Перайсьці да зьместу

Гаўтама Буда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Буда Шак’ямуні»)
Буда Сак’ямуні
गौतम बुद्ध
Дата нараджэньня каля 563 да н. э.
Месца нараджэньня
Дата сьмерці каля 483 да н. э.
Месца сьмерці
Кірунак Шляхетная Васьмёркавая Сьцежка, нірвана[d] і дгарма
Аказалі ўплыў Dīpankara Buddha[d]
Вучні Khema[d], Bimbisara[d], Gyalpo Dawa Zangpo[d][1], Sharibu[d][1], Maitreya-nātha[d][1], Gawo[d][1], Lobpön Magakpa[d][1], Küngawo[d][1], Drachompa Nyewa Khor[d][1] і Mah maudgalyana[d][1]

Буда Гатама, Шак’ямуні, Сак’ямуні (Санскрыт: गौतम बुद्ध; 563 да н. э. — 483 да н. э.) — індыйскі мудрэц і настаўнік, легендарны заснавальнік будызму[2], жыў у паўночна-ўсходняй частцы Індыйскага субкантынэнту, стваральнік вучэньня «Чатырох шляхетных праўдаў». У большасьці будыйскіх традыцыяў ён лічыцца Вярхоўным Будам, што значыць «абуджаны» альбо «асьветлены». Час ягонага нараджэньня й сьмерці дакладна невядомы, але большасьць гісторыкаў адносяць ягонае жыцьцё да 563483 гадоў да н. э.[3], паводле некаторых зьвестак дата сьмерці вызначаецца паміж 411 і 400 гадамі да н. э.[4] Па традыцыі, Гаўтама, як кажуць, нарадзіўся ў невялікай дзяржаве Капілавасту, на тэрыторыі, дзе цяпер знаходзіцца Нэпал, а потым навучаўся ў першую чаргу ва ўсіх рэгіёнах Усходняй Індыі, як то Магадга й Кашалы[5][6].

Гаўтама, вядомы таксама пад імём Шак’ямуні («Мудрэц з роду Шак’яў»), зьяўляецца галоўнай фігурай у будызьме, і апавяданьні пра ягонае жыцьцё, ягоныя дыскурсы, манаскія правілы, якіх цяпер прытрымліваюцца будысты, былі абагульнены пасьля ягонай сьмерці й захаваныя ягонымі пасьлядоўнікамі (гл. Трыпітака). Розныя калекцыі вучэньняў, як лічыцца, былі перададзены ім праз вусную традыцыю, і ўпершыню былі пісьмова зафіксаваны прыкладна праз 400 гадоў пасьля ягонай сьмерці. Ён таксама лічыцца богам альбо прарокам у іншых сусьветных рэлігіях ці канфэсіях, як то індуізм, ахмадыя[7] і веры багаі.

Асноўныя вучэньні й практыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першымі словамі Буды пасьля Абуджэньня былі: «О, як жа цудоўна! Кожная істота без выключэньня зьяўляецца Будам».

Чатыры шляхетныя праўды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Буда пасьля Абуджэньня дзеліцца ведамі зь Пяцю Аскетамі, першымі вучнямі і пасьлядоўнікамі, у Парку Газеляў у Сарнасе.

Сутнасьць альбо падставовыя погляды Абуджанага выкладзеныя ў Чатырох Шляхетных Праўдах (Палі: cattāri ariya saccāni; Санскрыт: catvāry ārya satyāni), сфармуляваных ім падчас першага казаньня ў Парку Газеляў у Сарнасе. Чатыры Шляхетныя Праўды прымаюцца ўсіма традыцыямі Будызму без выключэньня. Гэта:

  1. Першая Шляхетная Праўда аб Цярпеньні (Палі: dukkha ariya sacca; Санскрыт: arya duhkha satya) — «Народзіны ёсьць цярпеньне, старэньне ёсьць цярпеньне, сьмерць ёсьць цярпеньне; роспач, нараканьне, боль і напружаньне ёсьць цярпеньне; павязаньне зь непажаданым ёсьць цярпеньне; расстаньне з пажаданым ёсьць цярпеньне; не дасягненьне пажаданага ёсьць цярпеньне.»[8]
  2. Другая Шляхетная Праўда аб Прычыне Цярпеньня (Палі: dukkha samudayo ariya sacca; Санскрыт: arya samudaya satya) — прычынай цярпеньня ёсьць жаданьне — «Гэта, мніхі, Шляхетная Праўда аб Прычыне Цярпеньня: жаданьне, якое стварае далейшае станаўленьне (перанараджэньне) — якое суправаджае запал і захапленьне, што знаходзіць радасьць то тут, то там — жаданьне пачуцьцёвае прыемнасьці, жаданьне станаўленьня, жаданьне небыцьця.»
  3. Трэцяя Шляхетная Праўда аб Спыненьні Цярпеньня (Палі: dukkha nirodho ariya sacca; Санскрыт: arya nirodha satya) — «поўнае зьнікненьне й спыненьне, адмова, пакіданьне, вызваленьне, адпусканьне жаданьня.»
  4. Чацьвёртая Шляхетная Праўда аб Сьцежцы, якая праводзіць да Вызваленьня (Палі: dukkha nirodha gāmini paṭipadā ariya sacca; Санскрыт: arya mārga satya) — шляхам да спыненьня цярпеньня зьяўляецца Шляхетная Васьмёркавая Сьцежка — адпаведны погляд, адпаведнае рашэньне, адпаведная мова, адпаведнае дзеяньне, адпаведнае жыцьцё, адпаведнае імкненьне, адпаведнае засяроджаньне, адпаведная медытацыя.[9]

Далейшыя навукі вынікаюць з Чатырох Шляхетных Праўдаў, складаюць іхні аналіз і разьвіцьцё. Аднак для іх правільнага зразуменьня неабходна таксама зразуменьне дактрыны нетрываласьці й браку вечнага «я» (Палі: anattā, Санскрыт: anatman), г.зн. факту, што ўсе зьявы пазбаўленыя трывалай «істоты»/субстанцыі — ёсьць пустыя і існуюць ва ўзаемнай залежнасьці й ніколі не зьяўляюцца незалежнымі ад умоваў.

Шляхетная Васьмёркавая Сьцежка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шляхетная Васьмёркавая Сьцежка (таксама: Васьміасьпектавая) ёсьць сьцежкай практыкі. Прытрымліваньне ейных радаў і ўказаньняў, сабраных у васьмі пунктах (адтуль яе і назва) мае праводзіць да поўнага зьнікненьня цярпеньня і, адпаведна, канчатковага пераходу абуджанай істоты з самсары да Нірваны. Шляхетная Васьмёркавая Сьцежка вынікае з Чацьвёртай Шляхетнай Праўды, Праўды аб Сьцежцы, якая праводзіць да Спыненьня Цярпеньня. Буда мовіў навуку, што дзякуючы цнатлівасьці, ведам і засяроджаньню можна дасягнуць дасканаласьці — Абуджэньня — а Чатыры Шляхетныя Праўды й Шляхетная Васьмёркавая Сьцежка вызначаюць дарогу, якая вядзе да дасягненьня гэтай мэты.

Восем сьпіцаў Кола Дгармы сымбалізуюць Шляхетную Васьмёркавую Сьцежку

Для таго, каб цалкам зразумець Чатыры Шляхетныя Праўды, Буда раіў ісьці Шляхетнаю Васьмёркаваю Сьцежкаю, якая складаецца з:

