Перайсьці да зьместу

Джузэпэ Джаакіна Бэльлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Джузэпэ Джаакіна Бэльлі
Giuseppe Gioachino Belli
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 7 верасьня 1791
Рым
Памёр 21 сьнежня 1863
Рым
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Жанр санэт
Мовы італьянская, раманэска

Джузэпэ Джаакіна Бэльлі (па-італьянску: Giuseppe Gioachino Belli; 7 верасьня 1791, Рым — 21 сьнежня 1863, Рым) — італьянскі паэт, аўтар шматлікіх санэтаў на «раманэска» — рымскім дыялекце.

Нарадзіўся ў Рыме ў дробнабуржуазнай сям’і. Яго бацька, чыноўнік папскай курыі, пераехаў па служэбным прызначэньні ў Чывітавэк’ю, дзе неўзабаве памёр ад халеры. Бэльлі, разам з маці і яго двума братамі, вярнуўся ў Рым, дзе пасяліўся ў сьціплай гасподзе на вуліцы Вія дэль Корса. Пачаў кар’еру пісьменьніка з твораў на італьянскай мове, аднак пазьней, на ўзор мілянца Карлё Порта, перайшоў на родны дыялект.

Дж. Дж. Бэльлі

Прысьвяціўшы колькі гадоў літаратуры ў фінансавай нястачы, у 1816 годзе ажаніўся з Марыяй Конці, заможняй даме нашмат старэйшаю за яго. Гэты выгадны шлюб дазволіў Бэльлі паўнавартасна займацца літаратурай безь якога-колечы матэрыяльнага абмежаваньня.

У 1824 годзе ў пары нарадзіўся сын Чыра. Бэльлі атрымаў магчымасьць падарожнічаць па Паўночнай і Цэнтральнай Італіі, дзе ён акунуўся ў нашмат больш разьвіты ў параўнаньні з Рымам літаратурны сьвет, у асяродзьдзе, успрымальнае пастуляты Асьветніцтва і рэвалюцыйныя ідэі таго пэрыяду, якое цалкам адсутнічала ў родным Рыме. Незважаючы на рэзкія сатырычныя і часта рэлігіяненавісьніцкія погляды, якія можна сустрэць у яго санэтах (ён называў біскупаў «пархатымі злодзеямі», а папу Піюса VIII «пахабнай» і «набітай сьвіньнёю»), палітычныя пазыцыі Бэльлі заўсёды заставаліся кансэрватыўнымі на працягу ўсёй яго жыцьця.

Пасьля сьмерці жонкі ў 1837 годзе, фінансавыя справы паэта прыкметна пагоршыліся. У свае апошнія гады Бэльлі расчараваўся ў жыцьці, адчуваючы нязломную пагарду да сьвету і навакольнага жыцьця, і ня раз казаў, што «ён як паэт ужо загінуў». Невыпадкова менавіта за гэтым часам ягоная творчасьць пачала імкліва драбнець: ягоны апошні санэт прымеркаваны да 1849 году.

Да канца жыцьця Бэльлі працаваў мастацкім і палітычным цэнзарам для папскага ўрада. У гэты пэрыяд ён, напрыклад, забараніў працы Ўільяма Шэксьпіра і крытычна выказаўся аб музыцы Джузэпэ Вэрдзі і Джаакіна Расіні.

Джузэпэ Джаакіна Бэльлі памёр у Рыме ў 1863 годзе ад інсульту.

I sonetti romaneschi, 1889

Многія санэты Бэльлі — гумарыстычныя замалёўкі мясцовага побыту, а таксама кпіны з духавенства, ад простых ксяндзоў і манахаў да рымскіх папаў. Незважаючы на зьедлівыя вершы, Бэльлі трымаўся надзвычай кансэрватыўных палітычных поглядаў.

Пры жыцьці паэта ягоныя санэты заставаліся вядомыя толькі ягоным прыяцелям (у прыватнасьці Мікалаю Гогалю, які шмат часу правёў у Італіі). Па сваёй сьмерці Бэльлі запаведаў сябру, біскупу Вінчэнца Тыцані, спаліць рукапісы. Той, аднак, не пажадаў зьнішчыць вершы і перадаў іх сыну паэта, Чыра Бэльлі, які і падрыхтаваў празь некалькі гадоў першае выданьне выбраных санэтаў.

  1. ^ Find a Grave (анг.) — 1996.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]