Перайсьці да зьместу

Грамадзкае адхіленьне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Грамадзкае адхіленьне (дэвіянтныя паводзіны) — паводзіны з адхіленьнем ад агульнапрынятых у грамадзтве прававых і маральна-этычных правілаў.

Віды: злачыннасьць, п’янства, нарказалежнасьць, прастытуцыя, самагубства і плоцевая разбэшчанасьць (блуд). Узьнікненьне абумоўлеваецца хібамі выхаваньня, маральнай і прававой сьвядомасьці, нізкім узроўнем разумовага разьвіцьця асобы, адмоўным уплывам спадчыннасьці, асаблівасьцямі нораву, зацікаўленасьцяў і патрэбаў чалавека, яго пачуцьцёва-валявой дзейнасьці. Італьянскі псыхіятар Чэзарэ Лябмроза лічыў «злачынны від» вынікам апусканьня на раньнюю ступеню чалавечага разьвіцьця. Францускі грамадазнавец Эміль Дзюркгайм меркаваў, што яго распаўсюду садзейнічае стрэс у выніку грамадзкіх сутыкненьняў і рэзкіх зьмяненьняў у грамадзкім жыцьці, маёмаснай і грамадзянскай няўстойлівасьці. Паводле вучэньняў анаміі і сацыялізаваньня, праявы адхіленьня ўзрастаюць, калі ня ўсе людзі трымаюцца дапушчальных у грамадзтве сродкаў дасягненьня асабістых задачаў і іх уваходжаньне ў грамадзкае жыцьцё адбываецца ў абставінах цярпімага стаўленьня грамадзтва да амаральных учынкаў і гвалту. У 1960-я гады пашырылася разуменьне ганьбаваньня, паводле якога адхіленьне ёсьць вынікам навешваньня на людзей кляйма п’яніцы, наркамана і шлюхі пры імкненьні адасобіць ад грамады, прыцягнуць да адказнасьці, выправіць і вылечыць. У некаторых канцэпцыях грамадзкае адхіленьне тлумачаць анамаліяй плоцевых храмасомаў і асаблівасьцямі будовы чалавечага цела[1].

  1. ^ Эдуард Дубянецкі. Дэвіянтныя паводзіны // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 322-323. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0