэтак жа т. з. страляльны мэгафон — вонкава сапраўды нагадвае мэгафон, унутр якога, нават не згінаючыся можа ўвайсьці чалавек. Магутныя імпульсы з частасьцю ад 2 да 3 тысячаў гэрц, магутнасьцю 150 дэцыбел. Гук такое магутнасьці цалкам можа вырабіць устойлівае пашкоджаньне органаў слыху. Людзі побач з такой гарматай губляюць самавалоданьне, зьяўляецца страх, галавакружэньне, млоснасьць. На блізкай адлегласьці — псыхічнае засмучэньне, разбурэньне ўнутраных органаў. Выкарыстоўваюцца для разгону натоўпу, выкліку панікі ў вайсковых падразьдзяленьнях, абароны аб’ектаў ад староньніх.
  • ЗВЧ-зброя парушае працу галаўнога мозгу і цэнтральнае нэрвовае сыстэмы, чалавек чуе няісныя шум і сьвіст[3][4]. Адзін з прадстаўнікоў такога віду зброі — сыстэма актыўнага адкідваньня (САА; анг. Active Denial System), распрацаваная для амэрыканскай арміі, што ўяўляе зь сябе магутны ЗВЧ-выпраменьвальнік. Усталёўка сыстэмы актыўнага адкідваньня выпраменьвае накіраваную энэрґію ў дыяпазоне мілімэтровых радыёхваляў, якая аказвае кароткачасовае шокавае ўзьдзеяньне на людзей на адлегласьці да 500 м. Пэнтагон правёў сэртыфікацыйныя выпрабаваньні ўсталёўкі САА на добраахвотніках, якія пры апрамяненьні адчувалі болевы шок і рэфлекторнае імкненьне неадкладна схавацца з зоны паразы (так званы «Goodbye effect»).
  • Сьветагукавыя гранаты — выкананы на аснове гарэньня піратэхнічных сродкаў і стварэньні нізкатэмпэратурнае ґазавае плязмы, пры іх выкарыстаньні чалавек сьлепне на 30 сэкундаў і губляе слых на 5 гадзінаў.
  • Тэрмічны пісталет — за сэкунды разагравае цела да тэмпэратуры звыш +40 градусаў Цэльсія; чалавек, супраць якога скарысталі дадзеную зброю, адчувае нясьцерпнае паленьне і жаданьне ўцячы.
  • Пенамёт — прылада, якая страляе адмысловаю хуткацьвярдзельнаю і ахінальнаю пенаю; салдаты хутка пазбаўляюцца рухомасьці, слыху і зроку.
  • Глейкія/сьлізкія палімэры — рэчывы, якія ўтвараюць пры полімэрызацыі глейкую ці, наадварот, сьлізкую стужку на паверхні аб’ектаў.
  • Лазэр — яго імпульсы дэзарыентоўваюць праціўніка і прыводзяць да часовага асьляпленьня. Выкарыстаньне лазэраў у якасьці асьляпляльнай зброі забаронена ААН[5]
  1. ^ Канвэнцыя пра забарону распрацоўкі, вытворчасьці, назапашваньні і ўжываньні хімічнай зброі і яе зьнішчэньні ААН
  2. ^ The Long Range Acoustic Device™ (LRAD®)
  3. ^ Эффекты нетеплового воздействия миллиметрового излучения на биологические объекты/ Под ред. Девяткова Н. Д. М. — ИРЭ АН СССР, 1983
  4. ^ Human auditory perception of pulsed radiofrequency energy. J.A. Elder & C. K. Chou, Motorola Florida Research Laboratories
  5. ^ Храналёґія мелых гістарычнае значэньне дамоваў і дамоваў пра раззбраеньне і нераспаўсюджаньні ААН. Афіцыйны сайт

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зброя несьмяротнага дзеяньнясховішча мультымэдыйных матэрыялаў