Перайсьці да зьместу

Вэрнал (Юта)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вэрнал
Населены пункт
Усходняя ўскраіна Вэрналу
Усходняя ўскраіна Вэрналу
Краіна ЗША
Штат Юта
Акруга Юінта
Дата заснаваньня 1876
Кіраўніцтва і ўлада
Мэр Соня Нортан
Геаграфія
Плошча 11,9 км²
Вышыня НУМ 1624 м
Часавы пас
Каардынаты 40°27′17″ пн. ш. 109°32′08″ з. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 10 844 чал. (2014)[1]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +1 435
Паштовыя індэксы 84078—84079
GNIS 1433885[2]
Сайт vernalcity.org
Вэрнал на мапе ЗША
Вэрнал
Вэрнал
Вэрнал

Вэрнал (па-ангельску: Vernal) — места на паўночным усходзе Юты (ЗША), цэнтар акругі Юінта. Знаходзіцца за 280 км на ўсход ад Солт-Лэйк-Сіці і за 32 км ад граніцы з Каларада[3]. Насельніцтва — 10 844 чалавекі (2014)[1].

У адрозьненьне ад іншых местаў у Юце, Вэрнал быў заснаваны не мармонамі. У 1861 року выведніцкая місія іхняга тагачаснага прэзыдэнта Брыгама Янга вярнулася зь Юінцкага басэйну з інфармацыяй, што мясьціна не прыдатная дзеля засяленьня. У гэты самы год прэзыдэнт Абрагам Лінкальн заклаў тут індзейскую рэзэрвацыю і прызначыў агента па стасунках зь імі[4]. Першая хаціна зьявілася тут у 1868 року, пасьля чаго пасяленцы сталі засяляцца ўздоўж ручаю Эшлі Крык. У 1879 мноства індзейцаў загінулі ад суровай зімы.

Вэрнал ляжыць у басэйне Юінты, у даліне Эшлі, названай у гонар гандляра футрамі Ўільяма Генры Эшлі. На поўначы мяжуе зь Юінцкімі гарамі, на поўдні — са скаламі Бук, на ўсходзе — з Блакітнымі гарамі.

Плошча Вэрналу — 11,9 км².

Эканоміка Вэрналу заснаваная на здабычы прыродных рэсурсаў: нафты, газу, фасфатаў ды юінтаіту. Дзякуючы гэтаму тут дзейнічаюць філіі такіх кампаніяў, як «Halliburton» ці «Schlumberger»[5].

Важную ролю ў эканоміцы места займае таксама турызм, дзякуючы зьвязанасьці Вэрналу зь Дзікім Захадам і вялікай колькасьцю дыназаўравых выкапняў[5].

Вэрнал разьмяшчаецца пры фэдэральнай магістралі №40.

Дзейнічае рэгіянальны аэрапорт.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Банк Вэрналу (2010)

Штогод у ліпені ў Вэрнале ладзіцца дыназаўравае радэа.

На 3-й Заходняй Галоўнай вуліцы знаходзіцца будынак Банку Вэрналу, вядомы таксама як «Банк, адасланы поштай». Будынак паўстаў у 1916—1917 роках дзякуючы мясцоваму бізнэсоўцу Ўіяльму Колтгарпу. Каб даставіць цэглу для будаўніцтва банку з Солт-Лэйк-Сіці, прадпрымальнік пераслаў усе 80 000 цаглінаў поштаю пасылкамі па 22,6 кг (50 фунтаў)[6][7]. Пасылкі дастаўляліся чыгункай з Солт-Лэйк-Сіці ў Мэк, пасьля вузкакалейкай у Ўотсан, адкуль нарэшце ў Вэрнал грузавым транспартам. Працягласьць маршруту склала больш за 670 км[8], тым ня меней, гэткі спосаб транспартаваньня абышоўся для Колтгарпа найтаньней. Пасьля гэтага выпадку Пошта ЗША адразу ж зьмяніла правілы асблугоўваньня, абмежаваўшы ліміт ад аднаго адпраўніка ў дзень 200 фунтамі (91 кг). Цяпер у будынку дзейнічае філія банку «Zions».

  1. 1 2 Annual Estimates of the Resident Population: April 1, 2010 to July 1, 2014 (анг.). United States Census Bureau. Праверана 2015-06-16 г.
  2. ↑ US Board on Geographic Names (анг.). United States Geological Survey (2007-10-25). Праверана 2008-01-31 г.
  3. ↑ Find a County. National Association of Counties. Праверана 2011-06-07 г. Архіўная копія ад May 31, 2011 г.
  4. ↑ Vernal (анг.). Historytogo.utah.gov. Праверана 2012-11-09 г.
  5. 1 2 Vernal, Utah (анг.). CNNMoney (March 19, 2013). Праверана 2013-03-20 г.
  6. ↑ Precious Packages—America's Parcel Post Service (анг.) Exhibits. National Postal Museum. Праверана 2013-03-20 г.
  7. ↑ The Bank That Was Sent Through the Post Office from stampsofdistinction.com
  8. ↑ National Postal Museum (анг.). SI.edu. Праверана 2012-11-09 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Вэрнал (Юта) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў