Перайсьці да зьместу

Бурса (навучальная ўстанова)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Бурса — духоўная вучэльня з інтэрнатам (першапачатковае значэньне — «кішэня, гаманец»). У Сярэднявеччы слова «бурса» азначала агульную касу якога-небудзь хаўрусу або ўстановы, напрыклад, кляштару, братэрства і інш.; затым яго сталі ўжываць пераважна да касы інтэрнату навучэнцаў і да самога памяшканьня інтэрнату.

Такія інтэрнаты пад назвай Бурс узьніклі раней за ўсё ў Францыі, дзе большай часткай на сродкі дабрачынцаў (потым і за плату) студэнтам унівэрсытэтаў прадастаўлялася агульная кватэра, прычым студэнты, якія жылі тут разам (яны называліся Bursarii або Bursiati) знаходзіліся пад строгім наглядам, ня сьмелі выходзіць без дазволу, павінныя былі апранацца згодна з прадпісаньнямі й г.д. Інстытут гэты быў распаўсюджаны і ў іншых краінах і вельмі часта меў характар толькі прыватнага прадпрыемства. У Францыі да гэтага часу існуе пад гэтай назвай (Bourse) мноства бязвыплатных вакансіяў у пансіёнах пры навучальных установах або стыпэндыяў для навучэнцаў. Сродкі на гэты прадмет даюцца дзяржавай, дэпартамэнтамі і суполкамі. У 1888 г. францускі ўрад выдаткаваў на бурсы каля 5 млн франкаў, зь якіх 3 150 000 франкаў на бурсы пры сярэдніх навучальных установах, ліцэях і калегіях, 924 000 на бурсы пры элемэнтарных школах, астатнія — на бурсы пры вышэйшых навучальных установах.

У Расеі пад назвай «бурса» вядомы быў перш за ўсё спэцыяльны інтэрнат пры Кіеўска-брацкіх вучэльнях (затым Кіеўская духоўная акадэмія). Ён узьнік у першай палове XVII стагодзьдзя за Пятром Магілам, які пераўтварыў багадзельню, што знаходзілася пры вучэльні, у пастаяннае памяшканьне для выхаванцаў, якія мелі ў гэтым патрэбу. Іх колькасьць была вялікая (ад 200 да 500). Становішча выхаванцаў, якія жылі ў бурсе (так званых бурсакаў), ужо напрыканцы XVII стагодзьдзя становіцца, аднак, вельмі незайздросным: жыльлё, ежа, адзеньне, якія прапаноўваліся ім бязвыплатна, былі вельмі бедныя, і звычайным сродкам падтрымаць матэрыяльнае становішча бурсы лічыўся напрыканцы XVII і на працягу амаль усяго XVIII стагодзьдзя збор добраахвотных міласьцяў, якія даваліся самімі выхаванцамі. Апошнія ўрачыста абіралі для гэтага са свайго асяродзьдзя штогод двух так званых прэфэктаў, некалькіх асыстэнтаў і сакратароў; гэтым выбарным уручалася адмысловая кніга (Album), зь якой яны абыходзілі кіеўскіх грамадзянаў і жыхароў навакольля. Акрамя таго, многія бурсакі складалі сабою паходныя арцелі, каб сьпевам кантоў, чытаньнем прамоваў і вершаў, прадстаўленьнем розных п’есаў, адпраўленьнем царкоўных службаў і г. д. зарабіць патрэбныя ім сродкі. У другой палове XVIII ст. становішча кіеўскай бурсы пачынае паляпшацца: за мітрапалітам Арсеніем Магілянскім яна была пераведзеная з драўлянага будынка ў каменны; у 1786 г. збор ахвяраваньняў выхаванцамі быў канчаткова забаронены.

Ад Кіеўскай духоўнай акадэміі назва перайшла наагул на ўсе інтэрнаты пры духоўных навучальных установах, асабліва пры сэмінарыях. У першай палове XX стагодзьдзя стан гэтых бурсаў быў яшчэ вельмі варты жалю: скрайняя неахайнасьць і занядбанасьць памяшканьняў, злоўжываньні пры забесьпячэньні выхаванцаў ежай і адзеньнем, антыгігіенічныя ўмовы жыцьця, жорсткасьць ў звароце з выхаванцамі, нерацыянальныя пэдагагічныя прыёмы (застрашваньне, узбуджэньне варожасьці паміж бурсакамі і інш.) — усё гэта рабіла значэньне тагачасных бурсаў даволі адмоўным. На працягу наступных 30—35 гадоў ва ўнутраным ладзе сэмінарскіх бурсаў адбыліся значныя зьмены да лепшага.

  • Булгакаў М. Гісторыя Кіеўскай духоўнай акадэміі. — СПб, 1843.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]