Бацярства
Баця́рства, львоўскія бацяры (укр.: львівські батяри) — львоўская субкультура, якая існавала з сярэдзіны XIX да сярэдзіны XX стагодзьдзя. Назва «бацяр», верагодна, паўстала ад вугорскага «betyar», што азначае асобу, якая мае дзіўныя погляды і зьдзяйсьняе непрадказальныя ўчынкі, авантурыста, валацугу[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Львоўскія бацяры паўсталі на Лычакаві і Пагулянцы, ў парку «Пагулянка». Там былі для гэтага ідэальныя перадумовы: Пагулянка была цэнтрам львоўскіх забавак. Бацяры гуртуюцца вакол «садкоў» — пабаў пры мясцовых броварах. Першыя (у першай палове XIX стагодзьдзя) бацяры былі хуліганамі, гультаямі і кішэннікамі[2].
З часам яны перасталі красьці і буяніць, затое ўсяляк пачалі высьмейваць Аўстра-Вугорскую імпэрыю. Вядомая гісторыя, калі бацяр, гуляючы па плошчы Рынак, голасна заявіў, што «мае імпэратара ў адным месцы». Яго адразу ж арыштавала жандармэрыя. Аднак бацяры нанялі яму адваката, які здолеў зьвесьці ў судзе яго віну да ўказаньня няслушнага месца знаходжаньня Франца Ёзафа І, за што яго асудзілі на два дні ў турме[3].
Бацяры набывалі забаўныя і рамантычныя рысы. Іх лозунгам служыў заклік: «Любіць Львоў, любіць жанчынаў і любіць жартаваць». Удзел асобных бацяроў на польскім баку ў польска-ўкраінскай вайне выклікала распаўсюджваньне легенды аб «геройскіх бацярах і дзецях» як галоўных стваральніках перамогі польскіх войскаў. Папулярнасьць бацяры набылі ў часы Польскай Рэспублікі, калі папулярызавалася іх мова — львоўская гвара і бацярскія песьні. З 1933 да 1939 году ў агульнапольскі этэр выходзіла рэгулярная папулярная бацярская перадача Львоўскага радыё «На вясёлай Львоўскай хвалі» (польск.: Wesoła lwowska fala), якую вялі польскія акцёры Генрык Фогельфэнгер (польск.: Henryk Vogelfänger) (Тонька) і Казімеж Вайда (польск.: Kazimierz Wajda) (Шчэпцьа)[4].
Бацяры пакінулі ў спадчыну гумарыстычна-лірычныя песенкі, анэкдоты, апавяданьні, якія сёньня называюць «бацярскім фальклёрам»[5].
У 2008 годзе Львоўская мястовая ўлада ўвяла Дзень львоўскіх бацяроў, які адбываецца 1 траўня пад заклікам «Бацяры ўсіх краінаў, яднайцеся!»[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Д. Ярісевич. Енциклопедія сучасної України. — Т. 2. — Київ, 2003. — С. 317.
- ^ Д. Ярісевич. Енциклопедія сучасної України. — Т. 2. — Київ, 2003. — С. 317.
- ^ Chłędowski Kazimierz. Pamiętniki. Galicja (1843–1880). Zakład Narodowy im. Ossolińskich – Wydawnictwo, Wrocław 2006. ISBN 83-04-04877-9. s. 304.
- ^ Наталка Космолінська, Юрко Охріменко. Homo leopolensis esse. // Часопис «Ї», https://web.archive.org/web/20140903175928/http://tyzhden.ua/Publication/3826
- ^ Chłędowski Kazimierz. Pamiętniki. Galicja (1843–1880). Zakład Narodowy im. Ossolińskich – Wydawnictwo, Wrocław 2006. ISBN 83-04-04877-9. s. 304.
- ^ Наталка Космолінська, Юрко Охріменко. Homo leopolensis esse. // Часопис «Ї», https://web.archive.org/web/20140903175928/http://tyzhden.ua/Publication/3826