  1. Слушны Погляд — пазнаньне Чатырох Шляхетных Праўдаў (Палі: sammā-diṭṭhi; Санскрыт: samyak-dṛṣṭi)
  2. Слушчане Рашэньне — гэта рашэньне адмовы ад злой волі й адступленьне ад выкліканьня любой крыўды (Палі: sammā-saṅkappa; Санскрыт: samyak-saṃkalpa)
  3. Слушнае Слова — устрыманьне ад хлусьні, ад мовы выклікаючай непаразуменьні паміж людзьмі («дзелячай» мовы), абразьлівай мовы, пустаслоўя (Палі: sammā-vācā; Санскрыт: samyak-vāc)
  4. Слушны Чын — гэта ўстрыманьне ад забойства, ад крадзежы, ад няскромнасьці (Палі: sammā-kammanta; Санскрыт: samyak-karmānta)
  5. Слушнае Зарабкаваньне — гэта ўстрыманьне ад зарабкаваньня, якое прыносіць шкоду іншым істотам, такога як: рыбалоўства, гандаль зброяй, жывымі істотамі альбо іх целамі, алкаголем і іншымі наркотыкамі, атрутай, на бойні, у вайсковых структурах, зьвязаных з хлусьнёй, здрадай, прадказаньнем будучыні, ашукваньнем, выкарыстаньнем і г. д. (Палі: sammā-ājīva; Санскрыт: samyak-ājīva)
  1. Слушны Высілак — гэта намеры й высілак, якія не дазваляюць паўстаньня злых, а спрыяюць паўстаньню добрых мэнтальных уласьцівасьцяў. (Палі: sammā-vāyāma; Санскрыт: samyak-vyāyāma)
  2. Слушная Ўважлівасьць — захаваньне ўважлівасьці ва ўсім, што прадпрымліваецца (Палі: sammā-sati; Санскрыт: samyak-smṛti)
  3. Слушная Мэдытацыя — імкненьне да дасягненьня станаў, у якіх зьнікае «эга» (Палі: sammā-samādhi; Санскрыт: samyak-samādhi)[10][11]

Санскрыцкае samyak і Палійскае sammā значаць тое, што «зьвярнуцца да аднаго», «адвярнуцца ад рэшты», «цэлы», «увесь», «правільны», «уласьцівы», «праўдзівы». Шляхетная Васьміасьпектавая Сьцежка разглядаецца некаторымі Будыйскімі школамі/традыцыямі як асобныя ўзроўні разьвіцьця, празь якія мусіць прайсьці практыкуючы. У голас гэтаму погляду, пазнаньне й рэалізацыя аднаго прыступку, праводзіць як наступства да наступнага. Існуе таксама супрацьлеглы погляд, які раіць разьвіваць усе аспэкты адначасова (кола зь няроўнымі сьпіцамі не паедзе).

Шляхетная Васьміасьпектавая Сьцежка дзеліцца часта на тры «суполкі» правілаў, якія са-ствараюць і даакрэсьліваюць асноўныя цнатлівасьці: мудрасьць (Палі: paññā; Санскрыт: prajñā), маральнасьць (Палі: sīla; Санскрыт: śīla) і засяроджаньне (Палі: samādhi; Санскрыт: samādhi)[12].

Мэдытацыя — працэс самапаглыбленьня з мэтай самадасканаленьня, пры якім істота застаецца сам на сам са сваёю сьвядомасьцю. Мэтай медытацыі зьяўляецца дасягненьне стану браку думак альбо стану розуму, «які нагадвае прастору» (стану пусткі), Вызваленьне з Кола Перанараджэньняў, дасягненьне спакою, зьнішчэньне (цярпеньня), разьвіцьцё мудрасьці, дасягненьне Асьвятленьня, стану Нірваны, атрыманьне непасрэдных ведаў, паляпшэньне здароўя і такім чынам прадаўжэньне працягласьці жыцьця з мэтай дапамагчы іншым істотам вызваліцца зь цярпеньня і г. д.[13]

Карма альбо карман з санскрыту कर्म (Палі: kamma) зьяўляецца падставовым і вельмі важным паняцьцем Навукі Абуджанага. Даслоўна гэта слова азначае «дзеяньне» альбо «чын»; што-кольвек нехта робіць, гаворыць альбо думае паўстае карма. У Будыйскім значэньні не азначае выніку, які акрэсьліваецца як плён (Санскрыт, Палі: vipaka), эфэкту альбо прызначэньня. Правіла прычыны і наступства называецца ў мове Палі kamma-vipaka (дзеяньне-плён) і гаворыць, што кожны ўчынак мае свае наступствы — добрыя ўчынкі вяртаюцца ў выглядзе шчасьця, злыя ўчынкі — у выглядзе цярпеньня.

