Дзяцел вялікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вялікі дзяцел

Самка са здабычаю
Клясыфікацыя
Царства Жывёлы
Тып Хордавыя
Кляса Птушкі
Атрад Дзятлападобныя
Сямейства Дзятлавыя
Род Dendrocopos
Від Вялікі дзяцел
Бінамінальная намэнклятура
Dendrocopos major (Linnaeus, 1758)
Арэал

Вялі́кі дзя́цел (па-лацінску: Dendrocopos major) — птушка, досыць буйны і адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў сямейства дзятлавых. Засяляе самыя разнастайныя лясныя ляндшафты Палеарктыкі ад Канарскіх астравоў і паўночна-заходняй Афрыкі на ўсход да Камчаткі і Японіі, амаль усюды зьяўляецца звычайным, шматлікім відам. Нярэдка селіцца ў межах населеных пунктаў — у старых садах, парках, на могілках. Як правіла, вядзе аселы лад жыцьця і толькі на паўночнай пэрыфэрыі арэала ў неспрыяльныя для харчаваньня гады зьдзяйсьняе масавыя вандроўкі-інвазыі ў суседнія рэгіёны.

Дзяцел грае важную ролю ў экалёгіі лесу, пакідаючы выдзеўбаныя ім дуплы для іншых дробных птушак, такіх як сініцы і мухалоўкі. Акрамя таго, ён у вялікай колькасьці есьць лясных шкоднікаў — тлю, вусеняў матылькоў і насякомых-дрэваедаў — вусачоў, златак, караедаў, мурашак і многіх іншых. Увесну і ўлетку аснову рацыёну складае жывёльны корм, восеньню і зімой птушка пераходзіць на расьлінную ежу. У лясах з іглічнымі пародамі дрэў іх асноўны корм — насеньне хвоі, елі і лістоўніцы. Для дзяўбленьня шышак выкарыстоўваецца «кузьня», адмыслова адведзенае месца — скрыжаваньне дрэва, шчыліна ў кары або адтуліна, у якую ўстаўляецца шышка. У паўднёвых шыракалістых лясах дзятлы ўжываюць у ежу арэхі і плады костачкавых расьлінаў.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стракаты, чорна-бела-чырвоны. Падобны да сырыйскага, беласьпіннага і сярэдняга дзятлаў. Падхвосьце чырвонае, на сьпіне дзьве вялікія белыя плямы. Чорны ашыйнік ідзе ад патыліцы да асновы дзюбы і грудзей, на баках галавы і шыі вялікія белыя плямы. У самца чырвоная пляма на патыліцы (у самкі патыліца чорная). У маладых абодвух полаў чырвоная з чорнай абводкай «шапачка». Голас: стукае гучна і інтэнсіўна, позыў — кароткае «кік, кікс», асьцерагае «рірірі» альбо «гігігі». Даўжыня цела 22-26 см, размах крылаў 39-46 см[1].

Біятоп[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лісьцевыя, хваёвыя і зьмяшаныя старыя лясы, паркі, сады, алеі. Нешматлікі ў чыстых хваёвых лясах, больш рэдкі ў невялікіх ізаляваных дрэвастоях. У Высокіх Татрах даходзіць да 1000 м в.у.м., у Альпах — да 2000 м в.у.м., на Каўказе і Алтаі- да 1200 м в.у.м.

Гняздо[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дупле ў ствале (часьцей нязгнілым) або ў тоўстых галінах дрэва звычайна 2-5 м над зямлёй (ад 0,5 да 20 м). Подсьціл — з дробных, пакрышаных трэсак. Дыямэтар адтуліны 4,5-6,0 см, глыбіня дупла 25-35 см, шырыня гнездавой камэры 8-10 см, вышыня — прыблізна 8 см.

Яйкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Dendrocopos major

4-7 (3-8) асобнікаў, эліптычныя, крыху падоўжаныя з завостраным вузейшым канцом, белыя, бліскучыя. Памеры: 26,0 х 19,0 мм (25,0-27,0 х 16,0-21,0 мм). Выседжваюць па чарзе абедзьве птушкі каля двух тыдняў.

Арэал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палеарктыка (акрамя крайняй Поўначы і Поўдня).

Пералёты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аселы. Узімку вандруе ў межах гнездавога арэала, часам у выглядзе інвазый.

Месца зімовак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У межах гнездавога арэала.

На Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З усіх дзятлаў найбольш звычайны на гнездаваньні аселы від. Поўнач краіны насяляе падвід Dendrocopos major major, а птушкі зь пераходнымі рысамі да Dendrocopos major pinetorum адзначаюцца ў паўднёвай частцы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ахова птушак Бацькаўшчыны(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]