Перайсьці да зьместу

Гэлы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Гайдэльскія народы»)

Гэ́лы (ірл. і мэнск. Gaeil, гэльск. Gàidheal) — тэрмін, якім пазначаецца этнапляменная супольнасьць[1] і ўзьніклы пазьней шэраг асобных кельцкіх этнасаў, якія размаўляюць на мовах гайдэльскае падгрупы астраўной групы кельцкае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, або носьбіты гэтых моваў. Гістарычна — адзіная этнапляменная група, якая існавала ў раньнесярэднявечнай Ірляндыі, пасьля чаго неўзабаве гэльскія плямёны пашырылі тэрыторыю свайго пражываньня за кошт засяленьня суседняга з Ірляндыяй паўднёвага захаду сучаснае Шатляндыі (гл. Дал Рыяда). За эпохай Сярэднявечча гэльскае насельніцтва й культура атрымалі перавагу на тэрыторыях Ірляндыі, Шатляндыі, а таксама востраву Мэн, пасьля чаго пачаўся працэс распаду гэльскае супольнасьці на тры асобныя роднасныя этнасы — ірляндцаў, шатляндцаў і мэнцаў.

На цяперашні час тэрмін гэлы (анг. Gael, Gaels) часта выкарыстоўваецца ў дачыненьні толькі носьбітаў гэльскае шатляндзкае мовы. У 1882 годзе брытанскім кельтолягам валійскага паходжаньня Дж. Расам у якасьці сукупнага пазначэньня ўсіх носьбітаў гайдэльскіх моваў быў прапанаваны тэрмін гойдэлы (анг. Goidels), які зь цягам часу замацаваўся ў гістарыяграфіі і, у прыватнасьці, у кельталёгіі.

Карані тэрміну гэ́лы палягаюць у старажытнаірляндзкім Goídel, якім пазначаліся гэльскія плямёны Ірляндыі або прыналежнасьць да іх. Пазьней, у сучасных ірляндзкай і гэльскай шатляндзкай мовах гэты тэрмін трансфармаваўся ў Gael ды Gàidheal адпаведна, дзе пазначае прыналежнасьць да ірляндзкай або шатляндзкай культуры, але, у адрозьненьне ад Goídel, не зьяўляюцца сучаснымі саманазвамі гэтых этнасаў. Пазьней адаптацыі гэтых тэрмінаў былі засвоеныя ў гістарычнай літаратуры розных моваў сьвету дзеля пазначэньня тых кельцкіх плямёнаў, што леглі ў аснову ірляндзкага, шатляндзкага й мэнскага этнасаў (гл. вышэй).

Як мяркуецца, узьнікненьне старажытнаірляндзкага Goídel прыпадае на VII стагодзьдзе н.э., зьяўляючыся валійскім запазычваньнем (параўн. ст.-валійск. Guoidel «ірляндзец», упершыню зафіксаванае як асабістае імя ў адной з гістарычных хронік Ўэйлзу, г.зв. Ландафскай кнізе). Мажліва, што паходжаньне гэтага экзаэтноніму ўзыходзіць да пра.-і.э. *weidh-(e)l-o- «лясныя людзі», што, магчыма, зьяўляецца кагнатам старажытнаірляндзкаму Féni < пра.-і.э. *weidh-n-jo- «лясныя людзі, ваяры»[2][3].

Іншыя гіпотэзы прапаноўваюць тлумачэньне назову на аснове валійскага gwyddel «налётчыкі, рабаўнікі», што тлумачыцца родам дзейнасьці, які ў пэўнай ступені быў вядомы ў асяродзьдзі сярэднявечных гэльскіх плямёнаў.

Грэцкія й рымскія крыніцы ў часы, калі гэлы займалі выключна востраў Ірляндыя, згадвалі гэлаў пад тэрмінамі Ιουερνοι і Iverni адпаведна, якія разам паходзяць, хутчэй за ўсё, ад архаічнаірляндзкага *Iwerni «народ Івэрыю». Гэтым назвам рушылі ўсьлед аднакаранёвыя Ίερνοι, Hierni, Hiberni[4][5][6]. Ад апошняга, у прыватнасьці, паходзіць беларускі тэрмін ірляндцы й ягоныя аднакаранёвыя варыяцыі, ужываныя ў большасьці сучасных моваў сьвету ў дачыненьні да сучаснага этнасу Ірляндыі[7].

