Перайсьці да зьместу

Беластоцкае гета

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беластоцкае гета, 19411943

Беласто́цкае ге́тажыдоўскае гета ў Беластоку, створанае нацыстамі ў пэрыяд акупацыі Беларусі.

Беласток пачаткова быў акупаваны нямецкімі войскамі 15 верасьня 1939 року, але паводле ўмоваў пакту Молатава-Рыбэнтропа быў перададзены ў склад БССР. З акупаванае Нямеччынай тэрыторыі Польшчы сюды ўцяклі каля 8-10 тысячаў чалавек.

26 чэрвеня 1941 року пасьля нападу на СССР нямецкія войскі занялі Беласток, які 15 жніўня з акругай (па-нямецку: Bezirk Bialystok) быў улучаны непасрэдна ў склад Трэцяга Райху.

Ужо на другі дзень акупацыі нацысты зладзілі ў месьце пагром, які пазьней атрымаў назву «Чырвоная пятніца». Было забіта 2000 жыдоў, большая частка якіх згарэлі жыўцом у будынку Старой сынагогі, траціна жыдоўскіх хат былі зруйнаваныя[1][2].

3 ліпеня і 12 ліпеня 316-м і 322-ім батальёнамі дапаможнай паліцыі былі зладжаныя чарговыя лапанкі, у выніку больш за пяць тысячаў жыдоў былі забітыя на ўскрайку места[2]. На загад акупацыйных уладаў 26 ліпеня быў сфармаваны юдэнрат, кіраўніком якога стаў прадпрымальнік і сіянісцкі дзяяч з Ваўкавыску Эфраім Бараш[3][4]. Паводле іншых зьвестак, кіраўніком стаў рабін Гедалья Розэнман, а Бараш быў ягоным намесьнікам, які ажыцьцяўляў фактычнае кіраваньне[2]. Усе жыды былі абавязаныя насіць жоўтыя зоркі на сьпіне і грудзёх.

1 жніўня 1941 року пяцьдзясят тысячаў жыдоў Беластоку былі пераселеныя ў гета, разьмешчанае па абодва бакі ракі Бяла[5].

Эфраім Бараш лічыў, што аддаліць ліквідацыю гета можа толькі маштабная вытворчасьць неабходных немцам тавараў, таму неўзабаве ў Беластоцкім гета зьявілася болей за дваццаць заводаў, на якіх выпускалі ваенную і тэкстыльную прадукцыю[2][5]. Дзейнічалі таксама так званыя «супавыя» (бясплатныя) кухні, пункт першай дапамогі, дзіцячыя дамы, дом для састарэлых, школа. Частка жыдоў працавала ў Ваўкавыску і вёсцы Маркаўшчызна(pl)[6].

18-21 верасьня 1941 4-4,5 тысячы беластоцкіх жыдоў былі дэпартаваныя ў Пружану. Частка зь іх нелегальна вярнулася ў Беласток, астатнія былі зьнішчаныя падчас ліквідацыі тамтэйшага гета.

Нямецкае камандаваньне плянавала зладзіць першую дэпартацыю беластоцкіх жыдоў у лістападзе 1942 року, аднак ягоная высокая «прадукцыйнасьць» прымусіла нацыстаў адтэрмінаваць свае пляны[2].

Першая група насельнікаў гета — прыкладна 10 000 чалавек — была высланая ў лягер сьмерці Трэблінка 5-12 лютага 1943, хоць у самой акрузе ўсе гета былі ліквідаваныя да сакавіка 1943.

У жніўні 1943 нацысты прынялі рашэньне пра канчатковую ліквідацыю Беластоцкага гета. У гэты час яно мела каля 30 000 насельнікаў. Уночы з 15 на 16 жніўня яно было акружанае трыма кольцамі нямецкіх войскаў. Зранку 16 жніўня былі вывешаныя абвесткі пра неабходнасьць збору ўсіх ягоных насельнікаў нібыта для перасяленьня ў Люблін.

У адказ у гета выбухнула паўстаньне, у якім прынялі ўдзел некалькі соцень чалавек. Арганізаваны супраціў быў здушаны 20 жніўня, асобныя купкі паўстанцаў змагаліся цягам месяцу. 18 жніўня пачаліся дэпартацыі. Большасьць жыдоў былі дэпартаваныя ў Майданэк, Панятову, Блізын і Асьвенцым; толькі прыкладна сотня насельнікаў гета здолела ўцячы і далучыцца да партызанскіх атрадаў у рэгіёне. Астатнія (каля 2000 чалавек) былі дэпартаваныя ў Майданэк праз тры тыдні[7].

Вядомыя насельнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. 1 2 3 «Хроника Белостокского гетто» (рас.) // Лехаим
  2. 1 2 3 4 5 Дан Михман, Михаил Хейфец. Катастрофа европейского еврейства. — Тель-Авив: Открытый Университет. Израиль, 1995. — 474 с. — ISBN 965-06-0233
  3. Яд ва-Шем. Энциклопедия Катастрофы, избранные статьи — Белосток.
  4. Efraim Barasz — Chairman of the Bialystok Judenrat (анг.)
  5. 1 2 3 Израиль. «Яд ва-Шем»: «Диалог с Б-гом» (рас.)
  6. «Obozy hitlerowskie na ziemiach polskich 1939—1945. Informator encyklopedyczny.», Warszawa 1979 r., s. 101.
  7. The Holocaust in Bialystok (анг.). We Remember Jewish Bialystok!. Праверана 26 кастрычніка 2011 г.
  8. Артыкул «Тененбаум Мордехай» у Электроннай габрэйскай энцыкляпэдыі  (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]