Закрут (парк)
Закрут[1] (па-польску: Zakręt, па-летувіску: Vingis) — найбуйнейшы парк у Вільні. Знаходзіцца ў заходняй частцы места (3 кілямэтры на захад ад цэнтру), у закруце рэчкі Вяльлі (агульным пляцам каля 160 га). Улюблёнае места віленчукоў для шпацыру, язды на ровары, вулічных канцэртаў, масавых супольных і палітычных імпрэзаў. Да парку вядуць два ўваходы — з вуліцы Чурлёніса і празь пешы мост ад вуліцы Біруцес.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XV—XVI стагодзьдзях сасновы бор, з трох бакоў акружаны абрывістымі берагамі рэчкі, належыў Радзівілам, потым езуітам, пазней віленскаму біскупу Ігнацію Масальскаму. Па яго сьмерці ў 1794 годзе маёнтак атрымалі ў спадчыну Патоцкія, якія прадалі яго графу Зубаву, а ў яго маёнтак набыў віленскі генерал-губернатар Л. Л. Бенігсэн.
Езуіты ў Закруце пабудавалі трохпавярховы палац з мансардамі па праекце архітэктара Глаўбіца, які потым перабудоўваўся іншымі ўладальнікамі. У летнім палацы Бенігсэна ў 1812 годзе гасцяваў імператар Аляксандр I з сваім штабам. Яму спадабалася маляўнічая мясцовасць і ён набыў у Бенігсэна ўсю тэрыторыю Закрута.
Усе вайсковыя службоўцы, якія былі тады пры рускам цары, як то: генерал- і флігель-ад’ютанты і іншыя, вырашылі даць сьвята цару. Для гэтага прызначаны быў замак бліз Вільні, які называўся Закрут, у якім раней жылі манахі, а пасля той быў узнагароджаны графам Бенігсенам. Сабралі грошы, і заснавальнікам гэтага свята абраны быў граф Армфельд[2].
Для ўрачыстай вячэры ў гонар Аляксандра I у Закруце архітэктару Міхалу Шульцу было даручана ўзвесьці павільён. Незадоўга да балю павільён абрынуўся. Зьбянтэжаны Шульц кінуўся ў Вілію і патануў:
Шульц паспяшаўся выканаць даручэнне і, хоць часу заставалася вельмі няшмат, паспеў узвесці сталовую, якая адрознівалася вытанчанасцю аздаблення, так што імператар і ўсе госці любаваліся пабудовай. Але за дзве гадзіны да вячэры дах гэтай залы рухнуў. Спалоханы Шульц, баючыся, каб яго не палічылі зламыснікам, кінуўся ў Вілію. Цела яго выцягнулі праз некалькі дзён за 20 вёрст ад места.
Французы ў закруцкім палацы наладзілі шпіталь. Ён згарэў разам з параненымі. Пасля вайны 1812 года палац не рамантаваўся і ў 1855 годзе яго рэшткі былі разабраны. На тэрыторыі Закруту быў уладкованы артылерыйскі палігон. На маляўнічым беразе Віліі ў 1857 годзе па ініцыятыве генерал-губернатара В. І. Назімава быў уладкованы кургаўз з драўляным павільёнам, гаспадарчымі пабудовамі, разбіты вялікі парк з ліпавай алеяй.
У 1920 годзе ў Закруце на беразе рэчкі пачаў фарміравацца батанічны сад Універсітэта Стэпана Батуры. Батанічны сад пацярпеў падчас паводкі, потым падчас Другой сусветнай вайны. Пасля вайны частка адноўленага батанічнага сада Віленскага дзяржаўнага ўніверсітэта была перанесена ў новае аддзяленьне ўніверсітэцкага батанічнага саду ў Кайраны (1975). Па стане на 2008 год у аддзяленьні Батанічнага саду Віленскага ўніверсітэта ў Закруце дзейнічаў аддзел сістэматыкі раслін і геаграфіі, мелася калекцыя адраўнелых раслін, якая налічвала 240 найменняў, ружы 200 гатункаў, калекцыя цыбульных раслін, у тым ліку цюльпа. лілеі 700 найменняў. Усяго напрыканцы 2005 года тут налічвалася 2300 відаў раслін. Пляц аддзяленьня Батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта ў парку Вінгіс складае 7,35 га.
У 1930 годзе на тэрыторыі Закрута былі пабудаваны склады польскай арміі і пракладзена вузкакалейка.
Ад 4 жніўня 1946 года да 1980-х гадоў у парке Закрут дзейнічала дзіцячая чыгунка даўжынёй 1,6 км з трыма станцыямі: «Піянерская», «Спартыўная» і «Камсамольская» (да 1950-х гг. была і чацвёртая станцыя — « Перамога»). У 1954 годзе ў парку пабудаваны стадыён «Працоўныя рэзервы». У 1960 годзе парк быў рэканструяваны і прыстасаваны для адпачынку месьцічаў і масавых мерапрыемстваў: у цэнтры парка была пабудавана вялікая канцэртная эстрада і абсталявана пляцоўка для гледачоў пляцам 2 га (па іншых звестках, у 4 га; праект эстонскага архітэктара Алара Котлі перапрацаваў і прывязаў да мясцовых умоў летувіскі архітэктар Рымвідас Ёна Алекна. Тут праходзілі і працягваюць праходзіць рэспубліканскія святы песні. 23 жніўня 1988 года на пляцу каля эстрады адбыўся найвялікшы мітынг Саюдзіса. 5 верасня 1993 года Папа Рымскі Ян Павел ІІ цэлебраваў тут імшу. Эстраду разам з размешчанай на супрацьлеглым беразе Віліі тэлевежай можна ўбачыць у першай серыі кінастужкі «Прыгоды Электроніка».
Ва ўсходняй частцы парка, непадалёк ад уваходу з боку вуліцы Чурлёніса, на езуіцкіх могілках пахаваны ахвяры эпідэміі чумы 1710 года. Тут стаіць пабудаваная ў 1796 годзе (па іншых звестках у 1799—1800 гадах) Рэпнінская капліца, у якой знаходзіцца прах жонкі літоўскага генерал-губернатара М. В. Рэпніна. Падчас Першай сусветнай вайны на былых езуіцкіх могілках хавалі жаўнёраў германскай і аўстрыйскай армій. Па Другой сусветнай вайне частка могілак была знішчана і на яго месцы былі ўладкованыя атракцыёны. У цяперашні час магілы германскіх і аўстрыйскіх воінаў адноўлены.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|