Іншым лацінскім тэрмінам для азначэньня гэльскіх плямёнаў тагачаснай Ірляндыі было слова Scoti або Scotti, які пачынае выкарыстоўвацца з IV ст. н.э.[5][8] Верагодней за ўсё, гэты тэрмін не зьяўляўся саманазвай будзь-якога з пляменных аб’яднаньняў гэлаў, і выкарыстоўваўся гэламі толькі пры камунікацыі на лаціне[8]. Адным з найбольш раньніх прыкладаў выкарыстаньня гэтага слова датычна гэлаў лічыцца рымская праца «Назвы ўсіх правінцыяў» (лац. Nomina Provinciarum Omnium) 312 г. н.э., дзе скоты згадваюцца як адно з плямёнаў, што праяўляе патэнцыяльную пагрозу для Рымскай імпэрыі[9]. Назоў ня мае лацінскай або гайдэльскай этымалёгіі; лічылася, што тэрмін паходзіць з архаічнаірляндзкае мовы, дзе пазначаў нейкую сацыяльную групоўку, і толькі пазьней быў успрыняты замежнікамі як назва гэлаў. У ХІХ ст. Ынкасам МакКоніхам было высунутае меркаваньне, што назва зьвязаная з гэльскім Sgaothaich «натоўп, грамада»; брытанскім гісторыкам Чарлзам Омэнам меркавалася, што карані экзаэтноніму скоты ў лексэме Scuit зь літаральным значэньнем «пабіты, пасечаны чалавек», што сьпярша пазначала толькі пэўныя рабаўніцкія групоўкі[10][11]. Ф. Фрыманам была створаная гіпотэза, якая выводзіць этымалёгію назвы з праіндаэўрапейскага *skot, якое нібыта было ўспрынята меркаванай групай рабаўнікоў і якое мае кагнат у грэцкай мове — σκότος «цемра»[12].

У дачыненьні гэтае лексэмы таксама існуюць іншыя гіпотэзы, якая тлумачыць значэньне гэтага слова як «налётчык, рабаўнік», што зьвязваецца з нападамі гэлаў на заходняе ўзьбярэжжа Брытаніі падчас і пасьля рымскага кіраваньня над гэтым востравам.

Позьняе Сярэднявечча

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па распадзе адзінае старажытнаірляндзкае мовы на мовы трох новых асобных этнасаў, ірляндзкую, шатляндзкую й мэнскую і, пазьней, пасьля асыміляцыі гэльскае шатляндзкае мовы ў шатляндзкім Лаўлэндзе (поўдзень і ўсход краіны) тэрмін Gàidheal працягваў выкарыстоўвацца гэльскамоўнымі шатляндцамі для пазначэньня прыналежнасьці да носьбітаў гэльскае шатляндзкае мовы, але асыміляцыя гэльскае шатляндзкае мовы ў Лаўлэндзе спрычынілася да негалоснага падзелу між гэльскамоўнай поўначчу і германскамоўным Лаўлэндам, у выніку чаго гэльскі шатляндзкі тэрмін Gàidheal набыў значэньне жыхара гарыстае поўначы Шатляндыі. У сваю чаргу, прыкладна з пачатку XV стагодзьдзя поўнач Шатляндыі ў гэльскай шатляндзкай мове атрымаў назву Gàidhealtachd (Кеэлтэхк, літаральна «гэльская [тэрыторыя]»)[13]. Разам з тым, тэрміны Scoti і Scotti звужаюцца й страчваюць значэньне жыхароў Ірляндыі.

Да канца XV стагодзьдзя адносна гэльскае шатляндзкае мовы як у лаціне, так ў шатляндзкай германскай мове (мова, што выцесьніла гэльскую шатляндзкую мову з Лаўлэнду) выкарыстоўваўся тэрмін шатляндзкая мова, але з гэтага часу апошні тэрмін перасунуўся на шатляндзкую германскую мову, у той час як гэльская шатляндзкая мова стала званай тэрмінам Erse (літаральна «ірляндзкая мова»). У найранейшых пісьмовых помніках шатляндзкае германскае мовы таксама вядомыя формы гэльскага Gàidheal, якія дастасоўваліся дзеля адрозьненьня кельцкамоўнага жыхарства Шатляндыі ад іх сваякоў у Ірляндыі: так, у 1596 годзе ў перакладзе з лацінскае мовы на шатляндзкую германскую працы «Гісторыя й хронікі Шатляндыі 1436—1565 гадоў» Джэймза Далрымпла паўстае слова Gaelic, якое мела значэньне толькі кельцкае мовы Шатляндыі.