Карма зьяўляецца рухавіком, які прыводзіць у рух кола цыклу некантраляванага перанараджэньня. Карме падлягаюць усе неасьветленыя істоты.

Істоты праз свае чыны зьбіраюць досьвед у розуме, нэгатыўны альбо пазітыўны, у залежнасьці ад таго, ці зьяўляюцца яны карысныя для іншых істотаў, ці шкодныя. У эфэкце свайго дзеяньня істота засявае кармічнае насеньне ў розуме, калі будуць прысутнічаць наступныя чыньнікі:

  1. Сьвядомасьць палажэньня ў якім знаходзіцца
  2. Намер зьдзяйсьненьня чыну й плян ягонага выкананьня
  3. Зьдзяйсьненьне чыну альбо намаўленьне каго-небудзь да яго зьдзяйсьненьня
  4. Задавальненьне з выніку гэтага дзеяньня

У выпадку наяўнасьці ўсіх чатырох элемэнтаў кармічнае наступства зьяўляецца наймацнейшым і вынік чыну будзе найбольш інтэнсіўны. Напрыклад: кіроўца, які ненаўмысна выклікаў аварыю і зраніў пешага: (1) быў сьвядомы, што машына зьяўляецца небясьпечным сродкам перамяшчэньня і можа выклікаць аварыю й цярпеньне іншых, (2) не хацеў яго скрыўдзіць, (3) аднак гэта зрабіў, (4) зусім ня быў з таго задаволены. У гэтым выпадку пакінуты кармічны сьлед у розуме няўдалага кіроўцы будзе толькі частковы.

Асабістая і сукупная карма

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрмін кармы прымяняльны як да асобных індывідуўмаў (у вялікім скарачэньні: кожная асоба заслугоўвае на тое, што мае), так і да збору істотаў: суполка, народ (кожны народ мае тое, на што заслугоўвае; цяперашняе становішча абумоўлена папярэднімі чынамі), насельніцтва зямлі і г. д.

Указаньні — у Навуцы Абуджанага азначаюць збор парадаў альбо рэкамэндацыяў для неасьветленых асобаў, якія дазваляюць ім пазьбегнуць нэгатыўнай кармы. У розных Будыйскіх традыцыях фармулююцца ў крыху розных формах, тым ня меней іх зьмест застаецца нязьменны. Найчасьцей замест слова «наказ» адьбо «запаведзь» ужываецца менавіта слова «ўказаньне», паколькі маюць яны характар дабравольнага абавязаньня. Буда казаў, што добра іх прытрымлівацца, аднак нікому ня могуць быць навязаныя.

Першая Будыйская Запаведзь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад адбіраньня жыцьця.

У адрозьненьне ад рэлігіяў, дзе запаведзь «не забівай» адносіцца толькі да чалавека, Будыйская запаведзь мае на ўвазе кожную істоту, якая мае цела, кожнае стварэньне, якое здольна адчуваць. Словы Абуджанага з Дхамапады:

Усе дрыжаць, калі бачаць узьнесены кій.
Усе баяцца сьмерці.
Беручы самаго сябе за прыклад,
Не належыць удараць іншых
ані выклікаць, каб былі бітыя.
Усе дрыжаць, калі бачаць узьнесены кій.
Жыцьцё дорага кожнаму.
Беручы самаго сябе за прыклад,
Не належыць удараць іншых
ані выклікаць, каб былі бітыя.
У адлеглых часах існавалі толькі тры хваробы: жаданьне, голад і сапсаваньне; але з прычыны забойстваў жывёлаў яны павялічыліся да дзевяноста васьмі. (Словы Абуджанага з Сута Ніпата)
Спадару Таямніцаў!
Першасная мудрасьць усёведаючага зацьвітае з кораня спачуваньня. (Словы Абуджанага з Сутры Ўказаньня Таямніцаў Татхагаты)

Перакладаючы дадзеныя радкі на сучасную мову, Першая Будыйская Запаведзь азначае, у тым ліку, быць вэганам: ня толькі ўласнаруч не забіваць жывых істотаў («не належыць удараць іншых»), але і не выкарыстоўваць прадукты атрыманыя ў выніку забойства: трупы, органы, мускулатура, скура і г. д. («ані выклікаць, каб былі бітыя»).

  1. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад адбіраньня жыцьця.
  2. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад браньня таго, што ня дадзена.
  3. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад злога (неадпаведнага, няправільнага) сэксуальнага чыну.
  4. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад неадпаведнай мовы.
  5. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад спажываньня ап’яняльных напояў і наркотыкаў, якія праводзяць да неразважлівасьці.

Прытрымліваньне прынамсі Пяці Ўказаньняў, а таксама прыняцьце прыстанішча ў Трох Каштоўнасьцях адрозьнівае вучня Буды ад небудыста.

  1. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад адбіраньня жыцьця.
  2. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад браньня таго, што ня дадзена.
  3. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад злога (неадпаведнага, няправільнага) сэксуальнага чыну.
  4. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад неадпаведнай мовы.
  5. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад спажываньня ап’яняльных напояў і наркотыкаў, якія праводзяць да неразважлівасьці.
  6. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад прыняцьця ежы ў неадпаведным часе (належыць прымаць пасілак адзін раз на дзень да палудня).
  7. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад танцаў, сьпеваў, музыкі, наведваньня забаўляльных мерапрыемстваў, нашэньня гірляндаў, выкарыстаньня парфумаў і касьметыкі для ўпрыгожваньня цела.
  8. Абавязуюся прытрымлівацца запаведзі, устрымлівацца ад выкарыстаньня высокіх альбо вялікіх ложкаў.

Мніхі прытрымліваюцца дадаткова шэрагу ўказаньняў, большасьць зь якіх зьяўляецца разьвіцьцём альбо паглыбленьнем Васьмі Ўказаньняў. Так напрыклад Трэцяе Ўказаньне для мніха азначае нават не дакранацца да жанчыны. Каб утрымліваць цела і розум у чысьціні, мніхі вучацца шанаваць усіх жанчынаў і трактаваць старэйшых жанчынаў як матак, равесьніцаў як сёстраў, а малодшых жанчынаў як дачок. Акрамя таго мніхі не карыстаюцца грашыма («золатам і срэбрам»), прытрымліваюцца шэрагу правілаў этычнага захаваньня. Да цярпеньня, між іншым, праводзіць таксама позьняя пара начнога адпачынку.

Погляд на Навуку Буды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шляхетная Васьмёркавая Сьцежка дае магчымасьць разглядаць Будызм як тры фундамэнтальныя практыкі:

  • Маральная дысцыпліна (належнае слова, належны чын, належнае зарабкаваньне)
  • Медытацыйная ўраўнаважанасьць (адпаведнае імкненьне, адпаведнае засяроджаньне, адпаведная медытацыя)
  • Дасканалая мудрасьць (уласьцівы погляд, уласьцівае мысьленьне)

У даслоўным перакладзе з палі і санскрыту, моваў найстарэйшых будыйскіх тэкстаў, «Навука Абуджанага».

Клясыфікаваньне будызму як рэлігіі зьяўляецца памылкай, паколькі «Навука Абуджанага» не грунтуецца на веры ў кагокольвек альбо штокольвек, у тым ліку не грунтуецца на веры ў кіруючага сьветам Бога. Буда заўсёды адзначаў, што навучае аб «цярпеньні й канцы цярпеньня», а ягоныя навукі павінны мець перадусім практычнае прымяненьне й служыць вызваленьню зь цярпеньня.[14][15] Стаўленьне Буды да рэлігіяў адлюстроўвае прыповесьць «Ці існуе Бог?», а таксама наступныя словы Абуджанага:

