Перайсьці да зьместу

Вікіпэдыя:Вікідапаможнік/Зьмест/4. Стварэньне артыкулаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Існуе шмат тэмаў, не закранутых артыкуламі ў Вікіпэдыі. Калі Вы знайшлі такую, пашукайце спачатку іншыя варыяцыі назвы гэтай тэмы. Таксама праверце, ці закранута дадзеная тэма ў артыкуле сумежнай тэматыкі. Напрыклад, інфармацыя пра пэўны востраў можа быць прыведзеная ў артыкуле пра краіну, якой ён належыць. Калі тэма сапраўды не закранутая ў Вікіпэдыі, дык гэта можа быць ад таго, што яна надта нязначная й малавядомая, каб пісаць пра яе ў Вікіпэдыі, як то музычны гурт з найбліжэйшага гаражу альбо нічым не вядомая асоба, якая вядзе блог. Калі ж Вы лічыце, што тэма ўсё ж не павінная быць абмінутай у Вікіпэдыі, прыступайце да стварэньня адпаведнага новага артыкула.

Агляд крыніц па тэме артыкула

[рэдагаваць крыніцу]

Артыкулы Вікіпэдыі павінны грунтавацца на надзейных, бесстароньніх, апублікаваных крыніцах з рэпутацыяй хуткаправяральных і дакладных. Гэта азначае, што Вікіпэдыя зьмяшчае меркаваньні толькі вартых даверу аўтараў, а ня погляды вікіпэдыйцаў, якія прачыталі матэрыял і інтэпрэтавалі яго на свой лад.

Слова «крыніца» мае ў Вікіпэдыі тры значэньні:

Усе тры могуць уплываць на надзейнасьць. З гэтай прычыны вартымі даверу крыніцамі могуць быць апублікаваныя матэрыялы з вартым даверу працэсам апублікаваньня; гэта могуць быць і аўтары, якія заслужылі аўтарытэт у апісаньні асобы, пра якую вядзецца; або і першае, і другое.

Калі Вы жадаеце дадаць новы артыкул, варта пашукаць адпаведныя крыніцы, якія будуць утрымліваць тую інфармацыю, якую будзе раскрываць артыкул. Мінімум варта знайсьці дзьве крыніцы, а лепей — чатыры-пяць.

Кароткая спасылка ВП:КВД

Стварэньне новага артыкула

[рэдагаваць крыніцу]

Перад даданьнем артыкула абавязкова паглядзіце, ці існуе ўжо такі, выкарыстоўваючы сынанімічныя назвы ў пошуку. Гэта можна зрабіць у стандартным пошукавіку або праз убудаваны пошук у Вікіпэдыі.

Калі артыкул ужо існуе, магчыма Вы можаце дадаць новыя зьвесткі, дапоўніць ці скарэктаваць існы артыкул. Калі артыкул не існуе, Вы пабачыце загаловак артыкула ў выглядзе чырвонай спасылкі. Націсьніце на яе, і адчыніцца вакно стварэньня новага артыкула.

На старонцы рэдагаваньня Вы можаце сьмела пісаць тэкст артыкула (можаце загадзя падрыхтаваць тэкст, напрыклад, у нататніку, і потым толькі перанесьці і аформіць яго на старонцы стварэньня). Не забывайцеся націскаць Захаваць старонку пасьля сканчэньня чарговых рэдагаваньняў (перад захаваньнем зьменаў можна націснуць на Праглядзець, каб убачыць, як старонка будзе выглядаць пасьля захаваньня).

Каб зрабіць тэкст лёгкім і зручным для чытаньня на старонках Вікіпэдыі, неабходна азнаёміцца і вывучыць базавыя правілы вікі-фарматаваньня (глядзіце разьдзел «Вікіразьметка»).

Таксама праглядзіце, як аформлены і пабудаваны артыкулы па тэмах, блізкіх да Вашай, і адфарматуйце свой падобным чынам.

Па магчымасьці дадайце ў артыкул спасылкі на іншыя існыя артыкулы Вікіпэдыі (імёны, назвы, зьявы). Менавіта на гіпэрспасылках і пабудаваная праца, пошук і распаўсюд ведаў у Вікіпэдыі.

Ваш новы артыкул будзе добры, калі Вы будзеце памятаць пра тры пункты:

  • Апісаньне зьявы, падзеі, асобы;
  • Прычыну значнасьці абранай тэмы;
  • Спасылкі на надзейныя крыніцы інфармацыі па тэме.

