Геся Гельфман

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Геся Гельфман
G Gelfman.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася: 1855
Мазыр, Менская губэрня
Памерла: 13 лютага 1882
Санкт-Пецярбург
Партыя: Народная воля
Сужэнец: Мікалай Саблін

Ге́ся Мі́раўна (Меераўна) Ге́льфман (часта імя па бацьку памылкова пішацца Міронаўна; 1855, Мазыр, Расейская імпэрыя — 1882, г. 13 лютага [ст. ст. 1 лютага] 1855, Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя) — расейская рэвалюцыянерка-народніца, агент Выканаўчага камітэту «Народнай волі(ru)». Адна зь «первамартаўцаў(ru)»[1].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геся Гельфман нарадзілася ў беларускім месьце Мазыры, у жыдоўскай сям’і. Ейны бацька гандляваў лесам, а маці валодала мануфактурнай крамай. Маці рана памерла, а мачыха мала ўвагі надавала Гесі. Аднойчы бацькі адправілі яе ў Бярдычаў на вясельле да сваякоў. Там яна правяла некалькі месяцаў. Вярнуўшыся ў Мазыр, яна даведалася, што яе зьбіраюцца выдаць замуж за адзінага сына лесапрамыслоўца, бацькавага знаёмага. У апошнюю ноч перад вясельлем яна зьбегла. У 1871 року Геся прыехала ў Кіеў, дзе нанялася памочніцай да краўчыхі. У гэтым жа годзе яна паступіла на акушэрскія курсы пры Кіеўскім унівэрсытэце, якія скончыла ў 1874 годзе[1]. У гэты час пачала прымаць удзел у рэвалюцыйнай дзейнасьці. Яна ўдзельнічала ў сходах нелегальных сацыялістычных гурткоў, аказвала розныя дробныя паслугі рэвалюцыянерам-прапагандыстам.

Увесну 1875 року ў Кіеў прыехалі прадстаўнікі маскоўскага гуртку рэвалюцыянэраў для наладжваньня сувязяў зь мясцовымі рабочымі. Геся Гельфман далучылася да гэтай арганізацыі і прыняла актыўны ўдзел у яе дзейнасьці ў Кіеве[1] (на ейнае імя прыходзілі лісты, грашовыя пераклады, яе кватэра служыла яўкай для рэвалюцыянэраў). 9 верасьня 1875 яна была арыштаваная. Паўтара году правяла ў доме папярэдняга зьняволеньня ў Санкт-Пецярбургу.

У 1877 асуджаная на «працэсе 50-ці(ru)» і прысуджаная да двух гадоў прымусовых работ. Пакараньне адбывала ў Літоўскім замку(ru) ў Санкт-Пецярбургу.

У гэты пэрыяд яна пазнаёмілася з нарадавольцам Мікалаем Саблінам(ru), які стаў пасьля яе фактычным мужам, зь якім яна пражывала пад імем Алены Рыгораўны.

Пасьля адбыцьця пакараньня, 14 сакавіка 1879, Гельфман выслалі пад нагляд паліцыі ў м. Старая Руса (Наўгародзкая губэрня), адкуль яна ў верасьні гэтага ж году зьбегла ў Санкт-Пецярбург. Тут яна далучылася да «Народнай Волі»[1]. Яна вяла прапаганду сярод моладзі, шмат працавала ў Чырвоным Крыжы «Народнай Волі», пасьлядоўна стала гаспадыняй трох кансьпіратыўных кватэр. У лютым 1881 Гельфман разам зь М. Сабліным зьняла кватэру на Цялежнай вуліцы. У гэтай кватэры спачатку знаходзілася падпольная друкарня нарадавольскай «Рабочей газеты», а затым дынамітная майстэрня «Народнай Волі»[1]. Раніцай 1 сакавіка 1881 на гэтай кватэры кідальшчыкі атрымалі бомбы, адной зь якіх быў сьмяротна паранены імпэратар Аляксандар II. 2 сакавіка 1881 року пасьля ператрусу, падчас якога былі знойдзеныя 2 бомбы і шмат нелегальнай літаратуры, паліцыя арыштавала Г. М. Гельфман. Пры арышце Саблін скончыў жыцьцё самагубствам. На допыце Гельфман прызналася, што зьяўляецца сябрам «Народнай волі», але адмаўляла свой ​​удзел у арганізацыі замаху на цара, нягледзячы на наяўныя бясспрэчныя факты.

Разам зь пяцьцю актыўнымі ўдзельнікамі замаху была прысуджаная да павешаньня[1], аднак па вынясеньні прысуду яна заявіла пра сваю цяжарнасьць. Апошняе было пацьверджана медыцынскім абследаваньнем, і выкананьне прысуду было адкладзена, бо паводле законаў, якія дзейнічалі на той момант, караць сьмерцю цяжарных жанчын забаранялася з прычыны цнатлівасьці дзіцяці. У Ангельшчыне, Францыі, Швайцарыі была арганізаваная кампанія за скасаванне сьмяротнага прысуду Гесі Гельфман[1]. Адкрыты ліст да імпэратара Аляксандра III апублікаваў вядомы францускі пісьменьнік Віктор Юго. Падобная кампанія была і ў самой Расеі.

Пасьля родаў сьмяротнае пакараньне Гельфман было замененае пажыцьцёвымі катаржнымі працамі[1]. Аднак роды працякалі цяжка, з ускладненьнямі, у адсутнасьць мэдыцынскай дапамогі. Дзіця было адабрана ў Гельфман 25 студзеня 1882 року (яно неўзабаве памерла ў выхаваўчым доме; паводле крыніцаў, гэта была дзяўчынка[2]). Неўзабаве пасьля нараджэньня дзіцяці, так і не атрымаўшы дапамогі лекара, Гельфман памерла ў турме[1] ад гнойнага запаленьня брушыны, які разьвіўся ў выніку нялечанага пасьляродавага ўскладненьня[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з Гельфман Геся Мееровна // Биографический справочник. — Менск: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 144. — 737 с.
  2. ^ Ребёнок № А-824
  3. ^ Петропавловская крепость (1871—1900 годы). Трубецкой бастион(рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Иохельсон В., Кантор Р. Геся Гельфман. Материалы для биографии и характеристики. — Пг.-М., 1922.
  • Кантор Р. М. Г. М. Гельфман. — М., 1930.
  • Суд над цареубийцами. Дело 1-го марта 1881 года. Под редакцией В. В. Разбегаева. Tт. 1 и 2. — СПб.: Изд. им. Н. И. Новикова, 2014. — ISBN 978-5-87991-110-7; ISBN 978-5-87991-112-1