Дацкая пратэставая сьвіньня
Дацкая пратэставая сьвіньня | |
Husum protestsvin | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Сысуны |
Атрад | Парнакапытныя |
Падатрад | Няжвачныя |
Сямейства | Сьвіньні |
Род | Дзікі |
Від | Дзік |
Бінамінальная намэнклятура | |
Sus | |
Да́цкая пратэ́ставая сьвіньня́, альбо гузумская пратэставая сьвіньня (ад назвы гораду Гузум, рэгіянальнага цэнтру жывёлагадоўлі), альбо чырво́на-бе́лая пратэставая сьвіньня (па-дацку: Husum protestsvin, па-нямецку: Husumer Protestschwein, па-ангельску: Danish Protest Pig) — рэдкая парода свойскіх сьвіньняў з шырокай вэртыкальнай белай стужкай на чырвоным фоне. Выгадаваная ў Паўночнай Фрызіі(be), што ў Паўднёвым Шлезьвігу, у пачатку XX стагодзьдзя, як рэакцыя на забарону з боку прускай улады вывешваць мясцовым датчанам дацкія сьцягі (Шлезьвіг, як і Гальштайн, былі ўзятыя ад Даніі Аўстрыяй ды Прусіяй у 1864 падчас Аўстра-пруса-дацкай вайны).
Сьвіньня зь белай стужкай на чырвоным фоне стала сымбалем дацкай культурнай ідэнтычнасьці, дацкіх культурных каштоўнасьцяў ды супраціўленьня асыміляцыі.
Апісаньне пароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лічыцца, што ў аснову пароды былі ўзятыя чорна-белая гальштайнская сьвіньня, ютляндзкая сьвіньня, ангельская тамўорцкая сьвіньня й чырвона-стракатая адмена ангельскай садлбэкаўскай сьвіньні.
Дарослы кныр дацкай пратэставай дасягае росту ў 92 см у плячох і важыць да 350 кг. Вышыня плячэй мацёры 80-85 см, вага 250-300 кг. Вушы ёсьць зьвіслымі альбо паўзьвіслымі, але не стаячымі. Белая стужка мусіць праходзіць празь пярэднія ногі й быць у шырыню людзкой рукі. Колер пароды мусіць быць строга чырвона-бела-чырвоны, чорныя ці іншыя плямкі недапушчальныя. З узростам жывёла можа моцна абрастаць поўсьцю. Сучасны стандарт пароды патрабуе ад мацёры ня меней за 14 цыцак(be). Пасьля апаросу сьвінаматкі, а таксама й кныры, не агрэсіўныя да парасяткаў.
Сучаснае становішча пароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва пароды «дацкая пратэставая сьвіньня» была афіцыйна зафіксаваная ў 1954 годзе, аднак у другой палове XX стагодзьдзя колькасьць папуляцыі няўхільна зьмяншалася. Апошнія прыплоды былі прынесеныя ў 1968 годзе, і ад таго часу парода лічылася вымерлай.
Аднак у 1984 годзе, грунтуючыся на гэтым жа фэнатыпе, парода была выведзеная зноў, і з гэтых часоў пачалася барацьба за адраджэньне чырвона-белай сьцяжковай сьвіньні. Пачалі паўставаць аб’яднаньні ды гурткі энтузыястаў, што імкнуліся працягнуць пароду пратэставай сьвіньні. У 1996 годзе было заснаванае грамадзкае таварыства «Förderverein Rotbuntes Husumer Schwein e.V», мэта якога — сачыць за вывядзеньнем ды чысьцінёю чырвона-бела-чырвонай пароды. Зямля Шлезьвіг-Гальштайн цяпер афіцыйна падтрымлівае гадоўлю й разьвядзеньне дацкіх пратэставых, як асобнай культурнай каштоўнасьці. Экзэмпляры можна таксама знайсьці ў жывёльніках Бэрліну, Гановэру, Кілю, Гельзэнкірхэну й іншых гарадоў. На дадзены момант папуляцыя дацкай пратэставай сьвіньні не перавышае 140 асобін.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вядомыя спробы прысабечаньня пратэставай сьвіньні з боку Аўстра-Вугорскай імпэрыі пад выглядам новай адмены «кайзэраўскай сьвіньні» (Kaisersschwein) у 1910–1912 гадах. Па задумцы прыдворнага чыноўніка Рудыгера фон Шытмахера чырвона-белая сьвіньня, перайменаваная ў кайзэраўскую ды нясучая на сваім целе нацыянальныя колеры Аўстрыі, мусіла стаць падарункам да сямідзесяцігодзьдзя валадараньня імпэратара Франца Ёсіфа I у 1918 годзе. Заўчасная сьмерць імпэратара ў 1916 годзе і распад імпэрыі ў 1918 перашкодзілі плянам фон Шытмахера[1].
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Апісаньне на Vieh-EV.de(недаступная спасылка) (ням.)
- Архіўная копія сайту, прысьвечанага чырвонапалоснай пратэставай сьвіньні (ням.)
- Чырвонапалосная пратэставая сьвіньня: апісаньне, фота, відэа (ням.)