Перайсьці да зьместу

Грыцько Чубай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Грыцько Чубай
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 23 студзеня 1949(1949-01-23)
Памёр 16 траўня 1982(1982-05-16) (33 гады)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, паэт, пісьменьнік, артыст, мастацкі крытык
Мова украінская мова[2], чэская мова[2], гішпанская мова[2], расейская мова[2] і польская мова[2]
http://chubay.ridne.net/

Рыгор Пятровіч Чубай, больш вядомы як Грыцько Чубай (23 студзеня 1949-16 траўня 1982) — украінскі паэт і перакладчык, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў львоўскага андэграўнду 1970-х гг., «папярэднік бубабізму» (В. Марозаў).

Нарадзіўся на Ровеншчыне, пасьля заканчэньня школы ў 1967 годзе спрабаваў паступіць у Кіеўскі ўнівэрсытэт, але за «антирадянську» крамолу ня быў дапушчаны да ўступных экзамэнаў, затое на ўсё жыцьцё атрымаў сабе «апекуноў» з КДБ.

Пасьля гэтага ўсе спробы паступіць ва ўнівэрсытэт былі марнымі. Працаваў на радыё ў Роўне.

У 1968 годзе прыязджае ў Львоў і чытае ў асяродку ўкраінскіх інтэлектуалаў паэму «Вертэп», якая адразу была высока ацэненая. Паэт пераязджае на сталае жыхарства ў Львоў. У свае 20 гадоў Г. Чубай быў своеасаблівым «гуру», неаспрэчным лідэрам і аўтарытэтам для цэлага пакаленьня ня нашмат малодшых, а часам і старэйшых сучасьнікаў.

У 1970 г. арганізоўвае і выдае «Скриню» — адзін зь першых самвыдатаўскіх часопісаў Украіны.

У 1972 г. КДБ робіць ператрус у кватэры Галіны Чубай — паэтавай жонкі. Некалькі дзён у КДБ прывялі паэта да глыбокай дэпрэсіі, а цяжкая фізычная праца грузчыкам — да праблем са здароўем. Цяжкі матэрыяльны стан прымусіў Г. Чубая працаваць на будоўлях у Сыбіры, што яшчэ больш падарвала яго здароўе. Падчас рэпрэсій 1972—–1973 гг. Чубай быў арыштаваны і абвінавачаны ў «антирадянській агітації та пропаганді», аднак празь некалькі дзён вызвалены — разам з чуткай пра яго нібыта супрацоўніцтва з «органамі». Атмасфэра прыніжальнай падазронасьці ў асяродку інтэлігенцыі пасьля «чысткі» цяжка пераносілася паэтам, уяўленьне пра глыбокую драму ў ягонай душы дае паэма «Говорити, мовчати і говорити знову» (1975) — адзіны паэтычны твор (апроч дзіцячых вершаў), напісаны пасьля 1972 году.

У 1979 г. Г. Чубай бліскуча здае экзамэны ў маскоўскі Літаратурны інстытут, трапляе ў сэмінар да А. Жыгуліна, які называе яго наймацнейшым на сваёй плыні, аднак скончыць інстытут не пасьпявае: у 1982 годзе ва ўзросьце 33 гадоў паэт пайшоў з жыцьця.

Песьні на вершы Г. Чубая выконвае гурт «Плач Єремії» (лідэр гурта — Тарас Чубай, сын паэта).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]