Мітычнае паходжаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга Захопаў (ст.-ірл. Lebor Gabála Érenn), псэўдагістарычная хроніка, што апісвала паходжаньне гэлаў уключна да часоў стварэньня сьвету, утрымлівае гісторыю, паводле якой гэлы засялілі Брытанскія астравы праз Скіфію й Ібэрыю, правёўшы некалькі стагодзьдзяў падчас блуканьняў па зямлі. Па засяленьні Ірляндыі гэлы нібыта ўступілі ў бой з г.зв. плямёнамі багіні Дану (ст.-ірл. Tuatha Dé Danann), якія пражывалі на востраве раней. Далей хроніка апавядае, што пасьля мітычнае бітвы багіня зямлі Эру (ст.-ірл. Ériu) паабяцала атрыманьне гэламі кантролю над Ірляндыяй пры ўмове выплаты даніны гэламі Эру, на што гэлы далі сваю згоду, пасьля чаго бард гэлаў Амергінь прачытаў спэцыяльны загавор, а плямёны багіні Дану й гэлы дамовіліся аб падзеле Ірляндыі на зямную й падземную часткі, у выніку чаго плямёнам багіні Дану нібыта адышла падземная Ірляндыя.

Іншыя сярэднявечныя псэўдагістарычныя хронікі апісвалі паходжаньне гэлаў ад Эбер Дона, які быццам бы зьяўляўся богам падземнага царства[14].

Першым ірляндзкім летапісцам, які паставіў пад сумнеў падобныя вэрсіі паходжаньня гэлаў і сучасных ірляндцаў стаў гісторык Дуалдус Фірбісіюс, які жыў у XVII стагодзьдзі.

Этнапляменныя групы Брытанскіх астравоў у першай палове І тыс. н.э.

     гэлы.

     пікты.

     брыты.

Дакладная эпоха прыходу кельцкіх плямёнаў у Ірляндыю, якія пазьней адасобіліся ў асобныя гэльскія плямёны, невядомая, найбольш позьнія датыроўкі адносяць гэтую падзею ад першых стагодзьдзяў н.э. Відавочна, што да перасяленьня кельтаў у Ірляндыю востраў засялялі іншыя пляменныя групы, якія хутчэй за ўсё не зьяўляліся кельтамі й не належалі да індаэўрапейцаў наогул. У прыватнасьці, гэта пацьвярджаецца пластам субстратнае лексыкі няяснай этымалёгіі ў сучаснай ірляндзкай мове й ейных папярэдніках.

Вядома, што ў часы позьняй Рымскай імпэрыі гэлы практыкавалі набегі на Рымскую імпэрыю, але дакладная частасьць гэтых набегаў, як і ступень дакладнасьці суаднясеньня скотаў з рэальна існымі гэламі невядомая[15][16].

Антычныя аўтары пакінулі сьведчаньні аб існаваньні ў тагачаснай Ірляндыі вялікае колькасьці асобных плямёнаў, на якія драбіліся гэлы, кожнае зь іх ажно да англа-нарманскае калянізацыі ў ХІ стагодзьдзі мела асобныя каралеўствы, колькасьць якіх агулам складала каля пяцідзесяці.