У нічога ня вер, незалежна ад таго, дзе гэта прачытаў альбо хто табе гэта сказаў, нават калі я гэта сказаў, у выпадку калі гэта не згаджаецца з тваім разуменьнем сьвету й здаровым глуздам. Распаўсюджаны Будыйскі выраз. Паўстаў, магчыма, на падставе Словаў Буды з Каляма Суты.
Чалавек, які ёсьць вольны ад сьляпой веры, які ведае тое, што не было створанае, адрэзаў усе турботныя абмежаваньні, выдаліў усе прычыны (выклікаючыя каму, добрыя і злыя) і які адкінуў усе жаданьні — зьяўляецца сапраўды найвыбітнейшым зь людзей. (97 верш Дхамапады)
Ня верце ў якія-кольвек пасланьні толькі таму, што праз доўгі час абавязвалі ў многіх краінах. Ня верце ў нешта толькі таму, што многія людзі на працягу доўгага часу тое паўтараюць. Не прымайце нічога толькі з нагоды, што нехта іншы гэта сказаў, што падтрымлівае тое сваім аўтарытэтам нейкі мудрэц альбо каплан, альбо што напісана тое ў нейкім сьвятым пісаньні. Ня верце ў нешта толькі таму, што гучыць праўдападобна. Ня верце ў бачаньні альбо ўяўленьні, якія лічыце за пасланыя Богам. Майце давер да таго, што прынялі за праўдзівае па доўгім правяраньні, да таго што прыносіць посьпех вам і іншым. (Словы Буды з Каляма Суты)
Мніхі і вучоныя!
Так як выпальваецца, выразаецца і паліруецца золата,
Так таксама належыць дасьледваць мае словы
І не прымаць іх адно толькі з павагі да мяне. (Словы Буды з Сутры Гірлянды Кветак)
Субхуці! Хто ня мае канцэпцыі на тэму Буды,
Той ня думае таксама аб Дхарме і Саньзе.
У гэты спосаб уваходзіцца ў праўдзівую існасьць. (Словы Буды з Праджняпараміты)
  1. ^ а б в г д е ё ж Buddhist Digital ArchivesBuddhist Digital Resource Center.
  2. ^ «The Buddha, His Life and Teachings»(недаступная спасылка). Buddhanet.net.
  3. ^ «The dating of the historical Buddha: a review article», Journal of the Royal Asiatic Society
  4. ^ «The Date of the Historical Śākyamuni Buddha» (2003) Edited by A. K. Narain. B. R. Publishing Corporation, New Delhi. ISBN 81-7646-353-1.
  5. ^ Warder, A.K. «Indian Buddhism». 2000. p. 45
  6. ^ Skilton, Andrew. «A Concise History of Buddhism». 2004. p. 41
  7. ^ Islam and the Ahmadiyya jamaʻat. Retrieved on February 2011
  8. ^ http://www.accesstoinsight.org/tipitaka/sn/sn56/sn56.011.than.html
  9. ^ https://web.archive.org/web/20071012132724/http://theravada.int.pl/projektdhamma/sacca.htm
  10. ^ https://web.archive.org/web/20071017143821/http://theravada.int.pl/projektdhamma/sacca4.htm Szlachetna Prawda o Ścieżce Wiodącej do Zniszczenia Cierpienia — polskie tłumaczenie tekstów z Tipitaki; oryginał z www.accesstoinsight.org
  11. ^ Партал тлумачэньня Будыйскіх тэкстаў http://sasana.wikidot.com/magga
  12. ^ The Noble Eightfold Path — The Way to the End of Suffering; Bhikkhu Bodhi
  13. ^ «Тыбецкая Кніга Жыцьця і Паміраньня» Сог’ял Рынпочэ (назва арыгіналу The Tibetian Book of Living and Dying by Sogyal Rinpoche; у польскім перакладзе «Tybetańska Księga Życia i Umierania» Sogjal Rinpocze http://wyborcza.pl/1,75517,2891488.html)
  14. ^ Партал тлумачэньня Будыйскіх тэкстаў sasana.pl «Мастацтва жыцьця — медытацыя погляду» (на польскай), http://sasana.wikidot.com/sztuka-zycia-medytacja-wgladu
  15. ^ Stephen Batchelor «Будызм бязь вераваньняў» (на польскай), https://web.archive.org/web/20130729185851/http://www.buddyzm.edu.pl/cybersangha/page.php?id=925

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]