Генаграма
Генагра́ма, Ана́ліз Макголжрыка-Ге́рсана[1], схе́ма Ляпі́дуса[1] або сяме́йная дыягра́ма[2]) — графічная схема сямейных стасункаў і мэдычнай гісторыі асобы. Ад звычайнага генэалягічнага дрэва адрозьніваецца тым, што дазваляе адлюстраваць спадчынныя ўзоры і псыхалягічныя фактары, якія характарызуюць стасункі[1]. Генаграма прымяняецца для ідэнтыфікацыі паўтораных узораў паводзінаў і вызначэньня спадчынных тэндэнцыяў[3].
Генаграмы ўпершыню былі распрацаваныя і прапагандаваліся ў клінічных умовах Монікай МакГолдрык і Рэндзі Герсанам, якія ў 1985 року выдалі кнігу пад назовам «Genograms: Assessment and Intervention». Цяпер генаграмамі карыстаюцца ў розных галінах навукі, такіх як мэдыцына, псыхіятрыя, псыхалёгія, сацыяльная праца, генэтычныя дасьледаваньні, адукацыя і да т. п. У сямейнай тэрапіі некаторыя практыканты ўжываюць генаграмы для асобавых запісаў і/або тлумачэньня кліентам сямейнай дынамікі.
Сымбалі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры стварэньні генаграмы карыстаюцца пэўным наборам геамэтрычных фігураў і лініяў, якія азначаюць чалавечую плоць і розныя стасункі між людзьмі. Для стварэньня генаграмаў існуюць адмыслова распрацаваныя кампутарныя праграмы, хоць такія фігуры здольныя маляваць і тэкставыя ды графічныя рэдактары.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На генаграме побач з сымбалямі звычайна пазначаюць даты нараджэньня/сьмерці і імёны асобаў. Сувязі паміж асобамі адлюстроўваюць стасункі паміж імі. Так, на генаграме можна пазначыць ня толькі колькасьць дзяцей (напрыклад, тры) у сям’і, але таксама зьвесткі пра тое, што старэйшы сын быў пасланы ў школу-інтэрнат, сярэдні сын заўсёды канфліктуе з маці, малодшы хворы на цукровы дыябэт, бацька, філёзаф, пакутаваў ад дэпрэсіі і быў алькаголікам, а ягоная жонка некалькі гадоў не размаўляла са сваім братам, мела рак грудзей і памяняла некалькі месцаў працы.
Адной зь перавагаў генаграмы ёсьць магчымасьць выкарыстаньня рознакаляровых рысаў дзеля адлюстраваньня розных тыпаў стасункаў, такіх як радзтво ў пакаленьнях, эмацыйныя і сацыяльныя стасункі[4]. У сямейных стасунках ёсьць магчымасьць адлюстраваць, жанатая пара ці разьведзеная, не зарэгістравала шлюб ці толькі пачынае стасункі, і да т. п.
Эмацыйныя стасункі на генаграмах могуць быць адлюстроўваныя рысамі розных колераў.
Яшчэ адзін кампанэнт генаграмаў — сацыяльныя стасункі. Яны дазваляюць складальнікам злучаць асобаў, якія ня маюць роднасных сувязяў, але маюць сувязі ў грамадзтве, напрыклад быць суседзямі, калегамі, начальнікам і падначаленым, сьвятаром і вернікам у царкве, выкладчыкам і студэнтам і да т. п. Дзякуючы наяўнасьці сацыяльных стасункаў генаграма можа быць цікавая ў дзелавым асяродку для стварэньня арганізацыйных схемаў ці разьмяшчэньня супрацоўнікаў па паверхах.
Генаграма выглядае падобна да генэалягічнага дрэва, аднак пры наяўнасьці запоўненых розных тыпаў сувязяў зьмяшчае больш дэталізаваную і поўную інфармацыю пра паддосьледную сям’ю ці групу.
Прызначэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Генэалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У генэалёгіі генаграмы ўжываюцца для запісаў гісторыі роду ў разрэзе жыцьця асобных яго чальцоў[5]. Генаграмы дазваляюць генэолягу зрабіць графічнае адлюстраваньне складанай гісторыі сям’і са шлюбамі і разводамі, узьяднаньнем сем’яў, усынаўленьнямі, нацягнутымі ці шчыльнымі стасункамі і інш. Генэолягі праз генаграмы могуць выяўляць і заўважаць факты пра гісторыю сям’і, напрыклад, традыцыю ў прысваеньні імёнаў, суперніцтва між братамі і сёстрамі ці значныя павароты лёсу кшталту іміграцыі.
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У мэдыцыне генаграмы забясьпечваюць хуткі і зручны кантэкст для разьліку індывідуальных праблемаў са здароўем[6]. Веданьне ўнутрысямейных хваробаў і абставінаў могуць даць лекарам неацэнныя зьвесткі для хуткага, але правільнага дыягназу і спосабаў лекаваньня хваробаў. Да таго ж, веданьне «сямейных» хваробаў можа даць індывідуальныя парады для прафіляктычных захадаў. Мэдыцынская генаграма дапамагае ўсталяваць заканамернасьць у зьяўленьні хваробаў у розных пакаленьнях.
Сацыялёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для сацыёлягаў генаграмы карысныя як крыніца аб’ектыўнай і пэўнай інфармацыі пра кліентаў і іхнія сем’і, што дапамагае ў вывучэньні праблемаў кліентаў у кантэксьце іхняга шлюбу, сямейных стасункаў, культуры паходжаньня і схаваных пытаньнях. Эмацыянальныя стасункі, паказаныя на генаграмах, дазваляюць сацыёлягам убачыць і пралічыць магчымыя канфлікты ў сям’і. Вызначыўшы псыхалягічныя ўзоры, якія нельга здабыць ніякім іншым чынам, можна забясьпечыць папярэднія захады ад канфліктаў.
Сацыяльная праца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сацыяльнай працы генаграмы прымяняюцца для адлюстраваньня эмацыйных повязяў паміж індывідуўмамі, што складаюць сям’ю ці сацыяльную ячэйку. Генаграма дапамагае сацыяльным працаўнікам зрабіць ацэнку ўзроўню ўзаемадзеяньня ўнутры сям’і ці групы і вызначыць, ці магчымы ўнутры гэтай адзінкі патрэбны клопат.
Сямейная тэрапія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сямейнай тэрапіі генаграмы патрэбныя для вывучэньня і запісу ўзораў стасункаў паміж чальцамі сям’і і індывідуальных характарыстык, якія ўтвараюць гэтыя ўзоры. Генаграма можа служыць дапамогай сямейным тэрапэўтам для адэкватнай ацэнкі ўзораў стасункаў і вызначэньня месцаў, дзе неабходная дапамога дзеля зьмяншэньня дысфункцыі і/або праблемнай сытуацыі, што прывяла кліентаў да сямейнага тэрапэўта.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в W Jolly, J Froom, MG Rosen. The genogram // The Journal of family practice. — люты 1980.
- ^ John Butler. The Family Diagram and Genogram: Comparisons and Contrasts // American Journal of Family Therapy. — травень 2008. — В. 3. — Т. 36. — № 12. — С. 169—180. — DOI:10.1080/01926180701291055
- ^ Friedman, H., Rohrbaugh, M. and Krakauer, S. The Time‐Line Genogram: Highlighting Temporal Aspects of Family Relationships. — Family Process, 1988. — № 27. — С. 293—303. — DOI:10.1111/j.1545-5300.1988.00293.x
- ^ A Hartman. Diagrammatic assessment of family relationships // Families in Society. — 1995.
- ^ HC Mullins. // Collecting and recording family data: The genogram — Working with the Family in Primary Care: A Systems. — 1991.
- ^ E Schilson, K Braun. Use of genograms in family medicine: A family physician/family therapist collaboration // Family Systems Medicine. — 1993.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уводзіны ў генаграму (анг.)
- Праграма для стварэньня генаграмаў (анг.)
- Прыклад стварэньня мэдыцынскай генаграмы (анг.)
- Мэтады пабудовы генаграмы (рас.)