Перайсьці да зьместу

Жыгімонт I Сьвяты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жыгімонт I Сьвяты
Жыгімонт I Сьвяты
Жыгімонт I Сьвяты
Сьвяты
Нарадзіўся каля 475
Памёр 524
Дзень памяці 1 траўня

Жыгімонт I Сьвяты (лац. Sigismundus; ? — 524) — кароль бургундаў (з 516), каталіцкі Сьвяты.

Сын Гундабада, караля бургундаў. Меў брата Гадамара.

Быў арыянінам, але па 501 годзе перайшоў у каталіцтва[1]. Знакам навяртаньня стала фундацыя ў 515 годзе кляштару Сьвятога Маўрыкія ў Агаўне[2]. Па сьмерці бацькі ў 516 годзе стаў каралём бургундаў.

Меў канфлікт зь біскупамі праз парушэньне правілаў шлюбу з боку ўласнага скарбніка, але цяжкая хвароба прымусіла яго да замірэньня. Пазьней ачуняў.

Ажаніўся з дачкой караля остготаў Тэадарыха. У шлюбе нарадзіўся сын Сігерык (Sigericus). Аўдавеўшы, ажаніўся другі раз, але другая жонка «пасынка свайго зьневажала і крыўдзіла» (калі ў сьвяточны дзень у 517 годзе Сігерык убачыў сваю мачаху, апранутую ў цырыманіяльнае адзеньне яго нябожчыцы-маці, то заявіў, што мачыха нявартая насіць гэта адзеньне). Падбутораны жонкай, якая сьцьвярджала, што Сігерык плянаваў забіць бацьку і захапіць сталец, загадаў схапіць юнака п’яным і ўтапіць у студні. Потым, ахоплены раскаяньнем, пэўны час правёў у заснаваным ім кляштары.

Калі ў 523 годзе Бургундзкае каралеўства захапілі чатыры францкія каралі, Хлядамэр, Хільдэбэрт I, Клётэр I і Тэўдэрык I, дзеці францкага караля Хлёдвіга I, разам з братам ачоліў абарону Бургундыі, але прайграў бітву. Апрануў манаскую рызу і схаваўся ў кельлі каля свайго кляштару. Схопленага Хлядамэрам, яго абезгаловілі, а цела кінулі ў студню[3].

У 535 годзе парэшткі Жыгімонта вынялі з студні і пахавалі ў кляштары ў Агаўне. Пазьней яго кананізавалі.

У 1366 годзе Карл IV, імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі, перанёс мошчы Жыгімонта ў Прагу[4], таму ён стаў заступнікам Каралеўства Багеміі, цяпер Чэхіі. Імя сьвятога Карл IV надаў свайму сыну Жыгімонту Люксэмбурскаму, пазьнейшаму каралю вугорскаму, які ў 1424 годзе збудаваў касьцёл Сьвятога Жыгімонта ў Будзе[5]. Таго ж году Жыгімонт забраў з Прагі мошчы Сьвятога Жыгімонта і адправіў у вугорскае места Варад, каб абараніць іх ад гусітаў.

  1. ^ Bury J. B. History of the Later Roman Empire. Vol. 1. — Mineola: Dover Publications, 1958. P. 463.
  2. ^ Rosewein B. H. Perennial Prayer at Agaune // Monks and Nuns, Saints and Outcasts. — Ithaca: Cornell University Press, 2000. P. 39—40.
  3. ^ Klaniczay G. Holy Rulers and Blessed Princesses: Dynastic Cults in Medieval Central Europe. — Cambridge University Press, 2000. P. 67—68.
  4. ^ Skemer D. Binding Words: Textual amulets in the Middle Ages. — Pennsylvania State University Press, 2006. P. 254.
  5. ^ Patai R. The Jews of Hungary: History, Culture, Psychology. — Wayne State University Press, 1996. P. 74.