У IV стагодзьдзі н. э. сярод гэлаў распрацоўваецца ўласная нацыянальная сыстэма пісьма — агамічнае пісьмо, прыкладна з гэтага ж часу адбываецца хрысьціянізацыя востраву й паступовае пашырэньне лацінскага альфабэту. Дзякуючы сьведчаньням агамічным пісьмом з гэтага ж часу вядомая першая мова гэлаў — архаічнаірляндзкая, што адасобілася з пракельцкіх гаворак, з VII стагодзьдзя умоўна пачынаецца пэрыяд старажытнаірляндзкае мовы. Асаблівасьцямі агамічнага пісьма ў тагачаснай культуры гэлаў зьяўлялася частае выкарыстаньне манумэнтальных надпісаў агамічным пісьмом у якасьці своеасаблівага пазначэньня межаў таго ці іншага пляменнага ўдзелу, а таксама традыцыя злучнасьці агамічнага пісьма з назвамі дрэваў востраву. Гэтым жа пэрыядам датуюцца пастаянныя кантакты гэлаў з заходнім узьбярэжжам Вялікабрытаніі, у сувязі з чым агамічныя надпісы адшукваюцца таксама і ў гэтых рэгіёнах.

Засяленьне Шатляндыі й Мэну

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

V ст. н.э. датуецца заснаваньне на поўначы Ірляндыі каралеўства Дал Рыяда, якое ўключыла таксама й суседні паўднёвы захад Шатляндыі. Традыцыйным поглядам у гістарыяграфіі зьяўляецца меркаваньне, што заснаваньнем Дал Рыяды быў пакладзены працэс калянізацыі гэламі Шатляндыі й прынясеньня туды гэльскае культуры[17][18], што ў далейшай пэрспэктыве спрычынілася да ўзьнікненьня шатляндзкага й мэнскага этнасаў, але шэраг дасьледчыкаў, як, напрыклад, археоляг Эван Кэмпбэл, сьцьвярджае пра адсутнасьць археалягічных сьведчаньняў міграцыі або ўварваньня гэлаў у суседнія часткі Шатляндыі (адкуль яны распаўсюдзіліся па ўсёй Шатляндыі) і прапаноўвае гіпотэзу, якая пастулюе існаваньне сталых марскіх камунікацыяў між Шатляндыяй і Ірляндыяй, якія нібыта дазволілі распаўсюдзіць гэльскую культуру ў суседнюю Шатляндыю[19]. У VI ст. н.э. гэлам рухаюць усьлед гэльскія манахі, дзякуючы якім засноўваецца шэраг манастыроў у Шатляндыі, гэльскім жа абатам Калумбам, пазьней прылічаным да ліку сьвятых, ажыцьцяўляецца хрышчэньне піктаў — дагэльскіх насельнікаў Шатляндыі. Гэльскі місіянэрскі ўплыў таксама прасочваўся ў іншых частках Вялікабрытаніі, імі пры Дал Рыядзе быў створаны г.зв. астраўны стыль, які ўтварыўся з VII стагодзьдзя н. э. і спалучаў у мастацтве як гэльскія, так і англа-саксонскія ды пікцкія элемэнты.

Гэльскія тэрыторыі мінулага ў параўнаньні з сучаснымі арэаламі ірляндзкай і гэльскай шатляндзкай моваў.

     максымальная тэрыторыя гістарычнага выкарыстаньня старажытнаірляндзкае мовы.

     іншыя тэрыторыі, дзе знаходзіліся агамічныя надпісы.

     сучасны арэал ірляндзкай і гэльскай шатляндзкай моваў.

Як мяркуецца, у сярэдзіне ІХ стагодзьдзя шатляндзкія ўладаньні Дал Рыяды былі аб’яднаныя каралём гэтае дзяржавы Кенэтам МакАльпінам разам зь пікцкімі ўладаньнямі ў адзіную дзяржаву — Каралеўства Альба, якое лічыцца своеасаблівым раньнім пэрыядам у гісторыі Каралеўства Шатляндыя. Пазьней гэламі быў заселены таксама востраў Мэн, гаворкі гэтых перасяленцаў прыкладна ў XVII ст. вылучыліся ў асобную мову — мэнскую.

На цяперашні час прыметнік гэльскі й ягоныя іншыя варыяцыі выкарыстоўваюцца ў Шатляндыі, Ірляндыі й на Мэне ў шэрагу культурных, грамадзкіх або спартовых арганізацыяў, якія імкнуцца да пашырэньня ўплыву шатляндзкай, ірляндзкай і мэнскай культураў, значна прыціснутых у сувязі з уплывам ангельскае мовы, прычынаю чаго стала панаваньне над гэтымі тэрыторыямі дзяржаваў ангельскамоўнае эліты. Таксама корань гэльскага паходжаньня выкарыстоўваецца ў ірляндзкіх і шатляндзкіх тэрмінах Gaeltacht і Gàidhealtachd адпаведна (гл. гэлтахт), першы зь якіх пазначае тэрыторыі Ірляндыі, дзе існуе значная колькасьць носьбітаў ірляндзкае мовы, другі — паўночна-ўсходнія горныя часткі Шатляндыі, якія пачынаючы з позьняга Сярэднявечча зьяўляліся рэгіёнам, дзе пераважала гэльская шатляндзкая мова. Варта адзначыць, што ў цяперашні час гэльская шатляндзкая мова захоўваецца толькі ў пэўных рэгіёнах горнае Шатляндыі, а таксама часткова захоўваецца й у Лаўлэндзе, што ня робіць тэрмін Gàidhealtachd сынанімічным поўначы Шатляндыі; у Шатляндыі асабліва моцныя пазыцыі мова захоўвае на архіпэлягу Зьнешніх Гебрыдзкіх астравоў. У Ірляндыі гэлтахты абмежаваныя галоўным чынам у ізаляваных заходніх узьбярэжных рэгіёнах востраву, але зьяўляюцца афіцыйна прызнанымі дзяржавай ірляндзкамоўнымі тэрыторыямі, у сувязі з чым ім надаецца асабліва моцная культурная падтрымка[20].

Зрэдку тэрмін гэ́лы ў сучасным ужытку тычаць шатляндцаў-гайлэндэраў, якія цягам доўгага часу захоўвалі традыцыйную гэльскую шатляндзкую культуру (гл. вышэй), або гэльскамоўных шатляндцаў.

  1. ^ Joseph F. Eska. The emergence of the Celtic languages // The Celtic languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — 2nd ed. — Routledge. — С. 26. — (Routledge Language Family Series).
  2. ^ Koch, John. The Goddodin of Aneirin. — Celtic Studies Publications. — 1997. — С. xcvii.
  3. ^ Koch, John. Celtic Culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 739.
  4. ^ Koch, John. Celtic Culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 709-710.
  5. ^ а б Koch, John. Celtic Culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 846.
  6. ^ Koch, John. Celtic Culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 848.
  7. ^ John T. Koch. Celtic Culture: A Historical Encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006.
  8. ^ а б Scot (анг.). Online Etymological Dictionary. Праверана 28 жніўня 2014 г.
  9. ^ Freeman, Philip. Ireland in the Classical World. — Austin: University of Texas Press, 2001. — ISBN 978-0-292-72518-8
  10. ^ A. MacCoinnich. Eachdraidh na h-Alba. — Glasgow: 1867.
  11. ^ C. Oman. A History of England before the Norman Conquest. — London: 1910. — С. 157.
  12. ^ Freeman, Philip. Ireland in the Classical World. — Austin: University of Texas Press, 2001. — С. 93. — ISBN 978-0-292-72518-8
  13. ^ Gillies W. Scottish Gaelic // The Celtic languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — 2nd ed. — Routledge. — С. 230. — (Routledge Language Family Series).
  14. ^ Koch, John T. Celtic Culture: A Historical Encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 1133.
  15. ^ Freeman, Philip. Ireland in the Classical World. — Austin: University of Texas Press, 2001. — С. 88-106. — ISBN 978-0-292-72518-8
  16. ^ Rance, Philip. Epiphanius of Salamis and the Scotti: new evidence for late Roman-Irish relations // Britannia. — 2012. — № 43. — С. 227-242.
  17. ^ Jones, Charles. The Edinburgh history of the Scots language. — Edinburgh University Press, 1997. — С. 551. — ISBN 978-0-7486-0754-9
  18. ^ Nora Kershaw Chadwick, Myles Dyllon. The Celtic Realms. — Weidenfeld & Nicolson, 1972. — С. 66. — ISBN 978-0-7607-4284-6
  19. ^ Campbell, Ewan. Were the Scots Irish? // Antiquity. — 2001. — № 75. — С. 285-292.
  20. ^ John T. Koch. Gaeltacht. History of the decline of Irish // Celtic culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — Т. 2. — С. 778.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]