Перайсьці да зьместу

Дывіна Галіца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дывіна Галіца
Divina Galica
MBE
Нарадзілася 13 жніўня 1944(1944-08-13) (80 гадоў)
Кар’ера ў Формуле-1
Грамадзянства
Гады дзейнасьці 1976, 1978
Каманды Сэртыс, Гэскет
Удзелаў 3 (0 стартаў)
Чэмпіёнстваў 0
Перамогаў 0
П’едэсталаў 0
Пунктаў 0
Стартавых лідэрстваў 0
Найхутчэйшых колаў 0
Першая гонка Гран-пры Вялікабрытаніі 1976 году
Апошняя гонка Гран-пры Бразыліі 1978 году
Узнагароды
сябра ордэна Брытанскай імпэрыі

Дыві́на Мэ́ры Галі́ца MBE (па-ангельску: Divina Mary Galica; нар. 13 жніўня 1944, Бушы Гіт, Гэртфардшыр, Ангельшчына, Вялікабрытанія) — брытанская спартовая лыжніца і аўтагоначніца. Адна зь пяці жанчынаў, якія бралі ўдзел у чэмпіянатах сьвету Формулы-1.

У 19-гадовым веку ўпершыню выступіла на Алімпійскіх гульнях 1964 року ў Інсбруку, дзе спаборнічала ў гарналыжным спорце і слаламе. Брала ўдзел і ў дзьвюх наступных Алімпіядах у Грэноблі ды Сапара. Абодва разы была капітанкай жаночай алімпійскай каманды Вялікабрытаніі і трапляла ў дзясятку ў гіганцкім слаламе. Усталявала жаночы рэкорд Вялікабрытаніі паводле хуткасьці спуску (201 км/г).

У 1974 року была запрошаная як знакамітая асоба паўдзельнічаць у аўтагонках, дзе ўсіх нечакана зьдзівіла сваім талентам. Тады вырашыла ўдзельнічаць у спартовых гонках, пачаўшы ад картынгу, перайшоўшы пасьля ў Формулу-2.

У Формуле-1 была прынятая ў каманду «Сэртыс» пад «нешчасьлівым» нумарам 13, які не выкарыстоўваўся 13 гадоў. На сваёй першай гонцы ў Вялікабрытаніі ня здолела прайсьці кваліфікацыю. Аднак дзякуючы свайму выступу ўвайшла ў склад сямі гоначнікаў Формулы-1, якія бралі ўдзел і ў Алімпіядах.

У 1977 року Дывіна Галіца заняла некалькі прызавых месцаў у брытанскай сэрыі Формулы Лібрэ. На 1978 рок атрымала прапанову выступіць у Формуле-1 за каманду «Гэскет». Ня здолеўшы кваліфікавацца ў дзьвюх першых гонках, Галіца вярнулася ў брытанскую Формулу, дзе заняла 2-е месца ў Зандворце.

У 1980 року Галіца перайшла ў клясу спартовых аўтамабіляў, дзе некалькі разоў трапляла ў дзясятку найлепшых гоначнікаў, а таксама на грузавыя аўтамабілі. Па сканчэньні гоначнай кар’еры ўладкавалася інструктаркай спартовага кіраваньня ў гоначнай камандзе «Скіп Барбэр Рэйсінг», дайшоўшы ў ёй да пасады віцэ-прэзыдэнткі.

Яшчэ раз паўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях 1992 року ў хуткасных лыжах.

У 2005 перайшла на пасаду дырэктара ў iRacing.com, якая займаецца распрацоўкай гоначных сымулятараў. З 2018 працавала інструктаркай кіраваньня ў аўташколе.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]