Перайсьці да зьместу

Надзвычайная місія БНР у Нямеччыне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Супрацоўнікі Дыпляматычнае місіі БНР у Бэрліне (1919). Сядзяць (зьлева направа): невядомы, невядомы, Лявон Заяц, Васіль Захарка, Клара Заяц, Антон Борык

Надзвыча́йная дыпляматы́чная мі́сія Белару́скае Наро́днае Рэспу́блікі ў Няме́ччыне — дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў сталіцы Нямеччыны Бэрліне, якая дзеяла ў 1919—1925 роках. Адрас дыпмісіі — Motzstraße 21[1].

З мэтай усталяваньня дыпляматычных стасункаў з эўрапейскімі дзяржавамі Рада БНР накіравала ў шэраг сталіцаў свае дэлегацыі. У Бэрліне першым афіцыйным пасланьнікам БНР стаў кіраўнік Беларускае вайсковае місіі па справах ваеннапалонных капітан Антон Борык, які прыбыў з Горадні 23 сакавіка 1919 року. У нямецкіх лягерох для ваеннапалонных(d) знаходзіліся каля 60 000 беларусаў, і беларускі ўрад спадзяваўся з дапамогай вайскоўца-дыплямата стварыць зь іх беларускае войска. Наладзіўшы сувязь зь Міжнароднай камісіяй па справах ваеннапалонных, Антон Борык разам з генэралам Кіпрыянам Кандратовічам актыўна вёў беларускую працу сярод вайскоўцаў. Пазьней у Бэрлін прыехалі з Кіеву міністры БНР Васіль Захарка ды Аляксандар Цьвікевіч, а таксама Аркадзь Смоліч, прызначаны амбасадарам Беларусі.

Неўзабаве да іх далучыўся старшыня Рады міністраў БНР Антон Луцкевіч, які меў атрымаць у Райхсбанку акрэдытыў у 1,6 млн марак(d), выдаткаваны ўрадам Украінскае народнае рэспублікі. Нямецкі ўрад адмовіўся іх выдаць, і цягам трох месяцаў, пакуль вырашалася пытаньне, урад БНР фактычна ў поўным складзе прытуліўся ў Бэрліне. Гэты пэрыяд дзейнасьці Рады міністраў БНР адзначаны значнай актыўнасьцю: урадавымі паседжаньнямі, сустрэчамі зь нямецкімі палітыкамі, журналістамі, наладжваньнем кантактаў зь дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі. Пасьля адмовы Нямеччыны выплаціць украінскую фінансавую пазыку Аляксандар Цьвікевіч выехаў у Вену, дзе захоўвалася другая частка ўкраінскага акрэдытыву.

6 красавіка ў Бэрлін прыбыла дэлегацыя ад афіцэраў-беларусаў зь лягеру ваеннапалонных у Зальцвэдэлі на чале з палкоўнікам Вішнеўскім. Яны прывезьлі ў Беларускае ваеннае прадстаўніцтва падпісаны 60-цю афіцэрамі ліст з просьбай накіраваць беларускіх палонных на бацькаўшчыну дзеля фармаваньня нацыянальных вайсковых аддзелаў. Аднак нямецкія ўлады не зарэгістравалі Беларускае ваеннае прадстаўніцтва і не далі яму згоды на вырашэньне вайсковых пытаньняў.

У Бэрліне дзейнічала фірма «Сындыкат Сапегі для Эўропы і Азіі на Беларусі», заснаваная ўраджэнцам Беларусі Станіславам Львом Сапегам-Ваяводам, які пэўны час аказваў фінансавую дапамогу беларускаму прадстаўніцтву. У складзе фірмы працавала вялікая колькасьць беларусаў, а да лета 1920 року яе ўзначальваў Антон Борык. Сапега заснаваў таксама і першую па-за межамі Расейскай імпэрыі Беларускую службу друку і тэлеграфнае інфармацыі.

