Перайсьці да зьместу

Ванда Банішэўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ванда Банішэўская
па-польску: Wanda Boniszewska
манашка, містычка
Слуга Божая

Дзейнасьцьманашка
Сапраўднае імяпа-польску: Wanda Boniszewska[1]
Нарадзілася2 чэрвеня 1907
Сьцяг Расеі Каменка
Памерла2 сакавіка 2003 (95 гадоў)
Сьцяг Польшчы Канстанцін-Язёрна
Пахаванаямогілкі ў Скалімаве (Канстанцін-Язёрна)
БацькаФранцішак Банішэўскі
МаціГелена Анолік
Прыцяцьце манастваСёстры ад Анёлаў, 2 жніўня 1933

Ва́нда Банішэ́ўская (па-польску: Wanda Boniszewska; 2 чэрвеня [ст. ст. 20 траўня] 1907, Каменка каля Наваградку, Расейская імпэрыя — 2 сакавіка 2003, Канстанцін-Язёрна, Польшча) − каталіцкая манашка, стыгматка, хрысьціянская містычка і Служка Божая[2].

Была адной з адзінаццаці дзяцей у сям’і (тры памерлі ў маленстве) Францішка і Гелены (у дзявоцтве Анолік).

6 студзеня 1925 уступіла ў бесгабітовую кангрэгацыю Сёстраў ад Анёлаў у Вільні, 2 жніўня 1926 року атрымала манаскае імя Марыя Вацлава. Вечныя абяцаньні склала 2 жніўня 1933 у Кальварыі. Зь вясны 1933 року знаходзілася ў манаскай суполцы ў Прыцюнах пад Вільняй. Спаведнікамі містычкі былі ксёндз Тадэвуш Макарэвіч і ксёндз Чэслаў Барвіцкі.

У 1934 року, у Вялікі чацьвер, атрымала стыгматы. Мела незагойныя раны на руках, ступнях, галаве, правым баку і тулаве, ды раны ад бічаваньня. Раны зьяўляліся пераважна па абедзе ў чацьвяргі ды пятніцы, а найбольш у вялікім посьце і Вялікім тыдні. Паводле згадак сьведкаў, мела дар прароцтва, неядзеньня і аздараўленьня. Духоўным кіраўніком быў архібіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі[3]. У 1944 року трапіла ў прытулак для невылечна хворых.

У паваенны час Сёстры ад Анёлаў хавалі ў сваёй грамадзе ў Прыцюнах розных ксяндзоў і манахаў. 9 красавіка 1950 року НКВД знайшло ў іхнім доме ксяндза езуіта Антонія Зомбка. 11 красавіка ўсе сёстры кангрэгацыі былі арыштаваныя 11 красавіка ды абвінавачаныя ў прыналежнасьці да нелегальнага таемнага ордэну і ўкрываньні агента Ватыкану. Большую частку дасудовага зьняволеньня Ванда Банішэўская правяла ў турэмным шпіталі на Лукішках[4]. 10 лютага 1951 прыгавораная да 10 гадоў зьняволеньня[5]. Вырак адбывала ў Верхняўральску. За малітвы трапляла ў карцар, шмат хварэла, зноў праяўляліся стыгматы, але савецкія лекары не маглі даць ім рады. 22 жніўня 1956 вызваленая і трапіла ў рэпатрыяцыйны пункт у Быкаве пад Масквой, 15 кастрычніка выехала ў Польшчу.

У Польшчы жыла ў дамох свайго ордэну ў Беластоку, Люткоўцы пад Варшавай, Чанстахове. У 1958 была накіраваная ў псыхіятрычны шпіталь[3]. У 1960-я перанесла апэрацыю па выдаленьні пухліны мозгу. У 1980-я яе зьбіў аўтамабіль, пасьля чаго да канца жыцьця яна не магла нармальна хадзіць. З 1988 року жыла ў Канстанціне. Памерла 2 студзеня 2003 ў Хыліцах (прадмесьці Канстанціна-Язёрны).

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2008 року ў Польшчы пра жыцьцё Ванды Банішэўскай зьняты тэлевізыйны спэктакль „Стыгматычка“ рэжысэра Войехца Новака[6].

4 жніўня 2020 року Апостальская сталіца ня ўбачыла перашкодаў да бэатыфікацыі стыгматкі. Бэатыфікацыйны працэс з ініцыятывы Сёстраў ад Анёлаў распачаўся 9 лістапада таго ж року ў Варшаўскай архідыяцэзіі[7][8].

  1. ^ https://www.przewodnik-katolicki.pl/Archiwum/2020/Przewodnik-Katolicki-40-2020/Wiara-i-Kosciol/Znak-sprzeciwu-dla-swiata
  2. ^ Wanda Boniszewska (анг.) The Hagiography Circle Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  3. ^ а б Gryczyński, Michał (24 красавіка 2003) Stygmatycy - żywe ikony Męki Pańskiej (пол.). Fundacja Opoka. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  4. ^ Жарнасек, Ірына Маўклівы сьведка. Наша вераПраверана 8 сакавіка 2021 г.
  5. ^ s. Wanda Boniszewska (1907-2003) (пол.). Zgromadzenie Sióstr od Aniołów. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  6. ^ Stygmatyczka (пол.) FilmPolski Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  7. ^ Proces beatyfikacyjny s. Wandy Boniszewskiej – rozpoczęty (пол.). Archidiecezja Warszawska (9 лістапада 2020). Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  8. ^ Марціновіч, Юры (10 лістапада 2020) Распачаўся бэатыфікацыйны працэс сястры Ванды Банішэўскай, якая нарадзілася на Гарадзеншчыне Праверана 8 сакавіка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]