Выкарыстоўвайце шаблён {{Рэдагую}}, калі актыўна займаецеся артыкулам. Гэта паслужыць сігналам іншым вікіпэдыстам пачакаць перад яго актыўным выпраўленьнем.

Кароткая спасылка Вікіпэдыя:Як стварыць новы артыкул

Для пэрфэкцыяністаў

[рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ адзін варыянт стварэньня артыкула — скарыстацца «пясочніцай». Рабіце сваю працу там датуль, пакуль артыкул ня будзе ўтрымліваць тры вышэй азначаныя элемэнты.

Каб трапіць у пясочніцу, Вам неабходна яе стварыць. Назва старонкі павінна мець наступны выгляд Удзельнік:Назва рахунку ўдзельніка/Пясочніца.

Можаце карыстацца гэтай старонкай, каб захоўваць на ёй сваю чарнавую працу. Калі Вы цалкам скончылі сваю працу над артыкулам, знайдзіце іншага ўдзельніка, якому будзе цікавая гэтая тэма, з запытам зрабіць рэцэнзію створанага Вамі артыкула. Пасьля гэтага скарыстайцеся спасылкай Перанесьці, якая месьціцца ў выпадаючым мэню каля поля пошуку, каб перанесьці зьмест Вашай пясочніцы ў адпаведны артыкул Вікіпэдыі. На старонцы, якая ў выніку адчыніцца, абярыце элемэнт «(Асноўная)» ў выпадаючым сьпісе «Новая назва», пасьля ўвядзіце адпаведную назву для артыкула замест назвы Вашай пясочніцы, растлумачце, што Вы робіце, у полі «Прычына» і націсьніце на кнопку Перанесьці старонку.

Як назваць артыкул

[рэдагаваць крыніцу]
  • Калі назва артыкулу складаецца зь некалькіх словаў, першая літара першага слова заўжды вялікая, астатнія словы — праз прагал з малой літары (пр. Таварыства беларускай школы).

Выняткі. Правіла ня тычыцца артыкулаў пра асобаў, у якіх імя і прозьвішча пішуцца заўжды зь вялікай літары: Францішак Скарына і Ордэн Францішка Скарыны — а таксама іншых уласных назоўнікаў, якія пішуцца зь вялікай літары. Яны (і толькі яны) таксама павінны пачынацца зь вялікай літары (пр. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, а не Міністэрства юстыцыі рэспублікі беларусь, але не Міністэрства Юстыцыі Рэспублікі Беларусь). Калі словаспалучэньне мае ўстояную дакладную форму напісаньня, якая не адпавядае папярэднім правілам, на артыкул з такой назвай павінна быць створанае перанакіраваньне паводле правіла. Прыклад: Другая сусьветная вайна -> Другая Сусьветная вайна.

Назоўны склон, адзіночны лік. Акрамя выпадкаў, калі слова мае толькі множную форму, калі мае сэнс адрозьніць артыкул пра адзін аб’ект і пра сукупнасьць, групу аб’ектаў.

  • Замежныя імёны і назвы пажадана падаваць у беларускім напісаньні (Уладзімер Жырыноўскі, а не Владимир Жириновский). Калі няма агульнапрынятага беларускага адпаведніка, можна пісаць арыгінальную форму, але на пачатку артыкулу (у дужках) пажадана даць прыклад вымаўленьня: Linux (лінакс).
  • Калі назва адпавядае некалькім (розным) сэнсам, зьявам, аб’ектам — варта стварыць адну абагульняючую старонку з гэтай назвай і пералічыць там спасылкі на больш дэталёвыя. Назвы такіх старонак складаюцца з агульнай назвы плюс удакладненьне ў круглых дужках. Напрыклад, агульны артыкул: Сыстэма можа спасылацца на Сыстэма (паліталёгія), Сыстэма (матэматыка) і да т. п.
  • Назвы артыкулаў пра нейкі твор — без двукосься і без удакладняльнага слова: Песьня пра зубра, а не паэма Песьня пра зубра і ня «Песьня пра зубра».
  • Ня трэба закладаць у назву герархію паняткаў, напрыклад: Зборная Беларусі па хакеі, а не Беларускі хакей: зборная.
  • Ня трэба ўжываць у назьве розныя службовыя сымбалі кшталту |, *, &, +, {, }, [, ].

