Дацкі вольны корпус СС
Дацкі вольны корпус СС | |
Гады існаваньня | 1941—1943 |
---|---|
Краіна | Данія |
Падпарадкаваньне | Нацысцкая Нямеччына |
Уваходзіць у | Вафэн-СС[1] |
Тып | пяхота |
Колькасьць | 6000 |
Марш | |
Вядомыя камандзіры |
Дацкі вольны корпус СС (па-дацку: Frikorps Danmark) — дацкі добраахвотніцкі аддзел, створаны Нацыянал-сацыялістычнай партыяй Даніі (НСППД) разам зь Нямеччынай дзеля барацьбы з Савецкім Саюзам на Ўсходнім фронце. Сфармаваны на пачатку нямецкага нападу на СССР, распушчаны ў 1943 року.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Данія была акупаваная войскамі Трэцяга Райху ў 1940 року. З пачаткам вайны супраць Савецкага Саюзу Нямеччына запатрабавала ад дацкага ўраду стварыць вайсковы корпус дзеля вайны супраць бальшавікоў. Стварэньне было абвешчанае 29 чэрвеня 1941 року ў партыйнай газэце НСППД «Fædrelandet» (па-беларуску: Бацькаўшчына). Афіцэры і шарагоўцы войскаў Даніі атрымалі права далучацца да Вольнага корпусу з захаваньнем званьняў. Камандуючым стаў лейтэнант-палкоўнік(en) 5-га артылерыйскага палку дацкага войска Крыстыян Пэдэр Крысінг.
У 1941 року колькасьць асабовага складу Вольнага корпусу дасягнула 1164 чалавек[2], агульная колькасьць ацэньваецца да 6000 чалавек[3]. Асноўную іх частку складалі чальцы Нацыянал-сацыялістычнай партыі і/або прадстаўнікі дацкіх немцаў[4].
Напрыканцы ліпеня 1941 року каля 1000 навабранцаў корпусу былі накіраваныя на падрыхтоўку ў кашары Гамбургу, пасьля чаго ў верасьні выправіліся ў Трэскаў (цяпер у Польшчы).
У лютым 1942 року Крыстыян Пэдэр Крысінг быў зьняты з пасады камандуючага корпусам за «недастатковую ідэалягічную адданасьць нацызму» і пераведзены ў артылерыю, дзе скончыў службу ў званьні генэрала. Ягонае месца заняў Крыстыян Фрэдэрык фон Шальбург — дацкі арыстакрат і сябра НСППД расейскага паходжаньня.
8 траўня 1942 корпус рушыў на баявыя пазыцыі пад Дзямянскам і Ноўгарадам. 2 чэрвеня быў забіты Шальбург, а ўсяго празь некалькі дзён ягоны намесьнік немец Ганс Альбэрт фон Летаў-Форбэк. 11 ліпеня 1942 новым камандзёрам стаў Кнуд Бэрге Мартынсэн.
Увосені Вольны корпус вярнуўся ў Данію, а 13 лістапада 1942 быў пераведзены ў Елгаву дзеля барацьбы з латвійскімі партызанамі, аднак неўзабаве адасланы на перадавую. У сьнежні корпус узяў удзел у бітве пад Вялікімі Лукамі.
У сакавіку 1943 року корпус быў пераведзены ў Графэнвэр пад Нюрнбэргам, дзе 6 чэрвеня 1943 распушчаны. Большасьць ягоных жаўнераў далучыліся да 24-га дацкага палку ў дывізіі «Нордлянд», іншыя — да дацкай дапаможнай паліцыі альбо корпусу «Шальбургу».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Stein 1984. С. 153.
- ^ Stein 1984. С. 153, 154.
- ^ Stein 1984. С. 136, 137.
- ^ Lidegaard 2003. С. 463.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Claus Bundgård Christensen, Niels Bo Poulsen & Peter Scharff Smith. Under Hagekors og Dannebrog — Danskere i Waffen SS 1940-45. — Aschehoug: 1998.
- Lidegaard, Bo [dansk-udenrigspolitiks-historie-overleveren_bo-lidegaard_indbundet_9788777890932 Dansk udenrigspolitiks historie. Overleveren - 1914-1945]. — Danmarks Nationalleksikon, 2003. — ISBN 9788777890932
- Stein, George H The Waffen SS: Hitler's Elite Guard at War, 1939-1945. — Cornell University Press, 1984. — ISBN 978-0801492754
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дацкі вольны корпус СС — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў