Геранім Марцінкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Геранім Марцінкевіч
герб Лебедзь
герб Лебедзь
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 14 ліпеня 1816
в. Тулава, Віцебскі павет
Памёр пасьля 1864
імаверна Віцебск
Род Марцінкевічы
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, празаік, драматург
Мовы польская, беларуская

Геранім Францавіч Марцінкевіч (14 ліпеня 1816, в. Тулава, Віцебскі павет — пасьля 1864, імаверна Віцебск) — паэт, празаік, драматург. Пісаў на польскай і беларускай мовах.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў са зьбяднелага шляхецкага роду Марцінкевічаў герба «Лебедзь» (да іншага адгалінаваньня гэтага роду належаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч). Меў брата Аляксандра. Вучыўся ў Віцебскай базыльянскай вучэльні, адкуль у 1832 перайшоў у губэрнскую гімназію. У 1834 віцебскі павятовы маршалак шляхты прасіў уладкаваць Гераніма Марцінкевіча на казённы кошт, але ў гэтым было адмоўлена. У 1835 скончыў гімназію, у тым жа годзе паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту, аднак закончанай адукацыі не атрымаў. Неўзабаве перайшоў на службу ў Віцебскае губэрнскае праўленьне, потым зь невядомых прычын звольніўся. У канцы 1849 ужо «адстаўны канцылярскі служыцель» Геранім Марцінкевіч атрымаў ад віцебскага губэрнатара дазвол паступіць на службу ў дваранскую дэпутацкую зборню. За 11 даслужыўся да невысокага чыну губэрнскага сакратара. У пачатку 1860-х разьбіты паралічом. У 1864 у віцебскіх установах вялася перапіска аб афармелньні яму пэнсіі.

Падтрымліваў прыяцельскія адносіны са сваім земляком Арцёмам Вярыга-Дарэўскім і яго братам Сымонам. У 1843 прысьвяціў ім верш «Захад сонца».

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратурнай дзейнасьцю пачаў займацца ў 1830-я гады. Супрацоўнічаў у «Рубоне» і іншых рэгіянальных выданьнях. У 1845 надрукаваў у Ю. Завадзкага накладам каля 500 ас. томік сваіх польскамоўных паэтычных твораў. У 1848 выдаў другі том, куды ўвайшлі драма «Час над Дзьвіной», паэма «Першае падзеньне чалавека», пераклады з Гётэ і Лермантава. Трэцяя яго кніга — зборнік «Творы, напісаныя між іншымі» выйшла ў 1858. Драма «Падарожны» не была апублікавана.

Геранім Марцінкевіч быў актыўным удзельнікам літаратурна-культурнага жыцьця Віцебска. У сваіх творах выказаў трывогу за лёс народа, надзеі на лепшую будучыню, сатырычнымі фарбамі маляваў знаёмае яму чыноўніцкае асяродзьдзе.

Перакладаў на польскую мову беларускія народныя песьні. Камэдыя «Аказія пры палкоўніцах» або «Аказія падпалкоўніцам» ставілася на віцебскай аматарскай сцэне А. Вярыгам у 1861—1862 і захоўвалася ў маёнтку Селігоры на Лепельшчыне. Дасьледнікі ідэнтыфікуюць гэты твор з п’есай «Адвячорак. Аказія ў карчме пры Фальковічах» (1858), тэкст якой складанымі шляхамі (праз А. Рыпінскага, М. Піятуховіча і інш.) у копіі дайшоў да нашага часу і зьберагаецца цяпер у БДАМЛіМ

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Марцінкевіч Геранім // Беларускі пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. У. 6 т. Лазарук — Перкін / Ін-т літ. імя Я. Купалы Ан Рэспублікі Беларусь, Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 223. — 524 с.