Дабрыдзень, Віетнам

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Дабрыдзень, ВіетнамPicto infobox cinema.png
па-ангельску: Good Morning, Vietnam
Good Morning, Vietnam.jpg
Жанр камэдыйная драма[d], ваенны фільм[d][1] і кінакамэдыя[d]
Рэжысэр
Прадусар
Сцэнарыст
У ролях
Кампазытар
Мантаж Ст’ю Ліндэр[d]
Вытворчасьць Touchstone Pictures[d]
Дата выхаду 23 сьнежня 1987 і 8 верасьня 1988[7]
Час 121 хвіліна
Краіна
Мова ангельская мова
Старонка на IMDb

«Дабры́дзень, Віетна́м» (па-ангельску: Good Morning, Vietnam) — амэрыканская ваенная камэдыя 1987 году паводле сцэнару Міча Маркавіца. Рэжысэрам кінастужкі стаў Бары Левінсан. Дзеяньне фільму адбываецца ў Сайгоне ў 1965 годзе падчас вайны ў Віетнаме, дзе Робін Ўільямз выконвае ролю радыёвядоўцы на радыё Ўзброеных сілаў ЗША і карыстаецца вялікай папулярнасьцю ў вайскоўцаў, але выклікае лютасьць свайго начальства тым, што яны называюць непаважлівасьць. Гісторыя практычна заснавана на досьведзе дыджэя радыё AFRS Эдрыяна Кранаўэра[8]. Большасьць маналёгаў у радыёперадачах свайго пэрсанажу Ўільямз прыдумаў сам, імправізуючы перад кінакамэрай. Фільм быў выпушчаны кампаніяй Buena Vista Pictures пад лягатыпам Touchstone Pictures і меў посьпех, спадабаўшыся як крытыкам, гэтак і гледачам. За працу ў гэтым фільме Ўільямз атрымаў прэмію Залаты Глёбус за найлепшую мужчынскую ролю ў катэгорыі м’юзыкал ці камэдыя, а таксама быў намінаваны на прэмію Оскар за найлепшую мужчынскую ролю і прэмію BAFTA у той жа катэгорыі. Фільм займае 100 радок у сьпісе 100 самых вясёлых амэрыканскіх фільмаў паводле Амэрыканскага кінаінстытуту.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1965 годзе лётчык другой клясы Эдрыян Кранаўэр (Робін Ўільямз) прыбывае ў Сайгон, каб працаваць вядоўцам у радыёслужбе Узброеных сілаў ЗША. У аэрапорце яго сустракае шараговец Эдўард Гарлік (Форэст Ўітакер), які адвозіць яго на радыёстанцыю. Выяўляецца, што стаўленьне да працы і паводзіны Кранаўэра рэзка кантрастуюць з стаўленьнем і паводзінамі многіх іншых супрацоўнікаў радыё. Кранаўэр прынімаецца за працу, якую складаецца з чытаньня строга цэнзураваных навінаў і непаважлівых гумарных асабістых дадаткаў і камэнтароў, зьмяшаных з рок-н-рольнай музыкай, што вельмі не падабаецца ягонаму кіраўніцтву ў асобах другога лейтэнанту Стывэн Гока (Бруна Кэрбі) і сяржант-маёра Філіп Дыкерсана (Дж. Т. Ўолш). Гок прытрымліваецца строгіх правілаў войска ў пляне гумару і музычных праграмаў, у той час як Дыкерсан, наагул ня мае гумару і звычайна зьняважліва ставіцца да ўсіх вайскоўцаў. Тым ня менш, брыгадны генэрал Тэйлар (Нобл Ўілінггэм) і іншыя радыёвядоўцы адразу ж прымаюць Кранаўэра і ягоны адметны стыль працы.

Аднойчы ў горадзе, адпачываючы з Гарлікам ля бару, Кранаўэр заўважае прывабную віетнамскую дзяўчыну Трынь (Чынтара Сукапатана) і гоніцца за ёй, пакуль не наганяе яе ў будчынку клясы ангельскае мовы. Падкупіўшы выкладчыка, каб той дазволіў яму пачаць выкладаньне, Кранаўэр навучае студэнтаў амэрыканскім слэнгам і нецэнзурнай лаянцы. Пасьля таго, як занятак сканчваецца, ён спрабуе пагутарыць з Трынь, але яго спыняе ейны брат Туан (Тунг Тань Тран). Разумеючы беспэрспэктыўнасьць ейнага перасьледу, Кранаўэр замест гэтага пачынае сябраваць з Туанам і вядзе яго да бару Джымі Ва (Ку Ба Нгуен), дзе жадае пачаставаць півам. У бары два жаўнеры-расісты, раззлаваныя прысутнасьцю Туана, пачынаюць канфрантацыю, якая перарастае ў бойку. Дыкерсан дакарае Кранаўэра за інцыдэнт.

