Перайсьці да зьместу

Галіна Данільчанка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Галіна Данільчэнка»)
Галіна Данільчанка
Дата нараджэньня 5 ліпеня 1964(1964-07-05) (60 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак радца, палітык, бугальтарка

Галі́на Ві́ктараўна Дані́льчанка (па-ўкраінску: Галина Вікторівна Данильченко, па-расейску: Галина Викторовна Данильченко; 5 ліпеня 1964, Арлова, Запароская вобласьць, УССР, СССР)[1][2] ― украінская палітычная дзяячка, якая прадстаўляе прарасейскую партыю «Апазыцыйны блёк» (да 2015 прадстаўляла «Партыю рэгіёнаў»); калябарацыяністка з Расеяй, якая падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе ўзначаліла акупацыйную адміністрацыю гораду Мэлітопаль. Данільчанка таксама вядомая як дырэктарка «Мэлітопальскага заводу падшыпнікаў сьлізгаценьня» (укр. Мелітопольський завод підшипників ковзання)[3].

Раннія гады і кар'ера

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася 5 ліпеня 1964 году ў вёсцы Арлова, пад Мэлітопалем[1][2]. Атрымлівала адукацыю ў Мэлітопальскім інстытуце мэханізацыі сельскае гаспадаркі і ў Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Некалькі тыдняў працавала ў дзіцячым садзіку, пазьней ― у лябараторыі на заводзе трактарных гідраагрэгатаў. Потым працавала бугальтаркай на маторным заводзе, а ў 2000 годзе перайшла на «Завод падшыпнікаў сьлізгаценьня», які ў канчатковым выніку ўзначаліла і прапрацавала на ім да 2015 году[2].

У часы VIII скліканьня Вярхоўнае Рады Данільчанка працавала памочніцай народнага дэпутата Яўгена Баліцкага, былога сябра «Партыі рэгыёнаў». Менавіта Баліцкі запрапанаваў ёй пайсьці ў палітыку[2][3]. У 2015 і 2020 годзе пасьпяхова выбіралася ў Мэлітопальскі мясцовы савет. Падчас свайго першага тэрміну таксама працавала сакратаркай мясцовага савету[1].

Пражывае ў вёсцы Спаськэ Мэлітопальскага раёну[1]. На прэзыдэнцкіх выбарах, паводле ейных словаў, галасавала за Віктара Юшчанку ў 2004 годзе, а ў 2014 — за Пятра Парашэнку. Ня была задаволена работай ніводнага зь іх, а Парашэнку назвала «найгоршым прэзыдэнтам»[2].

Дзяржаўная здрада

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

26 лютага 2022 году Мэлітопаль перайшоў пад кантроль расейскіх акупантаў.[4] 11 сакавіка 2022 году расейскія акупанты выкралі дзейнага гарадзкога галаву Мэлітопаля Івана Фёдарава.[5] На наступны дзень Галіна Данільчанка, якую прадставілі «выканаўцай абавязкаў гарадзкога галавы Мэлітопаля» зьвярнулася да гараджан па тэлебачэньні. У звароце яна абвясьціла, што горадам будзе кіраваць «Камітэт народных выбраньнікаў» і заклікала мэлітопальцаў «прытарноўвацца пад новую рэчаіснасьць», заахвочвала не прымаць удзел у пратэстах супраць расейскіх акупантаў.[6][7]

Мэлітопальскі гарадзкі савет не прызнаў Галіну Данільчанка легітымнай галавой гораду, і заклікаў генэральную пракурорку Ірыну Венедыктаву прыцягнуць яе да крымінальнае адказнасьці па артыкуле «Дзяржаўная здрада».[4]

Паводле словаў віцэ-прам’еркі Ірыны Верашчук, Служба бясьпекі Ўкраіны дзяржыць пад кантролем сытуацыю з прызначэньнем Данільчанка «галавой» Мэлітопаля.[8]


« Была пэўная спроба, так бы мовіць, "народнага мэра" абраць у Мэлітопалі. Спадарыня Данільчанка паспрабавала там зьвярнуцца… За ступнямі Нэлі Штэпы. Напэўна, яна забылася, які лёс Нэлі Штэпы, а які будзе ў яе... Мы павялічылі пакараньне. Гэтае злачынства зараз будзе ацэньвацьца ў 15 гадоў пазбаўленьня волі. »

—Ірына Верашчук[9]