Георгі Юрчанка
| Георгі Юрчанка | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Нарадзіўся | 31 студзеня 1928
|
| Памёр | 1 лістапада 2014 (86 гадоў) |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | паэт, празаік, парадыст, мовазнавец, пісьменьнік, літаратурны крытык |
| Мова | беларуская мова[1] |
Гео́ргі Фёдаравіч Ю́рчанка (31 студзеня 1928, в. Кудрычы, Амсьціслаўскі раён, Магілёўская вобласьць — 1 лістапада 2014) — беларускі празаік, паэт-сатырык, парадыст, мовазнавец, літаратурны крытык.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Нарадзіўся 31 студзеня 1928 году ў вёсцы Кудрычы Амсьціслаўскага раёну Магілёўскай вобласьці ў сялянскай сям’і. Бацька быў удзельнікам Першай сусветнай, грамадзянскай і нямецка-савецкай войнаў[2]
У 1951 годзе скончыў Магілёўскі пэдагагічны інстытут. Выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў школах Дзятлаўскага і Воранаўскага раёнаў на Гарадзеншчыне. У 1959 годзе завочна скончыў філялягічны факультэт Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту і паступіў у асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР.
З 1961 году — рэдактар, у 1962—1988 гадох — загадчык рэдакцыі літаратуры, мовы і мастацтва, затым — рэдакцыі філялёгіі ў выдавецтве «Навука і тэхніка».
Памёр 1 лістапада 2014 году[2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першы верш напісаў у 1940 годзе. Друкавацца пачаў з 1959 году ў воранаўскай раённай газэце «Путь социализма».
Вядомы як парадыст, зьбіральнік народнай лексікі і дыялектнай фразэалёгіі. Выйшлі кнігі літаратурных пародый і эпіграм «Распрэжаны Пэгас» (1965), «Вярхом на вожыку» (1968), «Немэлядычныя мэлёдыі» (1974), «Парнаскія ўхабы» (1979), «У натхнёнай паграбеньцы» (1983), «Негабляваная пэгасьня» (1989), навукова-папулярная праца «На амсьціслаўскай зямлі ўзгадаваны: Нарыс жыцьця і навуковай дзейнасьці П. П. Кабекі» (1986).
Матэрыялам Юрчанку для дасьледаваньняў паслужыла родная Амсьціслаўшчына, ён падрыхтаваў дыялектныя слоўнікі «Дыялектны слоўнік: З гаворак Амсьціслаўшчыны» (1966), «Народная сынаніміка» (1969), збор дыялектнай фразэалёгіі Амсьціслаўшчыны ў трох кнігах — «І коціцца і валіцца» (1972), «І сячэ і паліць» (1974), «Слова за слова» (1977), «Народнае вытворнае слова: З гаворкі Амсьціслаўшчыны» ў трох кнігах (1981, 1983, 1985), «Сучаснае народнае слова: З гаворкі Амсьціслаўшчыны» (1988), «Сучасная народная лексіка: З гаворкі Амсьціслаўшчыны» (1993,1996,1998), «Крылатыя залацінкі Амсьціслаўшчыны» (2001), «Народнае мудраслоўе» (2002)[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Jurčanka, Heorhìj Fedaravìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- 1 2 Памяці калегі і таварыша // Літаратура і мастацтва — № 44 — 6 лістапада 2014 г. — С. 3
- ↑ Моўныя самацветы. Нацыянальная бібліятэка Беларусі(недаступная спасылка)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Георгій Фёдаравіч Юрчанка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.