Гаршвяйская сялянская арганізацыя
Гаршвяйская сялянская арганізацыя — арганізацыя летувіскіх кніганошаў, якая існавала ў 1885—1895 гадах.
Каля 1885 году ўжо вядомы кніганоша Юргіс Бялініс, які быў у гасьцях у вёсцы Гаршвяй недалёка ад Панявежу паразумеўся з мясцовым селянінам Казісам Удрай і абодва вырашылі распачаць закуп летувіскіх кніжак за граніцай у Прусіі, каб потым распаўсюджваць іх у Летуве. Да Бялініса і Удры далучыліся Вінцас Казанаўскас, Адомас Ладукас, шляхціц Ёзас Нятэцкіс і іншыя. Яны ўтварыўшы суполку, у якую кожны ўклаў па 200 рублёў.
У суполку ўваходзілі 9 кніганош і 45 асоб, якія дапамагалі матэрыяльна. Бугальтарам таварыства быў А. Ладукас.
Гэта арганізацыя займалася кантрабандай не толькі малітоўнікаў і іншых рэлігійных кніжак, але і грамадзка-палітычнай літаратуры, часопісаў, якія выдаваліся ў Нямеччыне і ЗША. Куплялі кнігі за граніцай Бялініс і Ўдра. Праз граніцу кнігі праносілі адмыслова нанятыя прафэсійныя кантрабандысты. На зборны пункт у Гаршвяй кнігі прывозіў Ладукас. Прывезеныя кнігі складаліся ў гумне селяніна Юргіса Дзілкуса. Потым у Гаршвяй за кнігамі прыяжджалі жыхары навакольных вёсак. Далей іншыя населеныя пункты атрымлівалі кнігі праз выпадковых падарожных, ці ўласных падаўцоў. Дзейнасьць арганізацыі з вёскі Гаршвяй ахапіла большую частку Ковенскай губэрні, а таксама некаторыя раёны Віленскай.
Сярод друкаванай прадукцыяй якую прыносілі ў Летуву была і «Аўшра» і іншыя выданьні, якія выходзілі ў 1883—1895 гг.
У 1895 годзе арганізацыю выкрыла расейская паліцыя. Было канфіскавана 5156 асобнікаў кніг, брашур і 4287 асобнікаў пэрыядычнага друку. Бялініс і Нятэцкіс пазьбеглі арышту, аднак К. Удра, А. Ладукас, Бружас і іншыя трапілі ў турму і ў 1899 годзе былі сасланыя ў Сыбір на шматгадовую катаргу.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ochmański J. Litewski ruch narodowo-kulturalny w XIX wieku, do 1890 roku, Białystok, 1965. S. 172—173.
- Борьба литовского народа за свободу печати в 1864—1904 гг. Вильнюс, 2004, С. 17 — 18.