Кранаўэр у той жа дзень вярнуўся ў бар, каб адпачыць, але яго там знаходзіць Туан, які кажа, што Трынь хоча паразмаўляць з Кранаўэрам. Адразу пасьля таго, як яны сыходзяць у будынку адбываецца выбух, у якіх гінуць два амэрыканскія жаўнеры. Кранаўэр узрушаны гэтым здарэньнем і па вяртаньні ў студыю зачытвае гэтую навіну без угоды з боку цэнзараў. У выніку генэрал Тэйлар на запыт Гока і Дыкерсана вымушаны звольніць вядоўцу з этэру. Ягонае месца ля мікрафону заняў Гок, які лічыў сябе вялікім майстрам у справе гумару. Кепская якасьць Гокава гумару поруч зь ягоным выбарам музычнага суправаджэньня прывялі да патоку лістоў нянавісьці і тэлефонных запытаў з патрабаваньнем аднавіць на працы Кранаўэра.

Дэмаралізаваны, Кранаўэр марнуе час, выпіваючы і заляцаючыся да Трынь, якая яго адвяргае, кажучы, што ў віетнамкі ня можа быць будучыні з амэрыканцам. У выніку адмоўных водгукаў працы Гока, Тэйлар загадвае аднавіць на працы Кранаўэра. Гарлік паведамляе пра гэтае рашэньне Эдўарду, але той, усё яшчэ прыгнечаны, адмаўляецца аднаўляць свае трансьляцыі. Неўзабаве пасьля гэтага Гарлік вязе Кранаўэра і Туана на заняткі па ангельскай мовы, калі іхны джып спыняецца на перагружанай дарозе разам з шэрагам цяжкавікоў з жаўнерамі 1-й пяхотнай дывізіі, якая накіроўваецца ў Нячанг. Гарлік знаёміць Кранаўэра з войскамі, якія ўгаворваюць яго зрабіць імправізаваную «трансляцыю», перш чым яны адправяцца ваяваць. Кранаўэр расчулены ўдзячнасьцю жаўнераў і яму нагадваюць, чаму ягоныя перадачы важныя. Ён вяртаецца да працы. Аднойчы Кранаўэр і Гарлік ладзяць выезд на перадавую з мэтай запісу шэрагу інтэрвію ў жаўнераў на фронце. Дыкерсан выкарыстоўвае гэта, каб пазбавіцца ад вядоўцы і ўхваляе іхны праезд праз дарогу, якая ўжо кантралявалася сілам віетконгу. Самаход працаўнікоў радыё падрываецца на міне і вядоўцы вымушаныя шукаць дарогу назад пешшу. Туан дазнаецца пра зьнікненьне Кранаўэра і зганяе фургон, каб выратаваць яго. Сябар знаходзіць Кранаўэр і Гарліка, але ягоны аўтамабіль ламаецца і яны ўтрох вымушаныя ісьці пешшу, але іх падбірае шрубалёт.

Па вяртаньні Дыкерсан паведамляе Кранаўэру, што той канчаткова звольнены, бо выявілася сувязь Туана зь віетконгам. Генэрал Тэйлар умешваецца ў гутарку і аб’яўляе, што Дыкерсана таксама пераводзяць. Перад тым як назаўсёды пакінуць краіну Кранаўэр навучае сваіх вучняў клясы ангельскай мовы гульні ў бэйсбол. На аэрадроме Кранаўэр разьвітваецца з Гарлікам і просіць яго паставіць на наступны дзень апошні запіс, які пачынаецца з словаў: «Бывай, Віетнам!».

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільм стаў адным з самых пасьпяховых фільмаў году, замацаваўшыся на чацвертым радку фільмаў 1987 году паводле прыбытку. Фільм атрымаў выдатныя водгукі кінакрытыкаў. Роджэр Эбэрт і Джын Сыскел высока ацанілі «Дабрыдзень, Віетнам»[9]. Асабліва крытыкі адзначалі добрае выкананьне ролі Робінам Ўільямзам. Агрэгатар Rotten Tomatoes даў фільму 90-адсоткавае ухваленьне на падставе 42 рэцэнзіяў кінакрытыкаў зь сярэдняй ацэнкай 7,32/10. На Metacritic фільм мае адзнаку ў 67% на падставе 15 водгукаў, што сьведчыць пра ў цэлым спрыяльныя водгукі[10]. Аўдыторыя, апытаная CinemaScore, паставіла фільму ацэнку А-.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]