У красавіку 1919 року Аркадзь Смоліч выехаў у Варшаву на перамовы з польскім урадам і ў Бэрлін больш не вярнуўся. Беларуская дэлегацыя на Парыскую мірную канфэрэнцыю зьвярнулася да амбасадараў Ангельшчыны, ЗША і Францыі ў Бэрліне з просьбаю прызнаць БНР. 4 траўня Антон Луцкевіч зьвярнуўся ў Міністэрства замежных справаў Нямеччыны з заявай пра афіцыйную рэгістрацыю Дыпляматычнае місіі БНР у складзе самога Луцкевіча (старшыня Рады і міністар замежных справаў), Аркадзя Смоліча (пасла), службоўцаў Антона Борыка і Янкі Натусевіча. Афіцыйным адрасам пазначаны Кайзэралее(d), 209—1, дзе разьмяшчалася Беларускае прэс-бюро[1]. Першае паседжаньне пасьля рэгістрацыі адбылося 2 ліпеня 1919 року[2].

25 жніўня паўнамоцным прадстаўніком Ураду БНР у Бэрліне афіцыйна прызначаны Леанард Заяц, аднак празь ягоную хваробу ўжо 27 кастрычніка гэтую пасаду заняў Леанід Баркоў. З чэрвеня па сьнежань місія БНР выдавала ўласны інфармацыйны бюлетэнь на нямецкай мове.

Пасьля расколу Рады БНР у сьнежні 1919 року Бэрлінская місія падпарадкавалася юрысдыкцыі ўраду Народнае Рады БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім.

1919—1921 рокі сталі найбольш плённым пэрыядам у дзейнасьці Бэрлінскае місіі БНР. Беларускія прадстаўнікі дамагліся дазволу выдаваць грамадзянам беларусі пашпарты БНР, уласьнікі якіх мелі права падарожнічаць па Эўропе, атрымаць візу на пераезд у Амэрыку ці вярнуцца на радзіму. Усе дыпляматычныя і агульнаграмадзянскія пашпарты БНР былі надрукаваныя менавіта ў Нямеччыне. Нямецкія ўлады дазволілі правесьці рэгістрацыю беларускіх ваеннапалонных, дзякуючы чаму ўраджэнцы Беларусі ў лягерох для інтэрнаваных здолелі атрымліваць грашовую дапамогу празь Беларускі Чырвоны Крыж. У кастрычніку 1920 быў адноўлены выхад інфармацыйных бюлетэняў. Беларускае прэс-бюро наладзіла таксама кантакты зь летувіскім дзяржаўным тэлеграфным агенцтвам «Эльта(d)» ды нямецкімі «Агенцтвам Вольфа», «Прэсэ-Вартэ». У 1920 року заснаваная выдавецкая суполка «Вызваленьне».

Пасьля пераезду Рады міністраў у Прагу дзейнасьць бэрлінскай місіі паступова занепадае. 1 верасьня 1922 року ўрад цалкам спыніў ейнае фінансаваньне. Пасьля падпісаньня Рапальскае дамовы(d) паміж Нямеччынай і БССР яна апынулася ў напаўлегальным становішчы. У жніўні 1923 МЗС Нямеччыны паведаміла шэфу дыпляматычнай місіі БНР Андрэю Бароўскаму(d), што адгэтуль разглядае місію выключна прадстаўнікамі замежнай палітычнай групы[2]. Канчаткова місія спыніла дзейнасьць у кастрычніку 1925 року пасьля Другой Усебеларускай канфэрэнцыі, якая прыняла рашэньне пра ліквідацыю ўраду БНР і прызнаньне БССР.

  1. ^ а б Марта Сакавік. (30 траўня 2023) Места белорусской истории в Берлине. Где что находится (рас.) Беларусь. Deutsche WelleПраверана 24 жніўня 2023 г.
  2. ^ а б Александр Тихомиров. Проблемы белорусско-германских отношений в 1914—1922 гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 2002. — № 4.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]