Воўчын (возера)
Возера
Воўчын
± Воўчын |
Во́ўчын (Воўчына) — возера ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці. Разьмешчанае за 12 км на поўнач ад Мядзелу каля вёскі Кабайлы, на поўначы ад возера Мядзелу. Належыць да групы Мядзельскіх азёр.
Знаходзіцца ў басэйне ракі Мядзелкі. Плошча возера складае 0,53 км². Найбольшая глыбіня возера — 32,9 м. Даўжыня Воўчыну складае 1,8 км, найбольшая шырыня — 0,45 км. Даўжыня берагавой лініі — 4,29 км. Аб’ём вады ў возеры складае 7,87 м³, плошча вадазбору возера — 3,68 км².
Схілы катлавіны возера маюць вышыню 10—15 мэтраў, на поўначы — 4—5 мэтраў. Схілы парослыя лесам і хмызьняком, месцамі разараныя. Берагі возера высокія, але ў паўночным заліве нізкія і забалочаныя.
Мелкаводная зона возера вузкая, пяшчаная. Падводная расьліннасьць пашыраная да глыбіні 1—4 мэтраў, надводная адсутнічае.
На паўднёвым захадзе ў возера ўпадае ручай. На паўночным усходзе з возера выцякае ручаіна ў раку Мядзелку.
Воўчын мае выцягнутую з поўдня на поўнач форму і ляжыць паміж узгоркамі. Пры адносна невялікай плошчы ў возеры сканцэнтраваны вялікі аб’ём вады, пры гэтым якасьць вады зьяўляецца дастаткова высокай. Празрыстасьць возера дасягае 4,5—5 мэтраў, а ў зімовы час бывае яшчэ вышэйшая.
У возеры сустракаецца рыба: карасі, чырвонапёрка, гусьцера, вукляя, пескары, налімы. Таксама вядомыя выпадкі вылоўліваньня сомаў, але яны адбыліся параўнальна даўно.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 105