Перайсьці да зьместу

Гедрус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гедрус — легендарны літоўскі князь.

Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Гедрус адпавядае германскім імёнам Gaideris, Gayderis, Keidrih і азначае 'гаспадар дзіды'[1].

Паводле легендарнай часткі другой і трэцяй рэдакцый беларуска-літоўскіх летапісаў, чацьверты сын вялікага князя літоўскага Рамана Гілігіновіча, родны брат Трайдзеня, апошняга з дынастыі Даўспрунгаў. Па бацьку атрымаў ва ўдзел Гедройцкае княства, якое разьмяшчалася ад ракі Вяльлі да Дзьвіны і да мяжы Латыскай зямлі. Валоданьне гэта з XIII да пачатку XV стагодзьдзя складала асобную краіну князёў Гедройцкіх. За 40 вёрстаў ад цяперашняй Вільні Гедрус нібы збудаваў над возерам Кемант замак Гедроты, разваліны якога было відаць яшчэ ў канцы XVII стагодзьдзя. Паводле легенды, памёр у 1282 року, пакінуўшы малалетняга сына Гінвіла. У наш час зьвесткі беларуска-літоўскіх летапісаў пра гэты пэрыяд лічацца вельмі няпэўнымі.

Мяркуецца, што зьвесткі пра Гедруса былі наўмысна ўлучаныя ў склад летапісаў дзеля абгрунтаваньня старажытнасьці роду Гедройцаў, якія называлі сябе нашчадкамі Гедруса[2].

  1. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 21.
  2. ^ Гедрус // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 165.