Узорная структура добрага артыкула

[рэдагаваць крыніцу]

Добрыя і абраныя артыкулы — тыя артыкулы, да якіх варта імкнуцца пры напісаньні свайго артыкула. Напрыклад, добрыя артыкулы павінны мець адносна высокі ўзровень якасьці, але, у адрозьненьне ад абраных артыкулаў, усе патрабаваньні да іх носяць больш мяккі характар.

У дадатак да агульных правілаў, датычных артыкулаў Вікіпэдыі, добрыя артыкулы павінны быць:

  • Якасна састаўленымі і арыгінальнымі: напісанымі для Вікіпэдыі, а не скапіяванымі аднекуль. Мова й стыль напісаньня павінны быць на добрым узроўні і ня ўтрымліваць відавочных памылак.
  • Поўнымі: раскрываць тэму ў поўным аб’ёме, улічваць самыя значныя факты і меркаваньні.
  • Добра прапрацаванымі: адлюстроўваць старанны і рэпрэзэнтатыўны агляд асноўнай літаратуры па тэме, калі большасьць самых значных сьцьверджаньняў можа быць праверана ў якасных і надзейных крыніцах, утрымліваць сьпіс літаратуры і зноскі.
  • Утрымліваць зноскі на крыніцы інфармацыі асноўных тэзісаў, фактаў, сьцьверджаньняў, якія могуць выклікаць недавер, а таксама ацэначных меркаваньняў па тэме артыкула.
  • Нэўтральнымі: прадстаўляць меркаваньні справядліва і непрадузята.
  • Стабільнымі: калі зьмест артыкула не зьяўляецца тэмай спрэчак і ў ім не вядзецца вайны правак.
  • З уводзінамі: утрымліваць мінімум 3—4 сказы ўводзінаў, якія коратка раскрываюць тэму артыкула.
  • Структураванымі: мець добра структураваную герархію разьдзелаў.
  • Мець выявы толькі зь ясным ліцэнзійным статусам: павінны ўтрымліваць толькі вольныя выявы і/ці абгрунтаваную, мінімальна неабходную колькасьць Fair-use выяваў, якія адпавядаюць крытэрам добрапрыстойнага выкарыстоўваньня.
  • Закончанымі: ня ўтрымліваць яўна недапісаныя разьдзелы.
  • Мець катэгорыі й інтэрвікі.

Што рабіць пасьля стварэньня артыкула

[рэдагаваць крыніцу]
  • Стварыць перанакіраваньні на назву створанага артыкула, калі гэта патрабуецца. Напрыклад: артыкул створаны пад асноўнай назвай «Янка Купала», дарэчным будзе стварыць перасылку «Іван Луцэвіч».
  • Націснуць на экране зьлева ад навастворанага артыкула Дадаць спасылкі і паставіць спасылку на адпаведнік артыкула зь вядомай Вам мовы (калі адпаведнік існуе ў іншым моўным разьдзеле). Гэта робіцца праз Інтэрвікі ў левай калонцы знізу.
  • Злучыць створаны Вамі артыкул зь іншымі артыкуламі, у якіх згадваецца Вашая тэма.

Даданьне катэгорыяў

[рэдагаваць крыніцу]

Катэгорыя — адмысловая старонка, якая зьмяшчае сьпіс артыкулаў, што ўваходзяць у дадзеную катэгорыю. Туды трапляюць усе старонкі, у якіх пазначана гэтая катэгорыя, у альфабэтным парадку. Катэгорыі розьняцца ад простых артыкулаў тым, што перад іх назвай ідзе ключавое слова Катэгорыя, напрыклад: Катэгорыя:Беларускія літаратары.

Катэгорыі граюць ролю тэгаў, якія дапамагаюць клясыфікаваць артыкулы па тэмах.

Перад тым, як дадаць катэгорыю, неабходна пашукаць яе праз пошук Вікіпэдыі. Знайшоўшы патрэбную катэгорыю, Вы можаце дадаць яе ўнізе старонкі, напрыклад:

[[Катэгорыя:Беларускія літаратары]]

Калі Вы не знаходзіце патрэбную катэгорыю, паспрабуйце пашукаць па словах-сынонімах. Калі ж патрэбнай катэгорыі не ісуне — Вы можаце яе запачаткаваць, каб іншыя ўдзельнікі таксама маглі ёй карыстацца.